Хоць побач бацькі, педагогі, самыя маленькія выхаванцы Глыбачанскай школы прыкметна хвалююцца. Падзея іх чакае адказная – прыём у дашкольнае лясніцтва, другое па ліку на Ушаччыне. “Трымаць марку” трэба не толькі перад старэйшымі навучэнцамі, гасцямі, але і перад сваімі будучымі “калегамі”.
Выхаванцы дашкольнай групы, а гэта 9 хлопчыкаў і дзяўчынак, з радасцю прынялі прапанову ўступіць у “Баравічок”. А калі апранулі прыгожую форму, якую для іх спецыяльна заказаў Ушацкі лясгас, адчулі сябе сапраўднымі абаронцамі прыроды.
– Адкрыццё дашкольнага лясніцтва – сур’ёзная заяўка на тое, каб з маленства гадаваць будучых спецыялістаў – упэўненых у правільным выбары прафесіі і карысці, якую яны могуць прынесці людзям і дзяржаве. Лес – гэта наша багацце, а дзеці – наша будучыня”, – падкрэсліў дырэктар прадпрыемства Аляксей Апёнак.
Наперадзе ў маленькіх лесаводаў нямала годных спраў: удзел у прыродаахоўных акцыях, правядзенне назіранняў, доследная дзейнасць, арганізацыя тэматычных экскурсій і многае іншае. Дапамагаць жа ў рэалізацыі ідэй і праектаў ім будуць спецыялісты Глыбачанскага лясніцтва – шэфства над “Баравічком” узяў ляснічы Іван Шугалей.
Дзеці прачыталі клятву сяброў лесу: паабяцалі беражліва адносіцца да прыроды і вучыць гэтаму сяброў. Ну а пасля на тэрыторыі школы заклалі памятную алею, прысвечаную Году добраўпарадкавання і 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. “Я раскажу бабулі, што сёння дрэва пасадзіў…”, “А паліваць туі мы будзем кожны дзень?”, “Калі яшчэ што-небудзь пасадзім?” – не хавалі эмоцый малыя, задаючы пытанні сваім дарослым памочнікам. Было бачна: такая справа ім па душы.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.