«Скорая» работает по-новому. Ушачский район вошёл в структуру Полоцкого межрайонного центра скорой медпомощи

Здравоохранение

Навіна аб тым, што ў структуры Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы больш няма аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі, напужала многіх. Куды цяпер звяртацца ў экстранным выпадку? Як хутка можна разлічваць на жыццёва неабходны візіт спецыяліста? Пра гэта і іншае – у нашым матэрыяле.

Хвалявацца, як запэўніваюць у ЦРБ, не варта. Як і раней, кругласутачна ў раёне працуе дзве брыгады “хуткай”, ні штат работнікаў, ні колькасць адзінак тэхнікі зменшаны не былі – яны толькі пераведзены пад Віцебскі абласны цэнтр хуткай медыцынскай дапамогі. Пры сур’ёзным пагаршэнні стану здароўя традыцыйна набірайце “103”. Праўда, адкажа ўжо не ўшацкі, а полацкі медык – з 1 ліпеня Ушаччына разам з Полацкам і Наваполацкам, а таксама Полацкім, Лепельскім, Верхнядзвінскім і Расонскім раёнамі знаходзіцца на абслугоўванні адпаведнага міжраённага цэнтра.

Полацкі міжраённы цэнтр хуткай меддапамогі – не першы ў вобласці. Паспяхова функцыянуе Віцебскі абласны, у складзе якога аддзяленні Бешанковіцкага, Гарадоцкага, Лёзненскага, Сенненскага, Шумілінскага і Віцебскага раёнаў. З ліпеня мінулага года такі ж міжраённы цэнтр працуе ў Оршы з зонай абслугоўвання прылеглых Дубровенскага, Аршанскага, Талачынскага і Чашніцкага раёнаў.

Для насельніцтва гэта толькі плюс! Па-першае, усе тэлефанаванні цяпер прымае не фельчар, а ўрач-кансультант, які можа “весці” хворага аж да бальніцы, праз планшэт атрымліваючы ўсю неабходную інфармацыю. Больш за тое, своечасовая парада такога спецыяліста (а назначаюць на новую пасаду вопытных медыкаў) часта ўвогуле здымае неабходнасць выкліку “хуткай”: праведзеныя маніпуляцыі, прыём лекаў купіруюць востры стан.

Узгаданая “рэформа” праведзена па рашэнні галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама. Яе галоўная задача – павысіць аператыўнасць і якасць абслугоўвання, даступнасць меддапамогі.

Пры паступленні выкліку, дзякуючы GPS-навігацыі, кансультант вызначае, якая брыгада знаходзіцца бліжэй за ўсё да патрэбнага адраса, і накіроўвае яе туды. Быў днямі выпадак, калі жыхарцы Угрынак спатрэбілася дапамога, а абедзве ўшацкія карэты “хуткай” былі на выездзе – на месца прыбылі медыкі з Полацка. Пры ўмове недахопу фельчараў “закрываюць” яны на Ушаччыне і частку дзяжурстваў.

У лепшы бок змянілася таксама лагістыка шпіталізацыі пацыентаў. Па паказаннях яны, абыходзячы цэнтральную райбальніцу, могуць адразу трапіць у Полацк і атрымаць там неабходнае лячэнне.

*   *   *

Некалькі слоў – пра неадкладную меддапамогу, якая ў адрозненне ад хуткай аказваецца двума спецыяльна вылучанымі для гэтых мэт работнікамі паліклінікі. Вы гэтак жа тэлефануеце на нумар “103”, трапляеце да полацкага ўрача-кансультанта, ну а ён пасля ўдакладнення нюансаў (калі ваш стан не пагражае жыццю: напрыклад, пры прастудзе, ВРВІ, павышэнні ціску) накіроўвае іх да вас. Дарэчы, працуюць фельчары неадкладнай дапамогі не толькі ў будныя, але і ў выхадныя дні з 8.00 да 20.00, што значна паскарае магчымасць выезду да пацыентаў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *