Цветы, награды и прощальный вальс: праздник последнего звонка прошёл в Ушачском районе

Образование и молодежь

У суботу надвор’е, быццам прадчуваючы расставанне з выпускнікамі, настальгічна заплакала дажджом. А вось слёзы адзінаццацікласнікаў, ды і многіх вучняў 9 класаў, якія сёлета развітваюцца са сваімі школамі і дзяцінствам, былі сапраўднымі. Між тым, непагадзь не перашкодзіла ўрачыстасцям апошняга званка – на Ушаччыне яны праходзілі прыгожа і шчымліва, з вялікай колькасцю гасцей, кветак, узнагарод.

“Дагэтуль не веру, што Паліна – ужо выпускніца: здаецца, зусім нядаўна вяла яе за руку ў першы клас”, – не хавала эмоцый на мерапрыемстве ва Ушацкай школе Вольга Мікалаеўна Юркевіч. “Падтрымаць Кірыла сёння ўсёй сям’ёй прыйшлі. Разам з першакласніцай Палінай Глінскай сын будзе даваць апошні званок, што для нас, канечне, вялікі гонар”, – прызнаўся Міхаіл Аляксандравіч Шук.

Так, галоўнымі героямі свята, канечне, сталі адзінаццацікласнікі, якіх ва Ушачах 41. Разам са сваімі класнымі кіраўнікамі Ірынай Генадзьеўнай Каваленка і Вольгай Міхайлаўнай Кухто яны занялі самыя пачэсныя месцы на цэнтральнай плошчы, дзе традыцыйна праходзіла лінейка.

З прывітальным словам да прысутных звярнулася дырэктар Алёна Уладзіміраўна Ворса. Каб прастымуляваць да новых поспехаў у вучобе, яна ўручыла дыпломы і пахвальныя лісты больш чым 30 школьнікам, якія вучыліся на выдатна, праявілі сябе ў навуцы, спорце, творчасці. Дарэчы, у іх ліку – Ксенія Барысёнак, якая за перамогу ў рэспубліканскай алімпіядзе па біялогіі, у адпаведнасці з рашэннем Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, была вызвалена ад цэнтралізаваных экзаменаў і ЦТ.

“Першы жыццёвы іспыт, першае расчараванне, першая перамога – усё гэта было ў сценах любімай школы, – зазначыла намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Валянціна Леанідаўна Хамёнак. – Але ж дзяцінства заканчваецца. Упэўнена, што выпрабаванні, якія рыхтуе лёс, кожны пройдзе дастойна”.

“Вам здаецца, што гэта было даўно, а для мяне вы толькі ўчора, моцна трымаючыся за бацькоўскія рукі, смешнымі малышамі прыйшлі ў свой першы клас. Якімі дзіўнымі, цікаўнымі, гатовымі да новых падзей і адкрыццяў былі вашы вочкі – мае дарагія вочкі…” – пад гэтае прызнанне сваёй першай настаўніцы Вольгі Пятроўны Несцярэнкі нават хлопцы з 11“А”… парадаваліся імжы, што замаскіравала падступіўшыя слёзы.

Вельмі хвалявалася Таццяна Гардзіёнак, але з гонарам выканала ўскладзеную на яе пачэсную місію – павіншаваць выпускнікоў ад імя іх бацькоў. А як жа інакш – трэба адпавядаць дачушцы Надзі Раманоўскай, якая не толькі добра вучылася, а і пакінула яркі след у школьнай гісторыі бліскучымі вакальнымі перамогамі.

Зрэшты, у гэты дзень абсалютна кожны з бацькоў праважаў захопленым позіркам сваіх прыгожых дзяцей, многія з якіх ужо перагналі татаў і мам па росце. У развітальным вальсе, які рыхтавалі не адзін месяц, закружылі яны на плошчы. Завяршылася ж мерапрыемства традыцыйным, аднак вельмі сімвалічным у 80-годдзе Вялікай Перамогі ўскладаннем кветак да помніка загінуўшым воінам і партызанам у скверы гарпасёлка.

Феерверкам звонкіх вершаваных радкоў, шчырымі словамі ляцелі віншаванні адзінаццацікласнікам сельскіх школ. Ледзь стрымлівала слёзы, думаючы пра хуткае развітанне з чатырма сваімі падапечнымі, Валянціна Іванаўна Вусько з Вялікадолецкай СШ. Канечне, кожнаму яна жадала поспехаў на выпускных іспытах, а найбольш перажывала за Дамініку Лапіцкую, якая па выніках навучання прэтэндуе на медаль. У гэты дзень многія бацькі школьнікаў атрымалі Лісты падзякі за выдатную вучобу сваіх дзяцей, перамогі ў алімпіядах, конкурсах, а дзевяцікласнікі, прычым у поўным саставе, афіцыйна папоўнілі рады БРСМ.

Нямала ўзнагарод абласнога і нават рэспубліканскага ўзроўню чакала вучняў Ільюшынскай СШ. У іх ліку, напрыклад, адзінаццацікласніца Ганна Бука – актыўная ўдзельніца прадметных алімпіяд і самых розных конкурсаў і мерапрыемстваў. З віншаваннямі да выпускнікоў, якіх тут гэтак жа 4, іх класнага кіраўніка Ірыны Васільеўны Мілай звярнуліся дырэктар Жанна Анатольеўна Крамін, прадстаўнікі райвыканкама, Жарскага сельвыканкама, райаддзела міліцыі.

Самай “сціплай” па колькасці адзінаццацікласнікаў (іх тут усяго 3), аднак яркай і насычанай стала ўрачыстасць у Глыбачанскай школе, куды з цёплымі словамі і ўручэннем членскіх білетаў ад БРСМ завітаў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Міхайлавіч Ягораў. У гэты дзень разам з класным кіраўніком Інай Аляксееўная Сяліцкай старэйшыя навучэнцы працягнулі алею выпускнікоў – пасадзілі туі. Не абышлося і без традыцыйнага ўскладання кветак да абеліска ў памяць пра загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны вучняў.

У Арэхаўскай СШ галоўнымі героямі імпрэзы сталі ажно 12 адзінаццацікласнікаў. Слова перад прысутнымі трымалі і яны, і бацькі, і дырэктар Ларыса Аляксандраўна Булаўка. Прыгожым дапаўненнем урачыстасці стаў развітальны вальс ад выпускнікоў, а таксама канцэртная праграма, якая сабрала ў актавай зале нямала прысутных. Усе шчыра радаваліся сустрэчы, жадалі маладым людзям шырокай жыццёвай дарогі і поспехаў на ўсіх іспытах.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *