«Лесная» форма ей к лицу. Молодой мастер леса Татьяна Прашкевич любит природу и успешно справляется со своими обязанностями

Образование и молодежь

Нярэдка даводзіцца чуць, што работа ў лясной гаспадарцы – гэта справа зусім не жаночая. А вось малады майстар лесу Сарочынскага лясніцтва Таццяна Прашкевіч лічыць зусім інакш і на пытанне, чаму абрала такую прафесійную дарогу, не раздумваючы, адказвае: “Таму што вельмі люблю лес і прыроду!”

– На навагоднія святы ў кватэры заўсёды стаўлю жывую ёлачку. А вы ведаеце, што на перадсвяточныя кірмашы трапляюць дрэўцы са спецыяльных навагодніх плантацый? А таксама тыя, што ўсё роўна былі б высечаны ў час планавага прарэджвання масіву, або тыя, якія выраслі пад лініямі электраперадач. У гэты сезон наша лясніцтва рэалізавала насельніцтву больш за 60 навагодніх дрэў, – кажа Т.Прашкевіч і з першых хвілін знаёмства бачны яе інтарэс да таго, што робіць.

Выпускніца Ушацкай школы зусім не вагалася падчас выбару ўстановы для паступлення і падала дакументы ў Полацкі лясны тэхнікум. Зрэшты, у пэўным сэнсе стала прадаўжальніцай працоўнай дынастыі – у лясной сферы працаваў яе дзядуля. Заўсёды з задавальненнем адпраўлялася на вытворчую практыку ў родны раён, а калі настаў час размеркавання, атрымала “пуцёўку” ва Ушацкі лясгас. “У 2017-м годзе маім першым працоўным месцам стала Сарочынскае лясніцтва і я лічу, што мне вельмі пашанцавала. Гэта дружны калектыў на чале з сапраўдным прафесіяналам Сяргеем Міхайлавічам Ільюшэвічам. Мяне цёпла сустрэлі, падтрымлівалі і падказвалі”, – расказвае Таццяна.

Як у аднаго з трох майстроў лясніцтва ў яе ёсць свая “зона адказнасці” – замацаваны ўчастак ляснога фонду, а ў падначаленні некалькі чалавек. Адвод дзялянак, лесанарыхтоўкі, лесакарыстанне, догляд за лесапасадкамі, работы па ахове лесу – гэтымі і многімі іншымі пытаннямі павінен валодаць спецыяліст. Паспяхова спраўляецца Т.Прашкевіч і са шматлікай папяровай работай, вядзеннем дакументацыі.

“Люблю садзіць лес. У студэнцкія гады разам з аднакурснікамі прымала ўдзел у закладцы лепельскага дэндрапарка, што знаходзіцца каля бойкай шашы і кальцавой развязкі. І зараз кожны раз, праязджаючы міма, пазіраю і думаю, як там мае дрэўцы. У нашым жа невялікім па плошчы лясніцтве ў мінулым годзе было пасаджана каля 12 гектараў новага лесу”, – гаворыць дзяўчына.

Як вядома, Сарочынскае лясніцтва заўсёды вылучаецца ідэальным парадкам на тэрыторыі вытворчай базы, цудоўным міні-дэндрапаркам, у якім налічваецца больш 35 відаў раслін. Выдатна дапаўняюць малюнак і клумбы, альпійскія горкі, дзе кветкі радуюць вока з ранняй вясны да позняй восені. Т.Прашкевіч разам з жаночай паловай калектыву прымае актыўны ўдзел у рэалізацыі кветкавых фантазій.

Два гады ў статусе маладога спецыяліста праляцелі хутка і Таццяна засталася ў калектыве, які ўжо стаў родным. Да таго ж, зараз завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце. У будучага інжынера лясной гаспадаркі ёсць упэўненасць у сваіх сілах і жаданне працаваць. Ну а родныя і сябры заўсёды зазначаюць, што “лясная” форма ёй да твару.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *