Сёння спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння Петруся Броўкі – ганаровага грамадзяніна Ушацкага раёна, Народнага паэта Беларусі і ўплывовага грамадскага дзеяча не толькі нашай краіны, але і Савецкага Саюза. Пётр Усцінавіч – не адзіны наш славуты зямляк, аднак ён першы, хто выключна сваім талентам і без усялякіх пратэкцый “выбіўся ў людзі”. Так на яго малой радзіме клічуць тых, хто вывучыўся і меў годную прафесію. Рэдактар яшчэ даваеннага часопіса “Полымя”, Беларускай савецкай энцыклапедыі, якая цяпер носіць яго імя, старшыня саюза пісьменнікаў Беларусі, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, удзельнік асамблеі Арганізацый аб’яднаных нацый. Аднак ён да канца сваіх дзён, да 24 сакавіка 1980-га, заставаўся простым і ўважлівым да землякоў.

І тая рэчачка Ушачка…
Сям’я Усціна Адамавіча Броўкі была вельмі беднай. Бацька паэта займаўся вырабам мэблі, вёў хатнюю гаспадарку, як і маці Алена Сцяпанаўна. Яна ж хадзіла і на заробкі да пана Вярэнькі – сядзіба стаяла ў канцы цяперашняй вёскі ва ўрочышчы Ліпнікі. Да гэтага часу б’е і крыніца, якую прыгадвалі ва ўспамінах Пётр Усцінавіч і яго малодшая сястра Валянціна.
У энцыклапедыях пішацца пра васьмёра ці дзевяць дзяцей, на самой справе нарадзілася ў сям’і дзесяць, проста двое памерлі ў вельмі раннім узросце. Пятрусь, другі па ліку, часта наведваў панскую сядзібу бацькоў даследчыка-краязнаўцы Леапольда Вярэнькі. Мабыць, менавіта там і пачынаў вучыцца чытаць. У дзевяцігадовым узросце з-за таго што быў адным з нямногіх у вёсцы, хто ўмеў пісаць, па просьбе жанчын складаў лісты іх мужам на франты Першай сусветнай вайны. Пазней ён скончыў царкоўна-парафіяльную школу ў Лепелі і паступіў у вучылішча, але дыплома не атрымаў – сям’я не змагла аплаціць вучобу.
У Вярэнек была хваравітая дачка, якая неяк пазайздросціла Алене Сцяпанаўне: “Шчаслівая вы, басанож можаце па расе хадзіць, а я калі так зраблю, адразу памру.” Шчасце гэта было, канечне, вельмі адносным, з вялікай беднасці. Пасля пажару кроў сям’і далі тыя ж Вярэнькі, а другі раз, калі вярнуліся з Лепеля, – пан Сушанскі, маёнтак якога і зараз стаіць у Новым Жыцці.

Яму зайздросцілі, яго любілі
Працаваць Пятрусь Броўка пачаў у 13-гадовым узросце, і гэта не лічачы догляду за хатняй жывёлай. Да 1924 года паспеў змяніць некалькі прафесій – перапісчык, справавод, рахункавод, селькар. У 1923-м яго абралі сакратаром камсамольскай арганізацыі Пуцілкавіч, а ў 1924-м – кіраўніком Маладолецкага сельсавета. Потым быў загадчыкам аддзела камсамола ў Полацку, там жа наведваў вячэрнюю школу, каб запоўніць прабелы ў адукацыі. У 1927-1928 гадах працаваў адказным сакратаром рэдакцыі газеты “Чырвоная Полаччына” і ўступіў у літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”, пазней у Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў. Быў у сяброўскіх адносінах з Янкам Купалам, з-за якіх да яго нават прымацавалася мянушка “ад’ютант Купалы”. Многія проста зайздросцілі літаратурнаму сакратару і сябру класіка. У 1931-м будучы народны паэт скончыў лінгвістычны факультэт БДУ, а падчас вучобы там “захварэў” Маякоўскім. Нават падражаў яму – галіўся пад нуль і насіў шляпы з палямі, паехаў і на яго пахаванне ў Маскву, дзе ледзь не задушылі ў натоўпе.
Раскіданае гняздо
Пасля вайны ніхто з сям’і паэта на малую радзіму не вярнуўся. Ды і вяртацца не было куды – хата зноў згарэла. Сцяпан партызаніў на Маладзечыншчыне, застаўся жывы, Канстанцін загінуў. Валянціна, якая вучылася ў медвучылішчы, а ў час ліхалецця служыла ў медсанбаце, засталася ў Мінску. Сам Пётр Усцінавіч служыў у Чырвонай Арміі – пайшоў добраахвотнікам, толькі з-за дрэннага зроку яго накіравалі не на перадавую: працаваў у франтавым і партызанскім друку, у газеце “За Савецкую Беларусь”, быў адказным сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР, які ўзначаліў у 1948-м.
Вядома і пра гераічны ўчынак Алены Сцяпанаўны ў канцлагеры Асвенцым. Калі аднойчы вязняў зноў пачалі выпрабоўваць на лёс – расстрэльваць кожнага дзясятага з шарэнгі, яна, дзявятая па ліку, памянялася месцамі з падлеткам-дзяўчынкай з Дубінца. Броўка прысвяціў маці паэму “Голас сэрца”, напісаную ў 1960 годзе, а раней, у 47-м, прывёз з лагера зямлю і на месцы былой хаты зрабіў пагорак-магілу. У 1974-м там устанавілі помнік, які ў васьмідзясятыя заменены на сучасную стэлу.
Пётр Усцінавіч часта наведваўся на радзіму, а ў 1960-м адзначыў тут сярод застаўшыхся родных свой юбілей. Ён заўсёды спыняўся ў доме стрыечнай сястры Настассі Пярэдня ў Пуцілкавічах. Дзякуючы ёй удалося адшукаць рэчы сям’і, схаваныя падчас вайны ў балоце. Матчына машынка Зінгер, таксама падораная панам, рушнікі, саматканкі – многія з іх стануць экспанатамі літаратурнага музея Петруся Броўкі ў Мінску і яго філіяла ў Пуцілкавічах. У апошнім з арыгіналаў – і сямейная ікона.
Удалы творчы шлях
Ці пісаў Пётр Усцінавіч ідэалагічныя вершы? Так, менавіта таму многія і прыпісваюць яму ўдалую кар’еру. Ён, без перабольшвання, самы ўшанаваны літаратар – Герой Сацыялістычнай працы, лаўрэат Ленінскай, Сталінскай, Купалаўскай і іншых прэмій. Аднак усе мы ведаем “Пахне чабор”, “Александрыну” – і нават гэтага было б дастаткова. У яго шмат як лірычных, так і патрыятычных, гістарычных паэм. На яго творы складзена шмат песень, яны экранізаваны. Дарэчы, фільм па яго сцэнарыі выйшаў яшчэ ў 1934 годзе: “Белдзяржкіно” зняла карціну “Хто твой сябар” аб выкрыцці раскрадальнікаў сацыялістычнай уласнасці. Ролі ў ёй выканалі зоркі першай велічыні тых гадоў: Мікалай Чаркасаў і Клаўдзія Шульжэнка.
П.Броўка праявіў сябе і як перакладчык – дзякуючы яму на беларускай мове з’явіліся творы Шаўчэнкі, Маякоўскага, Тычыны, Твардоўскага, Байрана. Ці патрэбны Пятру Усцінавічу гучныя імёны суайчыннікаў? Не. Ён па-сапраўднаму таленавіты чалавек, якія зрабіў знакамітым сваё – Пятрусь Броўка.
Вольга КАРАЛЕНКА.