Варвара Горбачёва на Международном конкурсе «Роза ветров-2011» завоевала диплом лауреата третьей степени

Наши дети

Той, каму ўжо давялося пабачыць выступленне Варвары Гарбачовай, не дасць падмануць – гэтая дзяўчынка зараджае сваёй энергіяй, здзіўляе ўменнем трымацца на сцэне. За свае 11 гадоў яна ўжо паспела выступіць на многіх сцэнах, паўдзельнічаць у конкурсах розных узроўняў і пакарыць сэрцы патрабавальных гледачоў. Апошняе і самае паспяховае дасягненне Варвары – перамога на 17-м Міжнародным конкурсе дзіцячай і юнацкай творчасці “Роза ветров-2011”, што праходзіў у канцы кастрычніка ў Маскве. 

Сям’я гераіні нашага аповеду пераехала ва Ушачы з Оршы нядаўна. Дзяўчынцы ўжо ў трэці раз прыйшлося мяняць месца вучобы, але Варвара камунікабельны і адкрыты чалавек, ужо знайшла ў гарпасёлку шмат новых сяброў, якія таксама радуюцца яе поспеху.
Першы выхад на сцэну ў Варвары адбыўся, калі ёй было пяць гадоў, з той пары музыка і займае асаблівае месца ў жыцці дзяўчынкі.
Паступова ўдасканальвае свае здольнасці і набіраецца вопыту. Адметным этапам у творчасці дзяўчынкі быў і ўдзел у Міжнародным конкурсе “Золотая пчёлка”. Толькі ў гэтым годзе Варвара ўдзельнічала ў конкурсе “Город княгини Ольги” ў Віцебску, дзе атрымала першую прэмію, у аршанскіх конкурсах “Паруса надежды” і “Буду звездой”.
У сакавіку ў Оршы адбыўся і адборачны тур на ўдзел у Міжнародным конкурсе “Роза ветров-2011”, свае здольнасці дэманстравалі дзеці з розных гарадоў Беларусі, але менавіта В.Гарбачова ў сваёй узроставай групе заваявала дыплом першай ступені і атрымала пуцёўку ў Маскву.

Прадстаўляць сваю краіну на прэстыжным Міжнародным конкурсе хвалююча і адказна, за паўгода падрыхтоўкі неабходна было дасканала адрэпеціраваць песні, адпрацаваць кожнае дзеянне, рух на сцэне, падрыхтаваць сцэнічны касцюм, бо вядома, што вызначыцца адным толькі голасам недастаткова.
Шматколькасны састаў удзельнікаў ва ўсіх узроставых групах, аўтарытэтнае журы, вялікая сцэна… Наша прадстаўніца ўдзельнічала як аматар, у той час як многія канкурэнты на больш прафесійным узроўні займаюцца музыкай.
– Падчас выканання першай песні моцна хвалявалася, а ў другі выхад ужо адчувала сябе больш спакойна, а ў цэлым жа мне вельмі спадабалася, – дзеліцца ўражаннямі Варвара.
Падтрымлівалі юную артыстку падчас падрыхтоўкі і непасрэдна на конкурсе ў Маскве самыя родныя людзі. Тата і адначасова мастацкі кіраўнік – начальнік аддзела культуры райвыканкама Сяргей Дзмітрыевіч Гарбачоў – рыхтаваў дзяўчынку, а мама, Алена Аляксандраўна, дапамагала з касцюмам і прычоскай. З такой падтрымкай любыя вышыні даюцца лягчэй! Дарэчы, арганізатары конкурсу накіравалі пісьмо-падзяку за падтрымку таленавітай моладзі і развіццё творчасці старшыні Ушацкага райвыканкама А.А.Кавалёнку.
Выканаўшы рускамоўную песню “Рождение звёзд” і беларускую народную “Юр’е”, Варвара пакарыла строгае журы і ў намінацыі “Эстрадны вакал” у малодшай узроставай групе заваявала дыплом лаўрэата трэцяй прэміі, пакінуўшы за сабой юных талентаў з Расіі, Узбекістана, Ізраіля, Эстоніі.
Акрамя дастойнай перамогі, дзяўчынка прывезла з сабой веды, атрыманыя ў час майстар-класа, які праводзіўся для ўдзельнікаў, а таксама ўражанні ад прагулак па Маскве.
Нельга не адзначыць, што Варвара вельмі актыўная і энергічная дзяўчынка. Яна паспяхова вучыцца ў шостым класе Ушацкай школы, займаецца ў школе мастацтваў на эстрадным аддзяленні, а таксама па класе фартэпіяна, ігру на якім, дарэчы, асвойвае ўжо чатыры гады. Раней у Оршы яшчэ займалася ва ўзорна-харэаграфічным калектыве “Весялушкі”.
Здавалася б, як дзяўчынка паспявае ўсё гэта рабіць? Яе энергіі хапае і яшчэ на адзін любімы занятак – маляванне, што ў яе таксама атрымліваецца выдатна. І сваю будучую прафесію Варвара марыць звязаць менавіта з гэтым накірункам дзейнасці.
Цяпер дзяўчынка рыхтуецца да чарговага этапу ў сваёй творчасці – да ўдзелу ў міжнародным конкурсе “Акно ў Еўропу”, які адбудзецца ў лютым. А таму пажадаем ёй творчага натхнення і бліскучага поспеху!
В.ПОЛАЗАВА.



1 комментарий по теме “Варвара Горбачёва на Международном конкурсе «Роза ветров-2011» завоевала диплом лауреата третьей степени

  1. Какая милая и активная девочка))) молодец!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *