Ушачские правоохранители и спасатели искали в лесу заблудившегося грибника с детьми

Общество

У суботу ўсёй сям’ёй наведалі сваю дачу ў Забалацці Кубліцкага сельсавета. Вольны час праводзім там часта, а ў грыбную пару нельга было не вырвацца на ўлонне прыроды. Пакуль я занялася справамі па гаспадарцы, на ціхае паляванне адправіўся муж з 10-гадовым сынам, ніякімі ўгаворамі нельга было пакінуць дома і ўдвая меншую дачушку, якая ўчапілася за бацькам і братам. Надвор’е было цудоўнае, да таго ж муж раней незлічоную колькасць разоў выбіраўся за дарамі прыроды ў навакольны лес і, здавалася, хвалявацца не было ніякіх падстаў, але… Занепакоілася я праз пару гадзін, калі патэлефанаваўшы сваім грыбнікам, пачула мелодыі мабільных тэлефонаў мужа і сына ў хаце – з сабой яны іх не ўзялі. Надыходзіў вечар, разам з прыцемкам нарастала трывога за родных, і а 20-й гадзіне я ў роспачы набрала нумар 101.

На тым канцы проваду мяне ўважліва выслухалі і неўзабаве аператыўна арганізавалі сапраўдную пошукавую аперацыю, у якой аказаліся задзейнічаны людзі ў пагонах амаль з усіх раённых службаў. Я вельмі ўдзячна за прафесіяналізм выконваючаму абавязкі начальніка Ушацкага РАУС А.Марозаву, оперупаўнаважанаму А.Бандарэнку, міліцыянеру-вадзіцелю Д.Жарнасеку, дзяжурнаму інспектару Я.Сынкову, выратавальнікам райаддзела па надзвычайных сітуацыях з аварыйна-выратавальнага паста аг.Вялікія Дольцы С.Бугаю і С.Лісоўскаму, міліцыянеру-кінолагу ўшацкага аддзялення аховы А.Бутоўскаму – пошукі ўпарта працягваліся нягледзячы на тое, што сабака неўзабаве страціў след, які абарваўся ля адной з лужын. Разам з прыгаданымі супрацоўнікамі ў аперацыі прымалі ўдзел старшы следчы райаддзела следчага камітэта С.Шайтар, эксперт А.Пліскевіч, да якіх далучыўся і жыхар Забалацця В.Скачыха. Ды і наогул усе вяскоўцы падтрымлівалі мяне і разам са мной не спалі практычна да фіналу пошукаў, які, дзякуй Богу, аказаўся шчаслівым – каля чатырох гадзін раніцы знерваванага мужа і спаўшых дзяцей знайшлі ля вогнішча, акрамя стрэсу і стомы ад доўгага блукання, больш яны не пацярпелі.

Ад усяго сэрца выказваю шчырую ўдзячнасць усім прыгаданым лю­дзям. Я ўпэўнілася, што ў падраз­дзяленнях нашых сілавых ведамстваў нясуць службу спагадлівыя, неабыякавыя да чужой бяды прафесіяналы. Жадаю ім поспехаў, як мага менш такіх пазаштатных сітуацый, здароўя і дабрабыту. Як і маім дарагім землякам-суседзям з Забалацця – нізкі паклон вам, добрыя людзі!

С.Федарэнка, г.п.Ушачы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *