Память, труд и слава: как в Ушачском районе отметили 80-ю весну Победы

80-летие Победы Общество

Беларусь урачыста адзначыла Дзень Перамогі – свята, здабытае ў цяжкіх баях за свабоду і незалежнасць Радзімы. Узнёслае і адначасова сумнае, калі мы радуемся спакойнаму, размеранаму жыццю і ўспамінаем загінуўшых у гады вайны. 80-ю пераможную вясну сустрэлі і на Ушаччыне, розныя мерапрыемствы прайшлі як у гарпасёлку, так і на тэрыторыі сельсаветаў.

Нягледзячы на тое, што ў першыя майскія дні мы шырока адзначалі гадавіну прарыву варожай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай партызанскай зоны, пачаўся Дзень Перамогі менавіта з ускладання кветак на мемарыяльным комплексе “Прарыў”. Дарэчы, там было мнагалюдна на працягу ўсяго дня, адны мэтанакіравана ішлі з гваздзікамі і цюльпанамі, іншыя спыняліся, праязджаючы міма. “Кожны год у Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці накіроўваемся на “Прарыў”, гэта для нас асаблівае месца, тут на адной з пліт значыцца імя нашага дзядулі”, – адзначыла сям’я Макарэвіч з Лепеля.

– Мы ўсё больш аддаляемся ад мая 1945 года, але памяць не мае ўзроставых межаў. Схіляем галовы перад мужнасцю тых, хто не ўбачыў пераможны майскі салют, нізкі паклон усім, хто набліжаў перамогу подзвігам і мірнай працай, – зазначыла на ўрачыстым мітынгу ля помніка загінуўшым воінам і партызанам у скверы гарпасёлка член Савета Рэспублікі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Марковіч.

Да падножжа салдата лёг вянок ад кіраўніцтва раёна, а прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, школьнікі і сем’і неслі кветкі і букеты да вечнага агню і пліт.
“У маёй сям’і як вялікая рэліквія захоўваецца альбом з успамінамі партызана і франтавіка Яўгена Пятровіча Васілеўскага, які дайшоў да Кёнігсберга. Гэта і ёсць памяць пакаленняў. Мая ўнучка натхнілася аповедамі продка і стала ўдзельніцай конкурсу “Гісторыя нашай Перамогі”, зараз знаходзіцца ў міжнародным лагеры “Артэк”, дзе таксама раскажа пра свайго прадзеда. Калі я сустракаюся са школьнікамі, заўсёды ім раю – запісвайце ўспаміны родных, гэта жывая гісторыя нашай краіны”, – кажа старшыня раённага савета ветэранаў Ніна Васілеўская.

Праграма дня была напоўнена і іншымі мерапрыемствамі для людзей рознага ўзросту. Запрашаў усіх на экскурсіі музей народнай славы імя У.Е.Лабанка, на кінафільмы пра вайну – цэнтр культуры і народнай творчасці. Не пуставалі тэматычныя пляцоўкі БРСМ, народных майстроў, Дома рамёстваў. А ўвечары ў раённым Цэнтры культуры ўшачан сабраў канцэрт-тэатралізаванае прадстаўленне, у фінале якога артысты і зала разам праспявалі легендарны “Дзень Перамогі”.

У Беларусі на 1 мая пражывала каля 800 ветэранаў Вялікай Айчыннай. Самаму старэйшаму з іх у студзені споўнілася 105 гадоў. Ва Ушацкім раёне, на жаль, ужо не засталося ў жывых ніводнага ветэрана вайны.

Ушаноўвалі перадавікоў

Сімвалічна, што да Дня Перамогі было прымеркавана і адкрыццё раённай Дошкі гонару. Па выніках прайшоўшага Года якасці на ёй з’явіліся імёны 18 перадавікоў і 8 прадпрыемстваў. “Добрых спецыялістаў шмат у кожнай сферы, дзякуй усім, хто сваёй сумленнай працай робіць наш край лепшым, вы – арыенцір для тых, хто толькі пачынае працоўную біяграфію”, – адзначыў падчас урачыстай цырымоніі ўшанавання старшыня райвыканкама Сяргей Садоўскі.

Першымі па традыцыі дыпломы і кветкі атрымалі кіраўнікі арганізацый. Ужо другі год запар на Дошцы гонару – УП ЖКГ. Прадпрыемства спрацавала з прыбыткам, які накіравала на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы. Усе даведзеныя планы выканаў цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых. За год тут прайшло абучэнне 280 чалавек пры запланаваных 241, падрыхтавана 65 вадзіцеляў катэгорыі “В”. Высокі прафесіяналізм праявіў калектыў Ушацкага раёна электрасетак. Падчас ліпеньскага ўрагану аварыйнае адключэнне электраэнергіі адбылося ў 122 населеных пунктах, аднак усе пашкоджанні былі выпраўлены ў самыя кароткія тэрміны. Адной з лепшых у вобласці і рэспубліцы стала інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таму заслужана заняла месца і на раённай Дошцы гонару. Высокую ацэнку работы атрымаў Жарскі сельвыканкам за рашэнне пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва, добраўпарадкаванне сельскіх тэрыторый, поўнасцю выкананы план па зносе пустуючых дамоў, 4 зямельныя ўчасткі прададзены з аукцыёну. Дзіцячы сад №2 гарпасёлка адзначаны за поспехі ў выхаванні дзяцей, стварэнне ўмоў для раскрыцця іх творчага патэнцыялу, умацаванне базы ўстановы. Музей народнай славы летась наведала больш 33 тысяч чалавек, праведзена 877 экскурсій, калектыў установы вядзе пастаянную навукова-даследчую работу – устаноўлена 26 імён партызан і воінаў Чырвонай Арміі, загінуўшых у гады вайны. А магазін “Санта” апынуўся на Дошцы гонару з-за высокіх паказчыкаў у рабоце і народнага прызнання – гэта адна з самых запатрабаваных гандлёвых кропак у гарпасёлку з шырокім асартыментам тавараў, уласным кулінарным і хлебабулачным цэхам. Рознічны тавараабарот за 2024 год склаў 116,7%.

Віншаванні прымалі адразу два працаўнікі КУСГП “Вялікадолецкае” – Ра Вутх і Таццяна Карабань. Хоць гэтыя перадавікі ўжо ўзнімаліся на раённую сцэну падчас ўшанавання працаўнікоў сяла, усё роўна крыху хваляваліся. А вось іх калега з ААТ “Ільюшынскі” Аляксандр Майсеенка адчуваў сябе ўпэўнена: не злічыць, колькі на яго рахунку працоўных узнагарод, а на апошніх абласных “Дажынках” яму паціскаў руку і дзякаваў асабіста Кіраўнік дзяржавы.

Прыкладам выдатнай прафесійнай дзейнасці і адданасці абранай справе з’яўляюцца прадстаўнікі спартыўнай сферы Святлана Фядосенка і Уладзімір Лапіцкі. Поспехам іх выхаванцаў на спаборніцтвах самага высокага ўзроўню па-добраму зайздросцяць калегі.

Дастойных работнікаў Аляксандра Шэўчанку і Юрыя Уладзіёнка вылучыў і прыйшоў падтрымаць калектыў лясгаса. У ліку перадавікоў таксама адразу два выратавальнікі – Андрэй Раманоўскі і Аляксандр Бугай не толькі калегі з адной дзяжурнай змены, а і даўнія сябры. Гучнымі апладысментамі сустрэлі прысутныя ўрача-інфекцыяніста Віктара Літвінава, які за сваю працяглую кар’еру дапамог вельмі многім ушачанам.

Для кожнага з перадавікоў знайшліся добрыя словы, ім прысвячаліся канцэртныя нумары ў выкананні вучняў і педагогаў дзіцячай школы мастацтваў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *