Люты ў Беларусі аб’яўлены месяцам лячэбна-аздараўленчага турызму і закліканы на папулярызацыю нашых здраўніц. А аб тым, што яны карыстаюцца попытам, сведчаць самыя свежыя лічбы: на навагоднія святы ў іх пабывала максімальная колькасць чалавек – 26 тысяч, з іх 11 – замежныя, а на сакавік месцы забраніраваны на 68 працэнтаў. Ну а аб рэйтынгу нашага санаторыя гавораць наступныя факты: практычна ўсе месцы заказаны па восень уключна – засталіся невялікія “акенцы” на вясну, а на наступны дзень пасля пачатку ў снежні ранняга браніравання ўжо былі “разабраны” ўсе катэджы.
Як патрыёт свайго краю заўсёды расказваю знаёмым пра ўсё цікавае, лепшае, што ёсць на Ушаччыне. І вось цяпер з гонарам рэкламую яшчэ адзін даступны метад лячэння, што ў гэтым годзе з’явіўся ў санаторыі “Лясныя азёры”. Карбоксітэрапія! І гэта не проста навінка для нашай здраўніцы, а інавацыйны метад лячэння для вядучых курортаў як краіны, так і свету.
Працэдура не з разраду прыемных, як пераважная большасць традыцыйных. Гэта падскурны ўкол стэрыльным вуглякіслым газам у пэўныя кропкі акупунктуры, вакол суставаў, пазваночніка. Крышачку пацярпець варта, паколькі спектр дзейнасці медыцынскага газу вельмі шырокі. Гэта як распаўсюджаныя артрыты, артрозы і іншыя захворванні апорна-рухальнага апарату, так і сардэчныя, скураныя, органаў дыхання, нервовай сістэмы. “Як вызначыць, ці падыдуць яны табе, якія выпіскі з бальніцы трэба мець?” – цікавілася ад імя ўшачан ва ўрача санаторыя Анастасіі Аляксандраўны Люцько (на здымку).
Каб адкрыць новы від лячэння, санаторый абсталяваў спецыяльны кабінет, набыў апаратуру, а ўрач прайшоў абучэнне.
– Карбоксітэрапія падыдзе многім, нездарма такі шырокі спектр лячэння (прымяняецца нават у касметалогіі), аднак супрацьпаказанні ўсё ж існуюць, таму медыцынскую выпіску ад тэрапеўта варта мець. Каб не нашкодзіць, я павінна ведаць, ці існуюць вострыя формы захворванняў, імпланты ў зоне мяркуемых ін’екцый, цяжарнасць. Вы можаце падрабязна азнаёміцца з метадам праз інтэрнэт, ну а ўрач падкажа, варта пачакаць ці можна рабіць цяпер.
Мінімальны курс карбоксітэрапіі складае 5 працэдур, кошт залежыць ад колькасці ін’екцый: 10 штук – 16 рублёў.
Хоць адкрыўся кабінет толькі 15 студзеня, у дзень А.Люцько ўжо ставіць больш паўтысячы ўколаў! Зараз яе кабінет наведваюць 27 адпачываючых, а ў залежнасці ад зоны лячэння за раз робіцца ад 20 да 50 ін’екцый, якія дазіруюцца спецыяльным апаратам. “Карбоксітэрапію можна назваць моднай працэдурай. Той, хто прывык адпачываць у Карлавых Варах, адкуль і пайшла лячэбная навінка, ці на іншых СПА-курортах, і ў Беларусі шукае здраўніцы з гэтым метадам. Так што выдатна, што ён з’явіўся і ў “Лясных азёрах” – запатрабаваны дакладна будзе, – расказвае ўрач. – Ды і наш вопыт сведчыць, што рэкламаваць працэдуру асабліва не трэба – пацыенты з’явіліся адразу пасля адкрыцця кабінета. Эфект наступае і ад адной працэдуры. Так кажуць адпачываючыя, а я 2,5 гады ставіла газавыя ўколы ў іншым санаторыі, ды і на сабе правярала.
Вольга Караленка.