Рыбалка на озере Тартак: правила, путевки и ответственность

Калейдоскоп

У Тартака, як і ў кожнага возера, ёсць свае прыхільнікі, якія спяшаюцца з вудамі туды ў любое спрыяльнае надвор’е. І забываюцца, што вадаём узяты ў арэнду і рыбачыць на ім без пуцёвак нельга. Хаця на пад’ездах да берагоў стаяць інфармацыйныя шчыты, штораз чуем ад рыбаловаў: “Не ведалі, што лоўля платная. А мы мясцовыя…”. Таму нагадаем ушачанам пра правілы рыбалкі, якія распаўсюджваюцца не толькі на падлёдную лоўлю, як зараз, але і на іншы час.

У кожнага рыбака пры сабе на возеры павінна быць пуцёўка, набыць якую можна ў Вялікадолецкім лясніцтве, Ушацкім лясгасе або на нашым сайце па спасылцы https://ushles.by/travel-packages.

Бясплатна яе выдадуць ветэранам ВАВ, інвалідам І і ІІ груп, а з аплатай палавіннага кошту – падлеткам да 16 гадоў, пенсіянерам па ўзросце на агульных падставах, воінам-інтэрнацыяналістам, а таксама жыхарам вёсак Заазер’е, Царкавішча, Вялікія Дольцы. Выгадней набываць пуцёўкі на працяглы час, напрыклад, за год за падлёдную лоўлю на агульных падставах вы заплаціце ўсяго 60 рублёў, а за суткі – 10, за рыбалку з лодкі за месяц – 40 рублёў, а за суткі – 15. З поўным прэйскурантам цэн можна азнаёміцца на нашым сайце. За дзень дазваляецца злавіць не больш 5 кілаграмаў рыбы або адну асобіну, якая перавышае гэтую вагу. За кожны дадатковы кілаграм давядзецца даплаціць па прэйскуранце лясгаса. Пасля рыбалкі запоўненыя пуцёўкі абавязкова здаюцца прадстаўнікам лясгаса (без іх вы не атрымаеце наступныя).

Хачу засяродзіць увагу, што на Тартаку захоўваюцца ўсе зацверджаныя ў краіне правілы на рыбную лоўлю. Так, з 9 сакавіка па 23 красавіка на тэрыторыі Віцебскай вобласці нельга “паляваць” на шчупака, а з 10 красавіка да 9 чэрвеня існуе агульная нераставая забарона, калі рыбачыць можна толькі з берага (з пірсаў) у светлы час сутак з адной вудай.

М.БУНКЕВІЧ, інжынер Ушацкага лясгаса.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *