Тэлекамунікацыі – гэта сфера, дзе тэхнічны прагрэс асабліва адчувальны. Здаецца, зусім нядаўна галоўным сродкам нашых зносін быў стацыянарны тэлефон, а тэлебачанне прапаноўвала ўсяго некалькі каналаў. Зараз жа мы вандруем па інтэрнэт-прасторы і можам звязацца па відэасувязі з любым куточкам свету. Стварэнне магутнай лічбавай інфраструктуры ў Беларусі звязана найперш з РУП “Белтэлекам”. У пачатку ліпеня кампанія адзначыць сваё 30-годдзе – напярэдадні гэтай даты мы пабывалі ва Ушацкім участку электрасувязі Віцебскага філіяла прадпрыемства і пагутарылі з яго работнікамі пра гісторыю і цяперашнія рэаліі запатрабаванай у насельніцтва службы.

Шнуры злучалі ўручную
Дзейнасць РУП “Белтэлекам” пачалася ў 1995-м, але мы зробім экскурс у больш далёкія часы. Дапамогуць у гэтым ветэраны галіны, якія былі непасрэднымі ўдзельнікамі станаўлення і развіцця электрасувязі ў нашым раёне.
Усё жыццё прысвяціў гэтай справе Іван Іванавіч Папко. Мужчына прыгадвае, што калі ў 1967-м прыйшоў пасля арміі ў Полацкі эксплуатацыйна-тэхнічны вузел сувязі, у арсенале ўшацкіх работнікаў было 2 камутатары па 120 нумароў, адзін міжгародні тэлефонны апарат і абсталяванне праваднога вяшчання. Напэўна, сучасным чытачам варта патлумачыць, што камутатар – гэта “стол”, да якога былі падключаны ўсе прыгаданыя 120 ліній: тэлефаністкі ўручную перастаўлялі шнуры і такім чынам злучалі двух суразмоўцаў. Пазней гэтыя прылады замянілі на аўтаматычную станцыю на 400 нумароў, а яшчэ праз колькі часу з’явілася абсталяванне на 1000 абанентаў. Паступова станцыя мадэрнізавалася, і менавіта І.Папко займаўся гэтым працэсам. Ён быў прызначаны на пасаду інжынера, а ўцэлым прысвяціў прадпрыемству больш 40 год. В.Стрыжонак, які ў той час узначальваў раённы вузел, падкрэсліваў, што на ім трымаецца ўся сувязь. “Іван Іванавіч – чалавек незаменны! Менавіта дзякуючы яго залатым рукам у нас усё працуе без збояў!” – характарызаваў перадавога работніка начальнік станцыённага ўчастка А.Радзюш. Прынамсі, і сам Аляксандр Аляксандравіч, і яго жонка Наталля Пятроўна, якая была дзяжурным электрамеханікам, таксама пакінулі прыкметны след у гісторыі прадпрыемства.

Днямі “Белтэлекам” атрымаў званне лаўрэата Прэміі ўрада за дасягненні ў галіне якасці. Гэта ўжо пятая падобная ўзнагарода за апошнія гады.
Пераможцы сацспаборніцтва
41 год працуе на ім электраманцёр лінейных збудаванняў сувязі Пётр Сяргеевіч Клопаў. У сярэдзіне 80-х тэлефонныя лініі былі паветраныя і маладога работніка накіравалі ў брыгаду, якая займалася іх капрамонтам. Аб’ём работ быў вялікі – на прадпрыемстве працавала аж 48 манцёраў. Начальнік участка Васіль Анатольевіч Шчэрбік, брыгадзір Мікалай Рыгоравіч Герцык умелі дакладна арганізаваць рабочы працэс, і маладзёжная брыгада, у склад якой уваходзіў Пётр, перавыконвала план і нават стала пераможцай рэспубліканскага сацыялістычнага спаборніцтва! Працавалі сувязісты на сумленне, дзякуючы ім у раёне стала ў разы больш абанентаў. Не абыходзілася і без форс-мажораў. П.Клопаў прыгадвае, як у снежні 1996-га моцны буран “уклаў” амаль усе слупы паміж Кублічамі і Судзілавічамі – над аднаўленнем манцёры шчыравалі амаль месяц без выхадных.
Ушацкі ўчастак – гэта сэрвісны цэнтр, лінейна-тэхнічная і станцыённая групы. Калектыў, які складаецца з 20 работнікаў, паспяхова спраўляецца з усімі ўскладзенымі на яго функцыямі.
Сямімільнымі крокамі
У пачатку 2000-х паветраныя лініі пачалі замяняць на падземныя. Увогуле працэс мадэрнізацыі з часу ўтварэння РУП “Белтэлекам” пачаў рухацца сямімільнымі крокамі. На змену састарэлым АТС прыйшлі электронныя, укараняюцца мультысэрвісныя платформы. Зараз ва ўшачан маецца больш за 5600 стацыянарных тэлефонаў. З 2006 года ў нашы дамы пачаў прыходзіць інтэрнэт. Як паведаміў нам начальнік Ушацкага ўчастка электрасувязі Арцём Ігаравіч Гарбаценка, агульная працягласць ліній сувязі па раёне на цяперашні момант складае каля 1900 кіламетраў, больш за 350 з іх – валаконна-аптычныя, што дазваляе павялічваць хуткасць і якасць паслуг. За апошнія некалькі год на оптавалакно пераключылі Жары, Старае Сяло, Мосар, Арэхаўна і іншыя населеныя пункты. Калі спачатку на такія лініі маглі разлічваць вёскі, дзе больш 150 домаўладанняў, то зараз выгоду атрымліваюць і тыя, дзе 25-50 сядзіб – вядома ж, з папярэднім разлікам эканамічнай мэтазгоднасці.
У 2014 замест аналагавага тэлебачання “Белтэлекам” прапанаваў аж тры варыянты: інтэрактыўнае, SMART і эфірнае. На платформе ZALA даступны 145 каналаў, у ліку якіх, дарэчы, ёсць і “ЯСНАе TV” – уласны прадукт прадпрыемства. Сувязісты прапануюць абанентам і паслугі відэакантролю – у нашым раёне на іх абслугоўванні каля 460 камер.
У “партфелі” кампаніі больш чым 100 паслуг. А калі ўлічыць, што 30 год – узрост маладосці – то перспектыву прадпрыемства, як і ўвогуле сферы сувязі, можна ахарактарызаваць словам “грандыёзная”. Віншуем наш “Белтэлекам” і жадаем яму доўгай і яркай гісторыі!
Наталля БАГДАНОВІЧ.