На базе ФОК «Юность-Ушачи» прошел учебно-тренировочный сбор национальной команды Республики Беларусь по дзюдо

Cпорт

Пяць год таму нацыянальная зборная рэспублікі Беларусь па дзюдо стала “першай ластаўкай высокага палёту”, адкрыўшай спартыўнаму свету наш новенькі комплекс як годную базу для правядзення вучэбна-трэніровачных збораў. З таго часу ўшацкі аб’ект прыняў не адзін дзясятак айчынных і замежных каманд, тут адточвалі сваё майстэрства валейбалісты, плыўцы і нават прадстаўнікі сучаснага пяцібор’я. Але першыя заўсёды застаюцца адметнымі – і калі 9 студзеня самыя перспектыўныя дзюдаісты нашай краіны зноў засяліліся ў пакоі інтэрната спарткомплексу, мы завіталі да старых знаёмых.

Зрэшты, такі эпітэт будзе не зусім дарэчным: з тых, хто прыязджаў ва Ушачы ў снежні 2017-га, у зборнай засталіся адзінкі. Прыемна было ўбачыць на татамі ўзмужнелага Даніэла Мукетэ, які з перспектыўнага навічка ператварыўся ў лідара каманды. Марына Слуцкая, золату якой на ІІ Еўрапейскіх гульнях радавалася ўся краіна, цяпер вядзе да перамог дзюдаістак у якасці настаўніка. А пост галоўнага трэнера зборнай год таму заняў легендарны беларускі барэц Андрэй Казусёнак – чэмпіён Еўропы па дзюдо, уладальнік сямі залатых медалёў сусветнага і кантынентальнага першынстваў па самба.

Узначаліць абноўленую зборную Андрэю Фёдаравічу давялося ў няпросты час. Медалёвая “засуха” на апошніх алімпіядах, адхіленне нашых барцоў ад сусветных стартаў… Вось і зараз пытанне ўдзелу беларусаў у спаборніцтвах Міжнароднай федэрацыі дзюдо застаецца адкрытым, таму на гэты сезон складзена два календары – калі “знешні” варыянт адпадзе, спартсмены засяродзяцца на сумесных стартах з расіянамі. Прынамсі, удзел у такіх турнірах мае свае плюсы: на іх выязджае пашыраны склад зборнай і такім чынам больш беларускіх барцоў атрымліваюць практыку сустрэч з моцнымі сапернікамі – а расійскія школа дзюдо з’яўляецца адной з лепшых у свеце.

Галоўнай мэтай ушацкага збора было закладанне базы агульнафізічнай падрыхтоўкі, а ўмовы для гэтага на комплексе – дастойныя. Станоўча вырашылася і пытанне пражывання. “Адміністрацыя “Юнацтва-Ушачы” і ў першую чаргу дырэктар Сяргей Генадзьевіч Кіслы зрабілі ўсё магчымае, каб нам было камфортна, – зазначае галоўны трэнер. – Тыя, каму не хапіла месцаў у інтэрнаце, засяліліся ў катэдж, нядаўна перададзены аб’екту для падобных мэт, на трэніроўкі спартсменаў падвозілі на мікрааўтобусе. Аднак вашаму комплексу, канечне, проста неабходна гасцініца, і тады ён дакладна стане адной з лепшых трэніровачных баз для розных зборных краіны”. Добрыя словы спартсмены выказалі і ў адрас работнікаў Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства, якія забяспечылі смачнае і збалансаванае харчаванне.

Што датычыцца непасрэдна трэніровак, то яны праходзілі ў трэнажорцы, басейне, а ў дзень нашага візіту дзюдаісты выйшлі на татамі. Бачыць зусім побач легенд айчыннага спорту цікава і хвалююча. Памятаю, як у далёкім 2008-м падчас алімпійскай тэлетрансляцыі перажывала за Андрэя Казусёнка, якому аднаго кроку не хапіла да п’едэстала: вельмі крыўдна саступіў егіпцяніну. Затое праз год лёс вярнуў доўг у фінале еўрапейскага чэмпіянату ў Тбілісі, дзе давялося змагацца з гаспадаром татамі: наш волат пасля ўдалага кідка правёў утрыманне, і калі грузін стаяў на “срэбранай” прыступцы, з яго вачэй каціліся слёзы… А вось нястомна адпрацоўвае прыёмы мініяцюрная Ксенія Даніловіч, інтэрв’ю з якой нядаўна чытала ў “СБ”. Ветэрану нашай жаночай зборнай на апошніх турнірах крыху не шанцуе – усё срэбра ды бронза, але няма сумненняў, што ў яе скарбонку трапіць метал вышэйшай пробы. Пасля трэніроўкі набралася смеласці і папрасіла дзяўчыну… паказаць які-небудзь прыём – на татамі яна мяне прызямліла адным няўлоўным рухам, але вельмі мякка, патлумачыўшы, як правільна падаць, каб не атрымаць траўму.

Звялі мы стасункі і з моладдзю. 17-гадовы палачанін Мікіта Маскоў у пашыраным складзе зборнай ужо другі год, а летась атрымаў і першы міжнародны медаль – “бронзу” піцерскага турніру. Насця Косінец з Жодзіна ў дзюдо з шасці год і проста не ўяўляе сябе без кімано. На пытанне ж, ці не сумавалі яны ва Ушачах, расказала, што ў вольны час, а яго было не так многа, глядзелі кіно, спявалі пад гітару, на якой выдатна грае Віка Кандрацьева, плялі сувеніры з бісеру – нават у суровым спорце дзяўчаты застаюцца дзяўчатамі!

Пасля такога прыемнага знаёмства захацелася яшчэ больш уважліва сачыць за выступленнямі прадстаўнікоў гэтага алімпійскага віду спорту. А наколькі плённым аказаўся для іх ушацкі збор, пакажа бліжэйшы міжнародны старт у Сочы, дзе шэсць лепшых барцоў прымуць удзел у камандных спаборніцтвах.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *