На Ушаччыне працягваецца кампанія па вакцынацыі ад грыпу.
Бясплатна зрабіць прышчэпку зараз можна прэпаратам расійскай вытворчасці “Грыпол плюс” – ва ўсіх медустановах раёна ён маецца ў дастатковай колькасці. Правакцынавацца можна ў працэдурным кабінеце паліклінікі з панядзелка па пятніцу з 8.00 да 18.00, у суботу – з 8.00 да 13.00, а таксама на ФАПах, урачэбных амбулаторыях – па графіку работы ўстаноў. Працуюць і выязныя брыгады медыкаў, якія выязджаюць у працоўныя калектывы ці на дом, пакінуць заяўку можна праз адміністрацыю ЦРБ ці рэгістратуру па нумары 5-21-57.
Паказваюць прыклад у вакцынацыі ў першую чаргу самі медработнікі. “Грып можа выклікаць сур’ёзныя ўскладненні. Таму вельмі важна прышчапляцца, асабліва тым, хто ўваходзіць у групу рызыкі – дзеці, людзі з хранічнымі захворваннямі, пажылыя, тыя, хто кантактуе з вялікай колькасцю людзей. Прышчэпка зніжае рызыку заражэння, але нават калі вы захварэеце, пройдзе грып у лёгкай форме”, – падкрэслівае галоўны ўрач Ушацкай ЦРБ Юрый Пацёмкін (на здымку).
Для фарміравання імунітэту патрабуецца ад 14 дзён да аднаго месяца. Лістапад – аптымальны для гэтага час. Паклапаціцеся пра сябе і сваё здароўе!
Вольга КАМАРКОВА

