15 июня — День медицинских работников. О буднях и успехах ушачских медиков читайте в нашей подборке материалов

Общество

Вялікія справы “маленькага доктара”

Юлія Аляксандраўна Паршонак з усмешкай называе сябе “маленькім доктарам”. За 21 год на пасадзе фельчара хуткай медыцынскай дапамогі навучылася з парога захворванні распазнаваць, дакладна праводзіць неабходныя маніпуляцыі, ды і дзейсную параду даць на любы выпадак. Яна трымае ў памяці дыягназы соцень пацыентаў і ведае практычна ўсе населеныя пункты Ушаччыны.

Творчая па натуры, ураджэнка Сенненшчыны з дзяцінства любіла маляваць і меркавала стаць дызайнерам адзення. На медыцыну ж угаварылі бацькі: бачылі яе добразычлівасць, жаданне дапамагаць іншым. Зрэшты, трапілі ў дзясятку: у Полацкім медкаледжы дзяўчыне адразу спадабалася, таму адвучылася і на медсястру, і на фельчара.

Пачынала кар’еру Ю.Паршонак на радзіме мужа – у вёсцы Селішча. Як цяпер смяецца, уседзець на ФАПе не магла – узяла ў свёкра веласіпед, загрузілася медыкаментамі і з вялізнай сумкай наперавес адправілася па населеных пунктах знаёміцца з жыхарамі. Такой увазе, як і прапановам змерыць ціск ці набыць лекі людзі, канечне, заўсёды рады.

“У першы ж тыдзень давялося трапіць у сітуацыю, якая на ўсё жыццё навучыла быць сабранай, усё пераправяраць, – расказвае Юлія. – На ФАП завітаў хворы на танзіліт мужчына, прынёс антыбіётык і папрасіў укалоць. Канечне, удакладніла, ці няма ў яго алергіі. Той супакоіў, аднак пасля працэдуры збялеў, пакрыўся потам і “з’ехаў” па кушэтцы. Я і сама ледзь прытомнасць ад страху не страціла, а калі дапамагла вяскоўцу ачуняць і той пайшоў дамоў, яшчэ доўга прыходзіла ў сябе”.

Цяпер, працуючы ў “хуткай”, тым больш рыхтуе сябе да розных выпрабаванняў, штораз заступаючы ў змену. Такіх, каб увогуле абыходзілася без выклікаў, у яе практыцы не было. А вось насычаных, калі даводзілася імчаць з выкліку на выклік, дастаткова. “Неяк працавалі з Таццянай Андрэевай – дык кожнай за 12 гадзін па 17 адрасоў паступіла, – расказвае Ю.Паршонак. – Спіс пацыентаў у руках трымала, прадумвала схему дзеянняў: жанчына задыхаецца, у малыша тэмпература пад 40 – спачатку трэба да іх. Канечне, усім хочацца ўбачыць медыка ў лічаныя хвіліны, аднак гэта не заўсёды магчыма…”

На абслугоўванні аддзялення “Ушачы” Віцебскага абласнога цэнтра хуткай меддапамогі – не толькі Ушацкі, але і Лепельскі, Полацкі раёны. Працоўная ж змена фельчара цяпер складае не 12 гадзін, як было раней, а 24.

Прыгадвае Юлія выпадак, калі ехалі да мужчыны з інфарктам у Апанаскавічы. Дарогу пасля дажджоў размыла – аўтамабіль забуксаваў. Выпіхвалі з вадзіцелем і мясцовымі жыхарамі, калі ж урэшце выбраліся і пад’ехалі бліжэй, сутыкнуліся з новай праблемай: да дома транспарт усё роўна не пройдзе – давялося ісці пешшу і несці ў руках медыцынскі чамаданчык, электракардыёграф і “кісларод” (іх вага – каля 27 кілаграмаў), а назад яшчэ і самога пацыента. Яго, на шчасце, удалося выратаваць.

“З вадзіцелямі мне адназначна пашанцавала, – прызнаецца Ю.Паршонак. – Аляксандр Магерка, Ігар Елісееў і з цяжкай ношай дапамагаюць, і да “рэзкіх” пацыентаў са мной ідуць. Удзячна таксама супрацоўнікам РАУС і РАНС, да якіх звяртаюся па дапамогу. Напрыклад, да Пеннай Нівы пасля снегападаў ды ліўняў можна даехаць толькі на спецтэхніцы выратавальнікаў. Адно тэлефанаванне – і яны ўжо чакаюць на з’ездзе з “бальшака”, каб даставіць на месца”.

Самымі цяжкімі ў рабоце фельчар называе зносіны з анкалагічнымі хворымі, якія на вачах “гаснуць”. Гэта інфаркты ці інсульты адбываюцца нечакана, а тут людзі паміраюць доўга і пакутліва, даводзіцца часта бачыцца – да іх прывыкаеш, як да родных. І шукаеш, чым бы дапамагчы, каб суцішыць моцны фізічны боль: падбіраеш аптымальную камбінацыю з медыкаментаў, трымаеш за руку, размаўляеш.

І ўсё ж, застаючыся рамантыкам, ушачанка вучыцца абстрагавацца. Спяшаючыся па чарговым адрасе, радуецца прыгожаму світанку ці захаду, дзіўнай аблачынцы ў небе. У вольны час Юлія “стылізуе”, мяняе пад сябе адзенне, нядаўна пачала вывучаць англійскую і французскую мовы, любіць выбрацца з блізкімі на прыроду, запісаць вясёлае відэа для сацсетак. Калі ж чуе ад тых, хто паправіўся, шчыры “дзякуй”, адчувае сябе па-сапраўднаму шчаслівай.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

Больш чым проста работа

Нямала добрых слоў за такую патрэбную работу, міласэрнасць, дапамогу людзям, выратаваныя жыцці гучала ў адрас ушацкіх медыкаў на святочным мерапрыемстве з нагоды прафесійнага свята. Залу дзіцячай школы мастацтваў запоўнілі не толькі работнікі ЦРБ, а і члены іх сямей, ветэраны працы, а таксама ўдзячныя пацыенты.

Ю.Пацёмкін віншуе А.Гаманёк.

Намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Ягораў падкрэсліў, што медыцыне ў нашай краіне і раёне ўдзяляецца вялікая ўвага, выказаў удзячнасць урачам, медсёстрам, санітаркам, іншым прадстаўнікам ЦРБ, для якіх гэта больш чым прафесія, гэта – лад жыцця.

Шэраг медыкаў былі адзначаны граматамі і падзякамі раённага ўзроўню і непасрэдна райбальніцы. Хоць, як зазначыў галоўны ўрач Юрый Пацёмкін, увесь калектыў заслугоўвае пашаны. Паказчык добрай работы медыкаў не толькі ў выкананні абавязкаў, а і ў водгуках пацыентаў. Шмат станоўчага даводзіцца чуць ад ушачан пра Вольгу Шлёнскую, Валянціну Нарывончык, Лілію Аўдошку, Дзяніса Праніка, Аляксандру Ясюк, Святлану Сцяржанаву, якія атрымлівалі на ўрачыстасці ўзнагароды, і многіх іншых.

Л.Аўдошка.
В.Нарывончык.

Цэняць ушацкіх прафесіяналаў і на вобласці: за шматгадовую працу, асабісты ўклад ва ўмацаванне здароўя насельніцтва Ганаровымі граматамі галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама адзначаны медсястра педыятрычнага аддзялення Ала Гіраўка, урач-рэаніматолаг Аляксандр Паншын і памочнік урача Глыбачанскай бальніцы сястрынскага догляду Галіна Касатая.

Сваім лічаць свята медработнікаў і спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Шмат гадоў старанна працуюць у гэтай арганізацыі Наталля Мароз і Ганна Коўшаль, а таму таксама заслужана атрымалі абласныя ўзнагароды.

Шануюць у райбальніцы і сваіх ветэранаў, загадзя паклапаціліся пра запрашэнне іх на свята і кожнаму прыпаднеслі кветкі. Ну а падарункам для ўсіх медыкаў стаў канцэрт, падрыхтаваны калектывам дзіцячай школы мастацтваў.

Вольга КАМАРКОВА.

Дом фельчара – на вуліцы Цэнтральнай

У Глыбачанскую бальніцу сястрынскага догляду мы прыбылі ў самым канцы рабочага дня – толькі тады ў памочніка ўрача па амбулаторна-клінічнай дапамозе Галіны Фёдараўны Касатай знайшлося крыху часу на гутарку з прэсай. “Нядаўна з Ушач прыехала – на вучобу нас выклікалі. Так цікава было!”, – паведаміла яна.

Шчыра кажучы, у першы момант паспрабавала ўлавіць у гэтай фразе ноткі сарказму: якую Амерыку можна адкрыць медработніку з амаль паўвекавым стажам?.. Але вочы ў Галіны Фёдараўны іскрыліся: “Гарадскія ўрачы прыязджалі, паказвалі, як рабіць сардэчна-лёгачную рэанімацыю, прыклады з практыкі прыводзілі. Калі дакладна ведаць схему дзеянняў, сучасныя медыкаменты і абсталяванне даюць шанс запусціць сэрца на працягу паўгадзіны пасля спынення. Нават у нас на вёсцы ёсць цяпер патрэбныя прыборы: летась вось дэфібрылятар паступіў, мяшкі Амбу для ручной вентыляцыі лёгкіх. Медыцына так хутка развіваецца, што абнаўляць веды трэба штодня!”

А вось прыгадаць людзей, якіх за сваю доўгую кар’еру вярнула да жыцця, жанчына адмовілася: “Канечне, здаралася такое, ды, прабачце, расказваць пра гэта не буду. Бо адразу з палічак памяці ўздымуцца і тыя выпадкі, калі аказалася бяссільнай – а гэта балюча…”

Скончыўшы 9 класаў Звонскай школы, дзяўчына з Пораўна паступіла ў Полацкае медвучылішча, пасля якога трапіла ў Шаркаўшчынскі раён. Маладому фельчару даверылі ФАП, які абслугоўваў 3300 вяскоўцаў. Стварыла сям’ю, разглядалі з мужам варыянт пераехаць у Глыбокае, але ўшацкі населены пункт з аднакарэннай назвай уразіў больш. “Глыбачка 1982-га года была вёскай будучага! У Доме культуры тэатр “Рамэн” выступаў, ды і жыллё нам адразу далі, – узгадвае Галіна Фёдараўна. – Работы было шмат. У мясцовым садку – пад 100 дзетак, 30 цяжарных жанчын на ўліку – здаралася, і на доме роды прымалі. Маіх жа дзяцей тым часам Бог гадаваў. Сын і зараз успамінае, як малышом спрабаваў супакоіць сястрычку, што плакала ў калысцы, калі мяне выклікалі да хворых. Зараз, напэўна, нашу б сям’ю ў спіс нядобранадзейных занеслі!”, – жартуе Галіна Фёдараўна. І ўжо сур’ёзна дадае, што папрокаў ад родных за пастаянную занятасць ніколі не чула – усе разумелі, што вясковы фельчар сабе не належыць. Фактычна, медыцыне служыла ўся яе сям’я.

Зараз на абслугоўванні ўстановы 916 жыхароў 48 населеных пунктаў. У летні ж час да іх дадаюцца і дачнікі.

Галіна Фёдараўна і зараз гэту пачэсную службу працягвае – і яна, і ўрач медустановы Ганна Сямёнаўна Прыходзька маглі б ужо выйсці на заслужаны адпачынак, ды разумеюць, што замены ім пакуль няма. Працоўныя будні па хвілінах распісаны – прыём пацыентаў, выезд па выкліках, а яшчэ трэба абысці дамы ў кожнай вёсцы і правесці дыспансэрызацыю. Для людзей гэта вельмі зручна – і кардыяграму ім здымуць, і кроў на біяхімію возьмуць. “А яшчэ штогадова пульмаскан у Глыбачку і Сарочына прыбывае – тады ў нас “гарачая пара”: увесь персанал бальніцы падключаем, каб літаральна кожнаму вяскоўцу паведаміць. Калі проста аб’явы павесіць – мала хто прыйдзе, мы ж угаворваем, на машыне падвозім. І кожны раз хваробы на ранніх стадыях выяўляюцца – анкалогія, туберкулёз, не адно жыццё такім чынам выратаваць удалося”, – падкрэслівае Галіна Фёдараўна.

А яшчэ ж і пацыенты стацыянара ўвагі патрабуюць. 19 год тутэйшыя палаты састарэлым і моцна хворым людзям дом замянялі, а гераіня аповеду і яе калегі – родных людзей. “Наш старажыл Георгій Аляксеевіч Глебка з Ляснеўшчыны штодня на прагулку ходзіць і нават гімнастыку робіць!” – знаёміць нас Галіна Фёдараўна з пазітыўным пажылым мужчынам (на здымку). А інвалід І групы Аляксандр Станіслававіч Войдак, адарваўшыся ад прагляду тэлевізара, распавядае: “Я паўгода таму ляжачым сюды паступіў, і за гэты час дзяўчаты мяне на ногі паставілі! Догляд выдатны, так добра сябе даўно не адчуваў, нават курыць кінуў!”.

…Змена тым часам скончылася, але і дома ў Галіны Фёдараўны заўсёды напагатове медыцынская сумка. У мінулыя выхадныя, напрыклад, калі ў яе дзеці з унукамі гасцявалі, мужчына пад’ехаў, якога пчолы пакусалі – увяла яму прэпарат, каб анафілактычны шок не развіўся. Яе дом №2 на Цэнтральнай вуліцы ў наваколлі кожны ведае. Як і тое, што ў любы час сутак тут дзверы адчыняць, суцешаць і зробяць усё, каб дапамагчы. І не толькі ў родных мясцінах гэтую цудоўную жанчыну паважаюць – сёлета яе прозвішча занесена на раённую Дошку гонару – што цалкам справядліва!

Наталля БАГДАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *