Школьники из отряда «Пост №1 города-героя Минска» побывали в Ушачах

Образование и молодежь

Страявы крок, адточаны рух і бездакорны выгляд – на працягу 40 гадоў ля Вечнага агню на плошчы Перамогі ў сталіцы школьнікі з атрада “Пост №1 горада-героя Мінска” нясуць Вахту памяці. Гэты рытуал ужо стаў адметнасцю горада. Упершыню за ўсю гісторыю існавання Паста №1 яго ўдзельнікі завіталі ў наш раён і заступілі на Вахту памяці на знакавых для ўшачан месцах – мемарыяльным комплексе “Прарыў” і ля помніка загінуўшым воінам і партызанам у гарпасёлку. 

З верасня па май лепшыя школьнікі сталіцы нясуць Вахту памяці, за вучэбны год на Пост №1, які створаны пры Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі, заступае каля 900 навучэнцаў 8-11-х класаў. Гэта ганаровае права трэба заслужыць выдатнай вучобай і актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Яшчэ адзін важны момант – стан здароўя, бо нясенне вахты патрабуе фізічнай загартоўкі. Дождж, вецер, снег – усё трэба стойка вытрымаць. Пакінуць пасаду нельга, паварушыцца – таксама. А гэта бывае не так і проста за 20 хвілін, што доўжыцца змена. Тым не менш, жадаючых несці ганаровую вахту заўсёды шмат. Нароўні з хлопцамі гэта робяць і дзяўчаты. Яны прызнаюцца: справа няпростая, але вельмі пачэсная.

– Галоўная задача дзяцей – стоячы ля Вечнага агню, аддаць даніну павагі людзям, якія ахвяравалі жыццямі дзеля нас. Яны задумваюцца, якой цаной дасталася перамога ў Вялікай Айчыннай вайне. І нясенне ганаровай Вахты памяці – моцны практычны складнік у выхаванні сапраўднага грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны. Кожны трэці беларус загінуў, мы павінны гэта памятаць. І ўсім будзем казаць пра гэта. Толькі так мы захаваем мір на нашай зямлі, – зазначае начальнік штаба Паста №1 г.Мінска Сяргей Быкаў.

Дарэчы, такіх пастаянна дзеючых пастоў у нашай краіне тры: яшчэ па адным ёсць у Брэсце і Магілёве. Мінскі – самы малады: з’явіўся 3 ліпеня 1984 года. За гэты час на вахту заступалі тысячы хлапчукоў і дзяўчынак. Многія ўжо выраслі, і цяпер у гэтай справе – іх дзеці.

У летні перыяд на базе паста адкрываецца аздараўленчы ваенна-патрыятычны лагер і пры ім ужо трэці год рэалізуецца праект “Пост №1: па слядах агню і болю”. У гэты час навучэнцы адпраўляюцца ў экскурсійны маршрут па месцах баявой славы краіны.

– Ушачы славяцца гераічным мінулым, ведаем пра “Прарыў”, а таму не раздумваючы сёлета абралі яго першай кропкай нашага летняга маршрута, – адзначылі госці раёна і дадалі, што спадабаўся ім не толькі велічны мемарыял, а і цудоўная ўшацкая прырода.

Акрамя рытуала і ўскладання кветак юныя патрыёты сустрэліся з ушацкімі школьнікамі і падчас дыялогавай пляцоўкі расказалі пра дзейнасць Паста №1, пабывалі на сядзібе-музеі Васіля Быкава і, канечне, не змаглі абмінуць музей народнай славы імя У.Е.Лабанка. Дарэчы, як зазначыла галоўны захавальнік фондаў установы Святлана Турло, гэта была вельмі цікавая экскурсія: дзеці не задавалі пытанні, а наадварот, паказалі грунтоўныя веды па гісторыі вайны і партызанскага руху.

Мінскаму дзяржаўнаму палацу дзяцей і моладзі сёлета прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва за значныя дасягненні ў патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, арганізацыю работы Паста №1 горада-героя Мінска па нясенні Ганаровай Вахты памяці.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *