Как попасть к врачу без очереди? Разъяснения Ушачской ЦРБ о записи на прием и госпитализации

Здравоохранение

Кіраўніцтву раёна паступіў зварот наконт медыцынскага абслугоўвання. Паколькі тэма – актуальная для кожнага з нас, адміністрацыя Ушацкай ЦРБ дае тлумачэнні па ключавых момантах шырокаму колу насельніцтва.

У дзённы стацыянар – па чарзе? Да кожнай канкрэтнай сітуацыі медыкі падыходзяць індывідуальна. Калі ў чалавека ўзнікла вострая патрэба “пракапацца” (скажам, скруціла спіну), профільны спецыяліст ці ўрач агульнай практыкі адразу звязваецца з урачом дзённага стацыянара – і той падбірае максімальна блізкі варыянт: у той жа дзень ці на наступны. З улікам гэтага планавых пацыентаў, самаадчуванне якіх не выклікае асцярогі, нярэдка просяць пачакаць тыдні два-тры. Медыкі спадзяюцца на разуменне землякоў.

У “тэрапію” – максімум праз тыдзень. Чарга ў прыгаданае аддзяленне сапраўды ёсць, аднак зноў жа толькі для планавых пацыентаў. У экстранных выпадках чалавек шпіталізуецца адразу.

Заказвайце талоны загадзя! “Нават у перыяд уздыму захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі і грып асаблівых праблем трапіць на прыём у нас не ўзнікала – і ўрачы агульнай практыкі большую колькасць пацыентаў прымалі, і спецыялісты сельскіх медустаноў на выручку прыходзілі, – каменціруе загадчык паліклінікі Лілія Ігараўна Аўдошка. – Канечне, наўрад ці было магчымым прыйсці без запісу і адразу трапіць да доктара. У гэтай сувязі нагадаю, як варта паступаць. Узяць талон да любога спецыяліста цяпер можна нават за тры месяцы да вызначанай даты, а не напярэдадні пасля 16.00, як было раней. Для прыкладу, ведаеце, што хутка спатрэбіцца рэцэпт на лекавы сродак – можаце ўжо зараз запісацца да профільнага медыка (раю выбраць сераду або чацвер, калі пацыентаў у паліклініцы – у адрозненне ад панядзелка і пятніцы – істотна менш). Атрымалі сёння лісток непрацаздольнасці – адразу падыдзіце да рэгістратуры і вазьміце талон на наступны прыём. І яшчэ: заняць сабе месца можна не толькі пры асабістым наведанні паліклінікі ці па тэлефоне – зрабіць гэта можна на сайце Ушацкай ЦРБ у раздзеле “Інтэрнэт-запіс”.

Не запісаўся і затэмпературыў… На прыём, калі не зацягваць візіт у бальніцу, чалавек усё роўна трапіць. У паліклініцы прадугледжана пэўная “квота” выдачы талончыкаў загадзя па тэлефоне (калі яна вычарпана – проста адмовяць у запісе), частка ж пакідаецца на вызначаны дзень. Так што з адкрыццём рэгістратуры там абавязкова будуць у наяўнасці свабодныя варыянты, праўда, хутчэй за ўсё без магчымасці выбраць канкрэтны час наведання доктара. Нават калі прыйшлі ў 7.30 і аказаліся ў чарзе першым, зусім не гарантавана, што атрымаеце талон на 8.00.

Бярыце пашпарт! Такога ў звароце грамадзянкі не было – але ж ва Ушацкай ЦРБ вельмі прасілі нагадаць жыхарам раёна пра гэта. Сістэма аховы здароўя паступова пераходзіць на электронны фармат – часта для афармлення меддакументацыі, аплаты паслуг патрабуюцца ідэнтыфікацыйны нумар пацыента, іншыя яго даныя. Таму калі збіраецеся здаць кроў, прайсці медкамісію ці трапіць у стацыянар, абавязкова вазьміце пашпарт або іншы дакумент, які пацвярджае асобу.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *