«Троянские кони» местного розлива

Общество

У кастрычніку, як вядома, 31 каляндарны дзень. 11 з іх сёлета аказаліся выхаднымі, 22 — працоўнымі. Гэта для пераважнай большасці працуючых. Наталлі Мікалаеўне Мухе ўдалося зрабіць для сябе, любімай, 17 дадатковых “выхадных”. Лілія Францаўна Цар у “Ільюшынскім” працуе з 29 чэрвеня. А на сярэдзіну кастрычніка ўжо мела 42 прагулы. Гэта з пункту гледжання наймальніка так называюцца неадпрацаваныя без уважлівых прычын дні. У літаральна ж кожнага з тых, хто апраўдваецца перад наглядальнай камісіяй, створанай пры райвыканкаме, прычыны ўважлівыя і нават вельмі важкія. Як правіла яны хварэлі… пахмеллем, пераходзячым у запой. Ці не было настрою, ці проста не хацелася мараць рукі на ферме.
Пры гэтым Н.М.Муху раней з Судзілавіч да Кубліч падвозілі на работу на дырэктарскай “Волзе”. Маладой жанчыне на льнозаводзе прадставілі змену на выбар. Лілія Францаўна Цар з выдатнага дома з усімі выгодамі, выдзеленага гаспадаркай, перайшла жыць да маці, дзе прытулілася яшчэ трое дарослых братоў і сясцёр, а сталая жанчына пры гэтым карыстаецца паслугамі сацыяльнага работніка. А.І.Кашко неаднойчы прапаноўвалі памяняць месца працы на лепш аплачваемае, але ён адмаўляецца ад паўтара мільёна. Кажа, прывык і хапае. Яно і сапраўды, калі мужчына працуе, у каапнарыхтпраме яго хваляць, і пры гэтым у яго атрымліваецца на сто працэнтаў гасіць запазычанасць за ўтрыманне дзяцей.
Вам усё гэта нічога не нагадвае? Так, канечне ж “Траянскага каня” ў выкананні Георгія Буркова. Гэта яго кінагероя – гультая, нахабніка і выпівоху, абходжвалі на заводзе лялек, як толькі маглі. Гэта яму, а не перадавіку вытворчасці, уручылі пуцёўку на мора ў разгар сезона. Ратавалі чалавека, змагаліся за яго, а ён ад такой празмернай увагі да сваёй персоны, яшчэ больш “зазнаваўся”…
Нашы героі не такія нахабныя… але свае перавагі ведаюць. Ну, напрыклад, тое, што не звольняць іх з работы за дзень, два, тыдзень прагулаў (звычайнаму чалавеку для гэтага хапае і трох гадзін адсутнасці без уважлівых прычын). Паколькі яны абавязаныя, ім ствараюць умовы для вяртання дзяржаве сродкаў на ўтрыманне дзяцей. Паколькі яны вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, ім трэба дапамагчы ўладкавацца на працу і наогул адаптавацца…  
Канечне, паняцце рэсацыялізацыі ўзнікла не на пустым месцы. Раней судзімаму чалавеку няпроста было знайсці работу. І паглядалі на яго з асцярогай, ды і вяртацца часта проста не было куды. Зараз пачынаць жыццё з нуля прасцей у разы. І з жыллём дапамогуць, і з аднаўленнем дакументаў, і з самым асноўным – працоўным месцам. Прычым, не якім-небудзь, а на выбар. І, гледзячы, як адных і тых жа асоб члены камісіі ўгаворваюць працаваць, разумееш, што перагібы ў выхаваўчым працэсе дарослых, канечне, ёсць. А вось артыкула за дармаедства няма. Вісіць над абавязанымі асобамі дамоклавым мячом толькі 174 артыкул за больш чым 10 прагулаў за 3 месяцы і ўхіленне ад вяртання сродкаў дзяржаве, а таксама першачарговае (!) прымусовае лячэнне ад алкагалізму пры трох парушэннях працоўнай дысцыпліны. Аб тым, што гэтую катэгорыю бацькоў сваёй увагай збалавалі, пераконвае яшчэ адзін факт. Вольна паводзяць сябе: хачу працую, хачу не, яны да той пары, пакуль не выплацілі доўг на ўтрыманне дзяцей. Калі ж становяцца вольнымі ад абавязкаў, на тым жа самым месцы пачынаюць працаваць сумленна, без прагулаў. Разумеюць, што, калі страцяць работу, проста не будзе чаго есці.
Мноства работнікаў – супрацоўнікаў райвыканкама, міліцыі, суда, намеснікаў кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце – значную частку свайго часу, калі не пераважную, прысвячаюць нашым суайчыннікам, якія забыліся пра бацькоўскі доўг. Яны ведаюць пра месца жыхарства іх, іх родных і сужыцеляў, ведаюць, дзе знаходзяцца і як вучацца іх дзеці. Пра апошніх, дарэчы, ведаюць намнога больш за саміх бацькоў. Наталлі Мухе на апошняй камісіі паведамілі, што паступіла ў каледж і паспяхова вучыцца дачка. Ніякіх эмоцый на твары жанчыны ад гэтай інфармацыі я не заўважыла. Наогул, яна адна з тых трох ушацкіх абавязаных бацькоў, якія шчыра паведамілі, што не жадаюць вяртаць сваіх дзяцей. “Мы не дадзім ім нічога добрага”, – казала другая маці. Не такія ж і рэдкія выпадкі, калі бацькі адмаўляюцца ад сваіх дзяцей. Апошнія, дарэчы, куды больш прыхільныя да матуль з татамі. Адзін з юнакоў, напрыклад, падчас вучобы ў каледжы са сваёй невялікай стыпендыі рэгулярна пасылаў маці ў лячэбна-працоўны прафілакторый пасылкі. Ён, канечне, памятаў добрае, якое, упэўнена, яшчэ захавалася ў кожным. Ва ўсякім выпадку так хочацца ў гэта верыць.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *