Открыть для себя захватывающий мир фотографии в объединении по интересам «Цифровая фотосъемка» может каждый

Образование и молодежь

“Што гэта за юныя прыгажуні вашу рэкламу пра падпіску аздабляюць?” – задаюць нам пытанні некаторыя чытачы. Адкрываем таямніцу: у кадры з “Патрыётам” – удзельніцы аб’яднання па інтарэсах “Лічбавая фотаздымка” раённага цэнтра дзяцей і моладзі. З названай творчай суполкай у нас склаліся сяброўскія стасункі, а нядаўна мы завіталі ў госці да гурткоўцаў і іх педагога Уладзіміра Жыткова.

Што найперш прыцягнула ўвагу, дык гэта розны ўзроставы дыяпазон фотааматараў: на заняткі прыходзяць не толькі школьнікі, а і працуючая моладзь. У вольны ад работы час заглядваюць у цэнтр работнікі магазіна “Санта” Арцём Лаеўскі і Дзмітрый Ярмош, адпрацаваўшы змену ў райбальніцы, дзе ён адказвае за забеспячэнне хворых кіслародам, спяшаецца сюды Аляксандр Сапега. “Фатаграфіяй цікаўлюся са школьных часоў, спачатку асвойваў усё самастойна, і вось ужо чацвёрты год пашыраю веды на занятках цэнтра”, – падзяліўся з намі Саша. Шчыра захоплена фотасправай і яго цёзка – Аляксандра Мацвеенка. Дзяўчына нават разглядае варыянт паступлення пасля 9 класаў у каледж, які рыхтуе прафесійных фатографаў. Ужо многаму навучыліся Яна Лукашэвіч, Насця Казлова, Паліна Жалейка, Аня Лабань: ведаюць, як знайсці ўдалы ракурс, арыентуюцца ў камп’ютарных праграмах. З цеплынёй прыгадвае Уладзімір Жыткоў сваіх першых вучаніц Алесю і Злату Бойчанка, мадэльныя вобразы якіх упрыгожылі архіўную фотагалерэю аб’яднання.

У ёй, напэўна, ужо не адна тысяча здымкаў. Робяцца яны і ў вучэбнай студыі (як прыгаданыя вышэй кадры для рэкламы газеты), і на натуры. Дзе толькі ні праходзілі фотасесіі: на Вечаллі і Баравёнку, у лесе і ля архітэктурных помнікаў. “А вось мне, напрыклад, запомнілася наша здымка на полі з саламянымі цюкамі!” – прыгадвае Аліна Дзенісёнак і шчыра прызнаецца, што ёй больш падабаецца выступаць у ролі мадэлі, чым спасцігаць прамудрасці балансу вытрымкі і дыяфрагмы. Дзяўчына, да слова, зараз вучыцца на цырульніка, але па-ранейшаму спяшаецца ў любімае аб’яднанне, калі прыязджае на выхадныя. “А я – наадварот, магу гадзінамі апрацоўваць фота ў камп’ютары, чараваць над настройкамі (мы не выкарыстоўваем “аўтамат”) – тут жа трэба столькі ўсяго ўлічыць: свет, надвор’е, рухавасць натуры, – расказвае Аляксандр Сапега. – Больш за ўсё люблю здымаць прыроду і жывёл – асабліва свайго сабаку Туза: ён у мяне ўжо зоркавая мадэль, аднойчы за перамогу ў конкурсе нават ашыйнік у якасці прыза атрымаў!”

Выхаванцы аб’яднання заваявалі шэраг конкурсных дыпломаў. У іх ліку – “срэбра” рэспубліканскага праекта “Макрапогляд у прыроду”, ІІ і ІІІ месцы абласных этапаў конкурсаў “АРХ-навацыя” (фота архітэктурных аб’ектаў) і “Прырода і жывёльны свет Беларусі”.

Адпавядаць такім дасведчаным вучням педагогу гуртка дапамагае вышэйшая тэхнічная адукацыя, аднак ён пастаянна пашырае веды праз адпаведныя курсы, вебінары. А яшчэ У.Жыткоў і яго творчая каманда заўжды спрабуюць нешта новае: нядаўна, напрыклад, узяліся за асваенне тэхнікі “фрызлайт” – гэта маляванне светам пры здымцы на доўгай вытрымцы.

Для навічкоў дзейнічае група 1-га года навучання, для аматараў “са стажам” – свая суполка. Аб’яднанне пастаянна наведваюць каля 20 юных фатографаў, заняткі ладзяцца 5 дзён на тыдзень, у тым ліку па нядзелях. Так што адкрыць для сябе захапляльны свет фотаздымкі можа кожны!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *