Вучням выпускных класаў гэтымі майскімі днямі не пазайздросціш: каб павысіць балы атэстатаў, а значыць і ўласныя шансы на далейшае паступленне, актыўна штудзіруюць падручнікі, паўтараюць усю школьную праграму… Адзінаццацікласнік жа Ушацкай сярэдняй школы Кірыл Шук можа дазволіць сабе расслабіцца. Па-першае, падцягваць гадавыя адзнакі няма патрэбы: у дзённіку і так адны дзявяткі ды дзясяткі. Ну а па-другое, сёлетнія поспехі юнака на алімпіядзе па хіміі забяспечылі яму шыкоўную “льготу” на залічэнне ў абраную ВНУ.
Ужо ў пачатковых класах Кірыл вылучаўся сваёй падрыхтаванасцю, уменнем трымаць дысцыпліну. Выдатнікам заставаўся і пасля – на працягу ўсіх 11 гадоў навучання. Інакш, напэўна, і быць не магло: бацькі заўсёды стапрацэнтна ўкладаліся ў выхаванне сыноў (яго і старэйшага Дзяніса), усяляк стымулявалі іх поспехі.
– Можна толькі па-добраму пазайздросціць таленту Кірыла ўсё запамінаць, – кажа В.Кухта, класны кіраўнік юнака. – Ніякіх завучванняў, паўтарэнняў не патрабуецца: адзін раз прачытаў – і тэму, якой бы цяжкай яна ні была, адразу асвоіў. Прычым, гэта датычыцца абсалютна ўсіх прадметаў, бо нелюбімых, а таксама тых, якія цяжэй даюцца, у яго проста няма.
Што цікава, ніхто з настаўнікаў, а пагутарылі мы з многімі, не ўспомніў ніводнага выпадку, калі б на ўроку Кірыл сам падняў руку. Заўсёды сядзіць “цвічком”, уважліва слухае – аднак не выклікаецца, маўляў, навошта, калі і так усім зразумела, што без праблем адкажа на любое пытанне.
Толькі сярод блізкіх і сяброў юны ўшачанін дазваляе сабе расслабіцца – становіцца ўсмешлівым, гаваркім, любіць трапна пажартаваць, яго называюць душой кампаніі. Калі ён у складзе каманды на любых інтэлектуальных спаборніцтвах, усе ўпэўнены: перамозе быць!
– Я на Кірыла адразу стаўку зрабіла – на першых уроках хіміі ўбачыла, як гараць яго вочы, – кажа педагог А.В.Марозава. – Як пазней даведалася, цікавасць да прадмета ў яго ад старэйшага брата Дзяніса, тады алімпіядніка, а зараз студэнта хімфака БДУ. Ужо ў сёмым класе пачалі актыўна займацца: каб дастойна выступіць на прадметнай алімпіядзе ў дзявятым, трэба ж ведаць праграму як мінімум за дзясяты, а ў адзінаццатым – увогуле з універсітэцкага курсу.
Колькі дапаможнікаў, энцыклапедый было праштудзіравана за гэты час, колькі пазаўрочнага часу затрачана, ні Алена Васільеўна, ні сам Кірыл сказаць не бяруцца. Ні пра што не шкадуюць – наадварот, радуюцца, бо ўсе намаганні былі плённымі. З 9 па 11 клас юны хімік станавіўся сярод аднагодак лепшым у раёне – выходзіў на вобласць, ну а там гэтак жа заваёўваў высокія ўзнагароды.
– Сёлета ў Віцебску нас непрыемна здзівілі ўведзеныя змены, – расказвае А.Марозава. – Тэсты, а гэта самы моцны бок Кірыла, адмянілі, пакінулі ж самае складанае – практыку і задачы. Трэба ўдакладніць, што апошнія нічога агульнага з прывычнымі для абывацеля – у два-тры дзеянні – не маюць: пакуль усе патрэбныя дзеянні (а іх бывае па 10 і нават больш) перачытаеш, забываешся, што было ў пачатку. Тут не толькі глыбокія веды, але і асаблівая засяроджанасць патрэбны. Кірыл на гэтым этапе трапіў у пяцёрку лепшых. Не расчараваў і канчатковы вынік – дыплом ІІІ ступені.
У ліку сваіх захапленняў Кірыл называе спорт: у вольны ад вучобы час любіць з таварышамі ў валейбол, футбол, баскетбол згуляць. Паспявае зараз і ў аўташколе вучыцца.
З такой узнагародай стаць студэнтам Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, пра што марыць К.Шук, будзе прасцей. Абраная ім спецыяльнасць “Перапрацоўка нафты, газу і прамысловы арганічны сінтэз” уваходзіць у лік эканамічна запатрабаваных, а значыць, дазваляе дыпламанту абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па профільным прадмеце быць залічаным без уступных іспытаў. Па-сутнасці хлопцу застаецца толькі атрымаць атэстат. Прыемным бонусам можа стаць для яго і медаль па выніках навучання. Такой узнагароды хлопец адназначна заслугоўвае.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.