Молодёжи в Ушачском районе доверяют сложную работу!

Главное Образование и молодежь

Напрыканцы чэрвеня Аксана Петрачэнка і Раман Гурчонак (на здымку) маюць нагоду адзначыць адразу некалькі знакавых дат: у чацвер разам з іншымі калегамі яны прымалі віншаванні з Днём работнікаў пракуратуры, заўтра ж у нашай краіне будуць ушаноўваць моладзь – і гэта таксама іх свята. Быў нядаўна і яшчэ адзін невялічкі юбілей: прайшоў год, як Раман і Аксана сталі работнікамі пракуратуры Ушацкага раёна. Тэрмін, канечне, не такі значны, аднак яго хапіла, каб зрабіць галоўную выснову: абое не памыліліся з выбарам прафесіі.

Для маладой віцябчанкі пасада памочніка пракурора Ушацкага раёна стала першым працоўным месцам пасля заканчэння Міжнароднага інстытута працоўных і сацыяльных адносін. Каб атрымаць узгадненне, дзяўчына паспяхова здала экзамены ў абласной і Генеральнай пракуратуры – выпрабаванне няпростае, бо патрабуе ведаў па ўсіх відах заканадаўства, а таксама ідэалагічных, палітычных, гістарычных пытаннях. У абавязках Аксаны – нагляд за захаваннем законнасці ў галіне АПК, сацыяльнай сферы, пад яе ўвагай – працоўнае і прыродаахоўнае заканадаўства, прафілактыка карупцыйных злачынстваў і правапарушэнняў, у тым ліку ў сферы дзяржзакупак, і многае іншае.

Даводзіцца маладому спецыялісту ўдзельнічаць і ў судовых пасяджэннях, у прыватнасці, яна падтрымлівала абвінавачванне ў справах, што датычыліся крадзяжоў, складання заведама падложных афіцыйных дакументаў. Канечне, вопыту яшчэ не стае, але ёсць галоўнае: інтарэс, жаданне пранікнуць у сутнасць нюансаў заканадаўства. А яшчэ і актыўнасць у грамадскім жыцці – дзяўчына ахвотна адгукаецца на прапановы паўдзельнічаць у галіновых абласных мерапрыемствах.

Маладыя работнікі пракуратуры Ушацкага раёна забяспечаны арэндным жыллём у гарпасёлку.

Што да яе калегі, то на пасаду намесніка пракурора Раман Гурчонак прыйшоў з сямігадовым багажом працы ў пракуратуры Полацкага раёна, дзе выпускнік ВДУ імя Машэрава займаўся наглядам за захаваннем заканадаўства органамі папярэдняга следства. І калі дагэтуль у яго была досыць вузкая спецыялізацыя, то зараз даводзіцца сачыць за законнасцю судовых рашэнняў па крымінальных і грамадзянскіх справах, правамернасцю дзеянняў органаў, што выконваюць пакаранні, за захаваннем правоў непаўналетніх, займацца шэрагам іншых пытанняў.

Былі ў яго практыцы і сур’ёзныя судовыя справы. Так, адзін з жыхароў раёна, які мінулай восенню вярнуўся з турмы, у сакавіку зноў схапіўся за нож і нанёс іншаму ўшачаніну цяжкія раненні. Суд згадзіўся з прапановай прызнаць яго асабліва небяспечным рэцыдывістам і прызначыў пакаранне – 10 год пазбаўлення волі. Віну той не прызнаў і зараз спрабуе абскардзіць прыгавор.

Будні намесніка пракурора насычаны разнастайнымі справамі. Нядаўна, напрыклад, Раман правёў абследаванне ваенных помнікаў, іх адпаведнасці патрабаванням. Удзельнічаў ён і ў маштабнай рабоце па ўнясенні ў базу па генацыдзе беларускага народа звестак пра забітых і закатаваных жыхароў нашага раёна.

Увогуле трэба сказаць, што наша пракуратура апошнім часам з’яўляецца кузняй маладых кадраў: так, былы памочнік пракурора Ушацкага раёна Вадзім Лісаў, які праявіў сябе граматным і ініцыятыўным спецыялістам, зараз прызначаны на пасаду намесніка пракурора Лёзненскага раёна.

У нашай структуры не баяцца давяраць маладым – і гэта абсалютна правільна!

Наталля АВАДНЁВА, пракурор Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *