Пастанова Саўміна №267 ад 16 мая гэтага года, як і любы заканадаўчы акт, лёгкім зместам не вылучаецца, аднак цытуецца і абмяркоўваецца… “Не хвалюйся, мы не скажам, што трава вышэй 20 сантыметраў”, – падсмейваюць адзін аднаго суседзі”. Гляджу “Цік-ток”, людзей за неабкошаныя ўчасткі штрафаваць пачалі, а каго прыцягнуць да адказнасці за суседскую сядзібу, на якой ніхто не жыве, ці за плантацыі неапрацоўваемай зямлі?”, – тэлефанавала нам чытачка са Шнітак. А тым не менш, прыгаданы дакумент навацыяй не назавеш – ён унёс толькі некаторыя змены да Правіл добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў (№1087 ад 12 лістапада 2012 года) і зусім не закрануў пастанову №430 ад 22 ліпеня 2020 года, якая замацоўвала межы тэрыторый, што разам са сваімі надзеламі павінны падтрымліваць у парадку ўладальнікі прыватных дамоў. Нічога не змянілася і ў Кодэксе аб адміністрацыйных парушэннях, якім прадугледжана адказнасць за неналежнае утрыманне сядзіб. І вось, расстаўляем кропкі над “і”.
Навацыі майскай пастановы
Упершыню вызначаны памер травы – больш 20 сантыметраў – пры якім яе трэба скошваць. Указана адлегласць ад суседняй мяжы пры пасадцы дрэў і кустоў: высакарослых (больш за 3 метры) – не менш за 3 метры; сярэднярослых (да 3 метраў) – не менш двух; нізкарослых (да 2 метраў) – не менш аднаго. У зоне аднаго метра да мяжы сумежнага зямельнага ўчастка дазваляецца размяшчэнне газона і раслін вышынёй не больш за 1 метр.
Такую ж адлегласць вакол транспартнага сродку трэба расчышчаць ад снегу ўладальнікам машын на прыдамавых стаянках і праезных частках ля іх.
Упершыню з’явіўся ў нормах утрымання тэрыторый і вугал нахілу агароджы – 10 градусаў ад вертыкалі – пры з’яўленні якога давядзецца вяртаць яе ва ўстойлівы стан. Прапісана і эстэтыка ўтрымання сядзіб: своечасовы рамонт, афарбоўка як дамоў, так і гаспадарчых пабудоў. Толькі ў складзеным відзе на тэрыторыі неабходна захоўваць будаўнічыя матэрыялы.
Не меней двух разоў за год трэба выдаляць сухую расліннасць, а таксама сачыць, каб не разрасталіся не толькі інвазіўныя расліны, а і кусты і дрэвы.
Дадатковыя метры
І рабіць усё пералічанае закон прадпісвае не толькі на сваім участку, а і вакол яго.
Ад мяжы да тратуара (у выпадку яго адсутнасці – да праезнай часткі вуліцы, дарогі), па астатніх баках – не больш за 10 метраў. Калі паміж суседнімі надзеламі ёсць нічыйная адлегласць – то папалам, але таксама не больш 10 метраў.
Члены таварыстваў забудоўшчыкаў шматкватэрных дамоў падтрымліваць парадак па перыметры выдзеленых зямельных участкаў, уладальнікі гаражоў – на адлегласці да 5 метраў вакол іх, а юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі – да 30-ці. Для асобных катэгорый прадпрыемстваў існуюць іншыя нормы.
Звычайны зялёны газон
Стракатанне трымераў раздаецца ўвечары па ўсім наваколлі прыватных забудоў – немаленькія ўчасткі абкошваюцца ўжо па другім разе. Прычым, актыўнасць гаспадароў, напрыклад, у нашым мікрараёне ніяк не звязана з новай пастановай – так робіцца заўсёды, хоць і рознай цаной. Добра, калі ў доме гаспадар пры сіле, які і займаецца мужчынскай справай. Але ўсё больш жанчын, прыдбаўшы лёгкія варыянты, косяць “на дачах” самі. А іншыя выключна наймаюць і аплачваюць падобную паслугу. Аднак “кантралёраў” ваш сямейны стан, як і здароўе, не зацікавяць. Яны яго, безумоўна, ўлічаць, і на першы раз вы атрымаеце толькі прадпісанне. А каб не было другой сустрэчы – будзеце выклікаць дзяцей, унукаў, шукаць платных памочнікаў. На жаль, у ТЦСАН, які аказваў такія паслугі пенсіянерам па ільготным кошце, зараз няма адпаведнага работніка. Так што давядзецца звяртацца да прыватнікаў (іх нумары тэлефонаў друкуюцца ў “Патрыёце”), ці шукаць іншыя варыянты.
Дом шукае ўласніка
Толькі па гарадскім пасёлку прадпісанні сёлета атрымалі 34 чалавекі і палова з іх ўжо ліквідавала хібы.
Але праблемы не ў іх, а ў тых сядзібах, што пазначала жыхарка Шнітак – у нічыйных. “Самая складанае – адшукаць уладальнікаў, паколькі часта мы не ведаем ні толькі адрасу, а і прозвішчаў. Не прасцей, калі гаспадары вядуць асацыяльны лад жыцця ці ўжо знаходзяцца ў ЛПП”, – расказвае спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама А.Мялешка. Старшыням сельвыканкамаў у гэтым плане яшчэ цяжэй, бо хат без гаспадароў намнога болей, чым па Ушачах, а каб прызнаць іх нічыйнымі і прадаць ці знесці – трэба прайсці складаны пошукавы шлях. Ды і праблему абкосу, а значыць і патэнцыяльных узгаранняў ад сухой расліннасці гэта не вырашае.
Хто сочыць за парадкам?
Да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў добраўпарадкавання тэрыторый могуць прыцягнуць: супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў, сельскіх выканаўчых камітэтаў, аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама і непасрэдна УП ЖКГ, а таксама цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Гэта артыкул 22.10 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Аднак існуюць і іншыя, блізкія да яго, а прадпісанне адпаведна можна атрымаць і ад спецыялістаў аддзела землекарыстання райвыканкама (напрыклад, за эрозію зямлі на вашым участку) і эколагаў (распаўсюджанне баршчэўніку і іншых інвазійных раслін). Зразумела, што ніхто не ставіць мэту пакараць жыхароў рублём, ды і патрабаванні не змяніліся, аднак у Год добраўпарадкавання ўвага да выгляду населеных пунктаў, канечне, павышаная.
Марыя ЯРМОШ, старшыня Кубліцкага сельвыканкама:
– Шмат робім па навядзенні парадку. Суботнікаў у гэтым сезоне правялі нямала, а нядаўна выпаў “несанкцыянаваны”, як і сама звалка ля шашы ў напрамку Слабодкі. Самы розны гаспадарчы хлам звозілі і выкідвалі туды людзі – давялося нават прасіць дапамогі ў ДРБУ-105, каб пагрузіць і вывезці гэты “скарб”.
Вельмі крыўдна, бо пераканана, што той, хто так робіць, ніколі не выходзіў разам з аднавяскоўцамі на ўборку грамадскіх месцаў. Ведаю, што заклікаць да сумленнасці такую катэгорыю няма сэнсу. Таму проста папярэджваю, што штраф яны атрымаюць за падобныя дзеянні абавязкова максімальны – 30 базавых велічынь. А хто гэта робіць, мы абавязкова вылічым, дзякуючы ўстаноўцы фотапастак, і назавём імёны “герояў” на старонках “Патрыёта”.
А вяскоўцам, якія жадаюць выкінуць старыя рэчы, што не ўмяшчаюцца ў кантэйнер, параю звяртацца непасрэдна ў сельвыканкам: мы звязваемся з камунгасам, устанаўліваем прычэпы, у які і можна пагрузіць усё непатрэбнае.
Дзмітрый ХАМЁНАК, в.Селішча:
– Асабіста для мяне з гэтым законам нічога не змянілася, паколькі штогод наводзім парадак не толькі на сваёй тэрыторыі. Ніхто не жыве побач – абкошваю суседні ўчастак, каб не паўзлі кусты і пустазелле, раблю гэта і на некалькіх на малой радзіме ў Анікеўшчыне. Цяпер чакаю спаду вады, каб пагаліць нічыйнай плошчы ля магазіна. Сарвала ветрам білборд – замацавалі, заклалі дзве новыя алеі, дамаўляемся і абкошваем могілкі ў Мажуйках. Суботнікі для мяне і групы такіх жа аднадумцаў, на жаль, адных і тых жа, пачынаюцца ў сакавіку і заканчваюцца глыбокай восенню. Калі б кожны рабіў хаця б дзясятую частку таго, што мы – жылі б ў райскім кутку. Аднак, ведаю вясковую рэчаіснасць і разумею, што гэта па сілах і па кішэні далёка не ўсім. І калі мы жадаем, каб у кожным населеным пункце не было нічыйных зарослых месцаў, то пры камунгасе або пры сельвыканкаме павінны быць хаця б сезонныя работнікі. Ды і касілкі патрэбны – стаіць жа шмат вялізных тэрыторый. А вось вызначэнне 20 сантыметраў лічу залішнім – рыхтуюць жа людзі і сена. Галоўнае, каб было скошана.
Вольга КАРАЛЕНКА.