Старт в глубинке: сразу двое молодых ветврачей приступили пришли работать в ОАО «Ильюшинский»

Образование и молодежь

ААТ “Ільюшынскі” – адно з нямногіх сельгаспрадпрыемстваў, дзе працуе шмат моладзі. А зусім нядаўна гэту кагорту таварыства папоўнілі выпускніцы Лужаснянскага аграрнага каледжа Крысціна Казёнкіна і Алёна Качарга, якія занялі пасады ветэрынарных урачоў.

Востры недахоп у спецыялістах менавіта гэтага профілю гаспадарка адчувала даўно. І калі многія выпускнікі навучальных устаноў атрымліваюць “пуцёўку” на першае працоўнае месца падчас размеркавання, то дзяўчаты абралі сабе месца загадзя і самі звярнуліся за запытам.

– За час вучобы моцна пасябравалі і хацелі ра­зам працаваць, але зразумела, што на размеркаванні нас хутчэй за ўсё б накіравалі ў розныя куткі Віцебшчыны. А адна наша знаёмая з Ушаччыны падказала, што ў “Ільюшынскім” патрэбны як мінімум два ветурачы, вось і звярнуліся мы сюды ў пошуках працоўнага месца і знайшлі падтрымку з боку кіраўніцтва. Праходзілі тут вытворчую практыку, а зараз ужо працуем як дыпламаваныя спецыялісты, –  расказваюць ветурачы.

Калектыў адразу падставіў плячо: дапамагалі ўнікнуць у справу, вырашыць бытавыя пытанні, выдзелілі службовае жыллё.

Крысціне даручаны нават больш складаны ўчастак – яна галоўны ветурач гаспадаркі. Трэба сказаць, што ў сельгаспрадпрыемстве наогул давяраюць моладзі – яна працуе  на розных пасадах галоўных спецыялістаў. Старт дзяўчат не назавеш лёгкім: аб’ём работы ў “Ільюшынскім” вялікі – пагалоўе буйной рагатай жывёлы складае больш за 2 тысячы галоў.  Да таго ж, пачынаюць яго ўдалечыні ад сваіх родных і сяброў: Крысціна – ураджэнка Віцебска, а Алёна прыехала з Глыбоччыны.

– Жывёла не ведае графіка з 8 да 17 гадзін, як і людзі, хварэе ці адчувае недамаганне. Прывыклі мы да ранніх пад’ёмаў і вячэрніх аб’ездаў статка, разбіраемся ўжо ў вядзенні шматлікай дакументацыі.  Прыходзіцца ў рабоце сустракацца і з цяжкасцямі кшталту непаслухмяных “пацыентаў”, – гавораць Алёна і Крысціна (на здымку).

Прыслухоўваюцца дзяўчаты да старэйшых калег, не саромеюцца звярнуцца за кансультацыяй да спецыялістаў райветстанцыі. Аб неабыякавасці да справы сведчыць, напрыклад, і той факт, што вольную ад работы хвіліну Крысціна прысвячае не адпачынку, а нарыхтоўцы лекавых траў, каб потым выкарыстоўваць іх падчас лячэння жывёлы.

У гаспадарцы пра дзяўчат давялося пачуць толькі станоўчыя характарыстыкі: старанныя, мэтанакіраваныя і ўпэўненыя ў сваіх сілах. Ну а самі ветурачы ў адзін голас сцвярджаюць, што тут яны напрацоўваюць бясцэнны вопыт!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *