З нямецкай мовы слова “бухгалтар” можна прыблізна перавесці як “чалавек, які трымае кнігу”. Сучасныя прадстаўнікі гэтай прафесіі актыўна выкарыстоўваюць камп’ютар, праграмнае забеспячэнне, дагэтуль папулярны калькулятар, але ж кніга, ды не адна, таксама застаецца. Вядома ж, на іх старонках – не мастацкія вобразы, а шэраг лічбаў, разлікаў, справаздач… Можа падацца, што такая работа – руцінная. Ці так гэта, мы спыталі ў спецыяліста, чыё прозвішча сёлета занесена на раённую Дошку гонару: галоўнага бухгалтара Ушацкага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Аксаны Радзевіч.
– Доля праўды ў гэтым ёсць: работа з лічбамі для нас – перш за ўсё, – кажа бухгалтар з больш чым дваццацігадовым стажам. – Але ж зносінаў усё роўна хапае: пастаянна хтосьці тэлефануе, у кабінет заходзяць калегі, каб нешта спытаць, удакладніць – і так увесь дзень, уваходныя дзверы з маім намеснікам Аленай Міхайлаўнай Апёнак спецыяльна не зачыняем. Сумаваць не даводзіцца яшчэ і таму, што дастаткова часта мяняецца заканадаўства, а ў ім трэба добра арыентавацца, каб не дапусціць памылак.
На пасадзе Аксаны Іванаўны недастаткова быць толькі прафесіяналам бухгалтарскага ўліку. Паколькі ўстанова фінансуе абсалютна розныя сферы, каб уяўляць схаваныя за лічбамі аб’ёмы і віды работ, даводзіцца разбірацца ў асновах дзейнасці ўсіх падведамасных арганізацый, а іх каля 30.
Напрыклад, каб годна скласці рацыён харчавання школьнікаў, правільна ўжываць нормы выдачы спецвопраткі, трэба ведаць кулінарную справу і ахову працы. Каб дакладна разлічыць амартызацыю будынкаў, спланаваць рамонт, патрэбны некаторыя інжынерныя, будаўнічыя азы. Так што добры бухгалтар – гэта носьбіт самай рознай інфармацыі.
Нарадзілася А.Радзевіч у Мядзелі Мінскай вобласці. Бухгалтарскую спецыяльнасць атрымала спачатку ў Маладзечанскім
гандлёва-эканамічным каледжы Белкаапсаюза, а потым завочна ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце.
Практыку Аксана Іванаўна пачынала ў Мядзельскім райспажыўтаварыстве, з 2004 па 2007 гады працавала ў падатковай інспекцыі ва Ушачах, а пасля – некаторы час на Нарачы і ў Мінску, была намеснікам галоўнага бухгалтара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра гігіены.
– У маладосці мяне вабілі сталічныя выгоды, у сельскую мясцовасць пераязджаць не збіралася, хаця муж-медык неаднойчы гэтую тэму ўздымаў, – прызнаецца жанчына. – Але ж пасля нашага першага візіту на Ушаччыну ўсё кардынальна змянілася: куды б ні кідалі жыццёвыя дарогі, цягнула менавіта сюды. Таму ў 2020-м перабраліся са здымнага сталічнага жылля ў прыгожае Вашкова, перавялі дачушак ва Ушацкую школу, а я пайшла працаваць у цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, які толькі адкрываўся.
Ці лёгка было на новым месцы? Адназначна не! Па-першае, давялося многае асвойваць з нуля: дагэтуль усе арганізацыі, у якіх працавала А.Радзевіч, былі небюджэтнымі, а там у бухгалтэрыі іншыя нюансы. Па-другое, жанчыне адразу даверылі адказную пасаду намесніка галоўнага бухгалтара, а там хутка і да цяперашняй “дарасла”.
На сённяшні дзень Аксана Іванаўна адказвае за немалы і дружны бухгалтарскі калектыў – разам з ёй працуюць 22 спецыялісты. Яна добра ведае функцыі кожнага з пяці аддзелаў, не толькі курыруе і кантралюе іх дзейнасць, але і дзеліцца ведамі, парадамі.
Ці бываюць у галоўнага бухгалтара спакойныя дні? Ніколі! З улікам аб’ёмаў работ, іх разнапланавасці нагрузка на кожнага бухгалтара, эканаміста – проста каласальная, а на кіраўніку – тым больш.
На наша пытанне аб самых радасных момантах у практыцы Аксана Іванаўна з абаяльнай усмешкай адказвае: “Як для любога бухгалтара, – калі сыходзіцца баланс”. Яна заўсёды імкнецца, каб усё было правільна, дакладна, зразумела, хаця ўпэўнена, што не памыляецца толькі той, хто не працуе.
Не сядзіць без справы А.Радзевіч і пасля заканчэння рабочага часу. У Вашкове, якое стала для ўсёй сям’і другой радзімай, любіць у садзе ці на градках пашчыраваць, сярод кветак улетку з блізкімі пагаманіць. Старэйшая дачушка Аляўціна, пра якую мы летась расказвалі як пра ўладальніцу 100-бальнага выніку на ЦЭ па рускай мове, зараз вучыцца ў Санкт-Пецярбургу (мяркуе звязаць жыццё з графічным дызайнам), а малодшая Марыя – яшчэ дзевяцікласніца, хоча стаць архітэктарам і ва ўсім імкнецца да ідэалу. Так, як гэта заўсёды робіць – дома і на рабоце – маці.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ

