У любы май па адным і тым жа адрасе ў вёсцы Мосар адкрываецца “філіял” кампаніі “Мока”. Як і дзесяць гадоў таму, сюды сцякаюцца нелянівыя ўшачане, якія карыстаюцца магчымасцю сезоннай падпрацоўкі. Яны вязуць мяшкі з вінаграднымі смаўжамі, якіх хапае і на агародах, і ў зарасніках на тэрыторыі ўсяго раёна, ну а асабліва ў наваколлі вёскі Белае, куды граф Забэла больш века таму завёз далікатэснага малюска.
Скрынямі застаўлены ўсе гаспадарчыя пабудовы – да адпраўкі рыхтавалася апошняя партыя, за якой не раз з Гродна прыязджае спецтэхніка. Ну а Уладзімір Блажэй (на здымку) на грузавіку з прычэпам калясіць па ўшацкіх вёсках і дапамагае жыхарам Двор Пліна, Слабады, Чарсцвяд і многіх іншых зарабіць капейку. За кілаграм малюска плацілі 79 капеек, а здавалі за раз людзі і пад 150 кілаграмаў, а гэта 120 рублёў. Праўда, прымаюцца толькі жывыя дарослыя і “ўкормленыя” смаўжы – пэўных стандартаў.
“Лёгкімі такія заробкі не назаву, за кожнай трэба нахіліцца, ды і сезон сёлета вельмі складаны, – распавядае нарыхтоўшчык. – Халодны і дажджлівы май: калі была нізкая трава, смаўжы хаваліся, потым стала некамфортна іх шукаць, ды і папуляцыя паменела, паколькі асноўныя жылі ў баршчэўніку, які актыўна знішчаецца. Калі раней адведзеныя квотай 20 тон закуплялі за 10 дзён ці 2 тыдні, то зараз працавалі тры і нарыхтавалі меней.”
Гродзенская фірма “Мока” перапрацоўвае і пастаўляе ў гандлёвую сетку не толькі марожанае мяса смаўжоў, але і кармавую ракушку.
“Філіял” у Мосары не зачыняецца, нават калі Уладзімір аб’язждае вёскі. На месцы застаецца яго маці. Нарыхтоўка малюска ўжо даўно іх сямейная справа.
Сёлетні сезон закупкі малюска закончыўся ў апошні дзень вясны. Ушачане будуць чакаць нарыхтоўшчыкаў у наступным маі, бо гэта выдатная магчымасць і падзарабіць, і пазбавіць ад шкодніка свае агароды.
Вольга Караленка.