У гэтыя летнія дні ўшацкія выратавальнікі актыўна праводзяць прафілактычную работу.
У рамках рэспубліканскай акцыі «Бяспечныя канікулы» кожны дзень у прышкольных і спартыўных лагерах, дашкольных установах ладзяцца розныя мерапрыемствы, на якіх дзеці засвойваюць і паўтараюць правілы бяспекі. Напрыклад, хлопчыкі і дзяўчынкі з профільнай змены МНС Ушацкай школы абмяркоўвалі важныя веды непасрэдна ў пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 і знаёміліся з буднямі выратавальнікаў. А для дзяцей з аздараўленчага лагера “Сонейка» работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях і раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах арганізавалі заняткі на беразе Вечалля (на здымку).
Паважаныя бацькі, не пакідайце дзяцей без нагляду, схавайце запалкі і іншыя падобныя прадметы, растлумачце правілы бяспекі і да чаго можа прывесці свавольства з агнём, раскажыце, як сябе паводзіць пры пажары: не хавацца, не спрабаваць выратаваць свае цацкі, а адразу выбягаць з хаты на вуліцу і клікаць на дапамогу дарослых. Будзьце асцрожнымі ля вадаёмаў самі і вучыце гэтаму дзяцей.
- З пачатку года на пажарах у краіне загінулі 314 чалавек, у тым ліку абарвалася жыццё траіх дзяцей.
- З 23 па 29 чэрвеня на Ушаччыне пройдзе спецыяльнае прафілактычнае мерапрыемства “Дом без пажару”. Падчас абследавання домаўладанняў жыхароў раёна работнікі МНС асаблівую ўвагу будуць надаваць адзінокім пенсіянерам, інвалідам, шматдзетным сем’ям, правераць супрацьпажарны стан жылля, акажуць кансультатыўную дапамогу.