У суботу ўшацкі “Партызан” завяршыў усе паядынкі першага круга чэмпіянату вобласці па футболе і забяспечыў сабе лідарскую пазіцыю ў групе “С”!
Хоць апошнія некалькі тураў нашы землякі праводзілі не ў аптымальным складзе (сабраць усіх мацнейшых перашкодзілі траўмы, працоўныя графікі і атрыманыя раней карткі), аднак здабылі дзве прыгожыя буйныя перамогі над камандамі з Шуміліна і Браслава (6-1 і 5-2 адпаведна). А вось у апошнім туры сябры-сапернікі з Бешанковіч змаглі навязаць “Партызану” барацьбу і зафіксаваць нічыйны вынік. Дарэчы, гэта быў унікальны матч, бо, як і летась, ушачане праводзяць на тутэйшым стадыёне дамашнія паядынкі, так што абедзьве каманды гулялі як бы на сваім полі. Тым часам галоўныя праследавацелі ўшачан – футбалісты з Докшыц і Шаркаўшчыны – таксама згубілі ачкі ў сваіх паядынках і не скарысталіся шансам дагнаць нашых землякоў.
Адметная гульня ў Бешанковічах была і чарговым прыгожым голам Мацвея Федарэнкі. Пра 19-гадовага форварда ўшачан варта прыгадаць асобна: юнак набраў у шасці матчах 10 балаў – правёў 8 галоў і зрабіў 2 выніковыя перадачы, прычым, у гульні з браслаўчанамі запісаў на свой рахунак хет-трык! Зараз Мацвей узначальвае спіс бамбардзіраў чэмпіянату, што, безумоўна, з’яўляецца прыемнай сенсацыяй, бо сярод прэтэндэнтаў на лідарства ў гэтым заліку нямала ігракоў з вопытам гульні ў першай і нават вышэйшай лізе. Яшчэ два ўшацкія футбалісты – Яўген Ярмош і Мікіта Бадзякін – уваходзяць у дзясятку самых рэзультатыўных ігракоў групы “С”. У лідарах па выніковасці і “Партызан”: ушачане забілі 21 гол і апярэджваюць усе каманды чэмпіянату!
“Калі ў пачатку турніру наша добрая гульня для многіх была сюрпрызам, то зараз мы заваявалі аўтарытэт і перамогам ніхто не здзіўляецца. Відавочна, што ў другім крузе ўсе сапернікі будуць сур’ёзна настройвацца на матчы з лідарам і нам прыдзецца няпроста. Але ўзровень майстэрства і сыгранасці расце з кожным матчам, сплаў маладосці і вопыту яшчэ больш загартоўваецца, а да самааддачы ўшацкіх ігракоў увогуле няма ніякіх пытанняў! Вялікі дзякуй і нашым балельшчыкам за веру ў каманду. Пастараемся вас не расчараваць!”, – падводзяць вынікі першага адрэзку чэмпіянату гуляючыя трэнеры “Партызана” Раман Фядосенка і Ігар Коршун.
Мацвей ФЕДАРЭНКА: “Майго лідарства ў заліку бамбардзіраў не было б без майстэрства партнёраў па камандзе, якія выводзяць мяне на ўдарныя пазіцыі. Увогуле хачу падкрэсліць, што ў нашым клубе сяброўская атмасфера, нам, маладым, давяраюць і мы стараемся не падвесці вопытных калег”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.