А вы экономите электрическую и тепловую энергию?

Выясняем ситуацию

У рэспубліцы праводзіцца месячнік па энергазберажэнні ў быце. Бо пытанне эканоміі электрычнай і цеплавой энергіі – важнейшае як для краіны, так і для кожнага яе жыхара. Як зэканоміць бюджэт сям’і, зменшыць затраты толькі на беражлівых адносінах да электрычнай і цеплавой энергіі? Гэтаму і прысвячалася наша апытанне ўшачан.

Марыя Сяргееўна Каплеўская, г.п.Ушачы:
–У мяне ўласны дом, для абагрэву быў устаноўлены кацёл, які награвала брыкетам. Са стварэннем кааператыва і падачай газу ў дамы нашай вуліцы стала намнога прасцей. Сын устанавіў новы эканамічны кацёл, які адначасова ацяпляе дом і грэе ваду – з’явілася магчымасць карыстацца ваннай. У той жа час усё роўна лічу, як будзе танней. Печы мы не разбіралі, і я да пачатку ацяпляльнага сезона (16 кастрычніка) карыстаюся імі, пакуль плата за газ даражэйшая.
Аляксандр Ягоравіч Кухта, начальнік раённай энергаінспекцыі:
– Параіў бы насельніцтву выкарыстоўваць лямпы на светадыёдах. Яны даражэйшыя за звычайныя, затое бяруць зусім мала электраэнергіі і маюць амаль неабмежаваны тэрмін функцыяніравання. Да гэтага мы ўсе прыйдзем.
Сяргей Пятровіч Долгі, г.п.Ушачы:
– Лепшая эканомія цеплавой энергіі – гэта ўтрыманне свайго жылля ў добрым стане, такім, каб холад не паступаў праз сцены, столь і падлогу. Падзялюся ўласным вопытам. Жыву з сям’ёй у прыватным доме. Звонку і знутры ў свой час зрабіў рашотку, атынкаваў сумессю кастры, здробненага пенапласту і гліны. Фасад абабіў плоскім шыферам. Швы заклеіў будаўнічай стужкай, потым нанёс грунтоўку, пафарбаваў акрылавай фарбай. Усё. Цёпла, эканомна.
Сяргей Пятровіч Жураўлёў, галоўны інжынер камунгаса:
– Меры па эканоміі цеплавой і электрычнай энергіі мы прымаем пастаянна. Напрыклад, такі аспект. Актыўным чынам мяняем цепласеткі. Ранейшыя давалі да сарака, а то і пяцідзесяці працэнтаў страты цеплавой энергіі. Новыя, так званыя Пі-трубы – усяго пяць. І вось большая частка цепласетак такім чынам заменена. За два наступныя гады закончым гэтую работу. У той жа час і насельніцтва можа эканоміць на многім. Напрыклад, падлічана, што няўдала расстаўленая мэбля, сушылкі з бялізнай, доўгія занавескі на вокнах і іншае могуць аднімаць да 25 працэнтаў цяпла.
Надзея Андрэеўна Долгая, старэйшына аграгарадка Арэхаўна:
– Самы надзейны спосаб эканоміі электраэнергіі – сачыць, каб святло і электрапрыборы не былі ўключаны без неабходнасці. За гэта ў нашым доме адказвае мой муж Міхаіл Паўлавіч. Не падлічваю эканомію, але ведаю, што яна ёсць.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *