Юные журналисты «Патрыёта» присоединились к акции «Сделаем Ушачский район чище!»

Образование и молодежь

Як ужо паведамлялася, у чэрвені праводзіцца акцыя “Зробім Ушацкі раён чысцей!”. Разам з новымі ўдзельнікамі аб’яднання юных журналістаў, якія з пачатку канікул далучыліся да нашай творчай суполкі, мы вырашылі ўнесці пасільны ўклад у годную справу, а заадно праверыць, дзе, што і па чым можна здаць у гарпасёлку. Пасля акцыі школьнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Прыкмячалі, што ў гандляроў на гарадскім рынку заўсёды шмат кардоннай упакоўкі. Цікава, куды яны яе потым дзяюць? Можа, выкідваюць у кантэйнеры? “Канечне, не! – патлумачылі нам прадаўцы. – У нас жа тут побач, з боку сквера, ёсць пункт прыёму сыравіны – туды і адпраўляюцца скрыні. Вось, можаце забраць некалькі пустых і дапамагчы нам навесці парадак!” – сказала добразычлівая жанчына-прадавец. Кардон аб’ёмны, таму мы яго склалі і звязалі, а вось здаць у прыгаданым ларку не змаглі, бо працуе ён з 11 да 13 толькі па чацвяргах і пятніцах, калі на рынку самыя ажыўленыя дні, а мы ў гэты час у лагеры.

Але нам сказалі, што сыравіну штодня да 15 гадзін прымаюць у пункце, што размешчаны ў канцы Савецкай. Мы вырашылі сабраць больш макулатуры – прынеслі яе з дому, запыталіся ў прахожых, можа ім трэба дапамагчы пазбавіцца ад непатрэбных папер? “У мяне ў падвале шмат старых газет – магу іх вам аддаць. А ўвогуле вы малайцы, працягваеце традыцыі савецкіх піянераў, якія пастаянна ладзілі такія працоўныя дэсанты”, – сказаў нам пажылы мужчына са шматпавярхоўкі па Фрунзэ. Прапанавалі нам макулатуру і на суседняй вуліцы – мы расклалі ўсё здабытае ў стосы па некалькі кілаграмаў, перавязалі шпагатам і адправіліся яе здаваць. Прыёмшчык Валянціна Фёдараўна Ганчарова (на здымку) ўзважыла паперу – аказалася, што мы сабралі 25 кілаграмаў. Дарэчы, макулатура – гэта адзіны від другаснай сыравіны, які прымаюць у дзяцей і падлеткаў. А вось металалом, пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, старыя тэлевізары і іншую бытавую тэхніку здаваць можна толькі дарослым.

Грошай якраз хапіла ўсім на марожанае! Настрой у нас быў добры: малодшым школьнікам не так проста самастойна нешта зарабіць. А яшчэ прыемна адчуваць, што мы прынеслі карысць экалогіі, збераглі дрэвы – з макулатуры зробяць новую паперу і, магчыма, яна пойдзе на нашы сшыткі для наступнага навучальнага года!

Яўгенія, Цімафей і Варвара МАЙСЯЁНКІ, Вікторыя і Паліна ШАРЛАЙ, Вікторыя ПЯТНІЦА.

Звяртаем увагу чытачаў, што ў прыёмным пункце ля рынка зараз можна здаць не толькі паперу, а і бытавую тэхніку (вядома ж, у неразабраным выглядзе). Нагадаем, што гэты від другасных рэсурсаў заберуць у вас і работнікі кампаніі “БелВТІ-рэгіён”, выклікайце іх па нумарах 8-029-235-23-52, 8-029-115-23-52. Разнастайную сыравіну прымаюць кааператары ў павільёне ля аўтабазы. Што да расцэнак, то, напрыклад, макулатуру тут грамадзяне могуць здаць па 25 капеек за кілаграм, ПЭТ-бутэльку – па 50, шклабой – 16, а больш падрабязную інфармацыю паведамяць вам па нумары 8-029-295-19-30.

Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *