Кожнае лета Віцебск ператвараецца ў цэнтр музыкі, мастацтва і дружбы народаў, сапраўднае свята, якое ўжо 34 гады аб’ядноўвае творчых людзей. У гэтым годзе XXXIV Міжнародны фестываль мастацтваў пройдзе з 8 па 14 ліпеня. Сабралі некаторыя цікавыя факты пра форум.
- За ўсю гісторыю ў “Славянскім базары” прымалі ўдзел прадстаўнікі 5 кантынентаў (толькі жыхары Антарктыды не даехалі да Віцебска). А гэта, між іншым, – больш за 80 краін свету! Сёлета на фестывалі больш за 30 краін-удзельніц. Нігерыя заяўлена ўпершыню.
- 22 ліпеня 1988 года прайшоў першы канцэрт у Летнім амфітэатры. Яго прысвяцілі будаўнікам незвычайнай сцэны. Не злічыць, колькі падзей адбылося на пляцоўцы з таго часу. На сёлетнім «Славянскім базары» Летні амфітэатр прыме 8 буйных мерапрыемстваў.
- Ужо 20 зорак на плошчы лаўрэатаў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення», а сёлета з’явіцца 21-я. Гэтую высокую ўзнагароду заснаваў Кіраўнік дзяржавы ў 2005 годзе. Першай спецыяльнай прэміі быў удастоены народны артыст СССР, кампазітар Андрэй Пятроў. У 2009 годзе побач з летнім амфітэатрам была закладзена плошча лаўрэатаў. Зараз на ёй можна знайсці зоркі Аляксандры Пахмутавай, Ігара Лучанка, Уладзіміра Мулявіна, Міхаіла Фінберга, Алены Спірыдовіч і іншых дзеячаў культуры.
- З 1993 года, каб пазбегнуць праблем з абменам валюты на беларускія рублі, фестываль стаў выпускаць спецвалюту – «васількі». Яны выдаюцца іншагароднім акрэдытаваным удзельнікам. Патраціць іх можна толькі на харчаванне. У 1996 годзе «васількі» набылі ўласцівасці сапраўдных банкнот – атрымалі некалькі ступеняў абароны. Як і беларускія рублі, яны перажылі дзве дэнамінацыі, а пры апошняй нават абзавяліся дробным наміналам: «Васілёк» – рубель, «пялёстак» – капейка.
- Сёлета на фестывалі ўпершыню будзе задзейнічана новая пляцоўка – у шасцітысячным Віцебскім цэнтральным спартыўным комплексе пройдуць чатыры вялікія канцэрты на розную мэтавую аўдыторыю. З вялікай цікавасцю публіка чакае выступленне тут Стаса Міхайлава – яго канцэрт пройдзе 9 ліпеня. Днём раней спарткомплекс прыме зорак “Tik Tok” – зразумела, што гэты пункт праграмы вельмі цікавіць маладую аўдыторыю.
- Журы Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу сёлета ўзначаліць Яўген Алейнік, а маладых выканаўцаў – Таісія Павалій.