На наступным тыдні выпускнікі будуць здаваць цэнтралізаваныя экзамены (ЦЭ), іспыты пройдуць амаль 57 тысяч навучэнцаў.
Нагадаем, што цэнтралізаваны экзамен стаў новай формай выніковай атэстацыі за курс сярэдняй школы ў 2023 годзе. Раней адзінаццацікласнікі здавалі абавязковыя выпускныя экзамены, а жадаючыя атрымаць вышэйшую адукацыю павінны былі падаць у прыёмную камісію ВНУ сертыфікаты ЦТ (цэнтралізаванае тэсціраванне). Цяпер жа два віды выпрабаванняў праходзяць у адным фармаце – у выглядзе тэсціравання з ацэнкай ведаў вучняў ад 1 да 100 балаў. Вынікі ЦЭ, нароўні з сертыфікатамі ЦТ, прымаюцца для паступлення ў ВНУ або каледж. Выпускнікі здаюць два ЦЭ: абавязкова адну з дзяржаўных моў – рускую ці беларускую, другі прадмет – па выбары.
Першы ў 2025г. цэнтралізаваны экзамен за курс сярэдняй школы і ЦТ для выпускнікоў мінулых гадоў запланаваны на 26 мая. Юнакі і дзяўчаты будуць здаваць прадмет па выбары з пераліку: грамадазнаўства, матэматыка, біялогія, замежная мова, хімія, фізіка, геаграфія, сусветная гісторыя, гісторыя Беларусі.
29 мая пройдзе ЦЭ і ЦТ па беларускай або рускай мове. Для здачы непасрэдна ЦТ прадугледжаны яшчэ дзве даты: 2 чэрвеня ўсе абітурыенты могуць здаць адзін з прадметаў на выбар; 5 чэрвеня з прадметаў на выбар арганізуюць тэсціраванне па грамадазнаўстве, хіміі, фізіцы, гісторыі Беларусі. Таксама прадугледжаны рэзервовыя дні: 19, 21 і 23 чэрвеня.
Па даных Міністэрства адукацыі, самымі папулярнымі сярод адзінаццацікласнікаў на ЦЭ ў 2025г. сталі наступныя навучальныя дысцыпліны: руская мова – 46,1 тысячы выпускнікоў, матэматыка – 18,9, беларуская мова – 10,8, біялогія – 10,5, грамадазнаўства – 10,9.