Лета – самая актыўная пара асфальтавання. І прыемна, калі тэрміны здачы адпавядаюць запланаванаму графіку, а сёлета ён выконваецца нават з апярэджаннем.
Асфальтны завод філіяла ДРБУ-105 запусцілі яшчэ ў красавіку, і за гэты час новае палатно з’явілася у розных напрамках раёна: з двух бакоў пад’езда да Гуты, за Цётча і па Павуллі. Наогул, менавіта па Вяркудскім сельсавеце сёлета часцей за ўсё працуе тэхніка – зусім нядаўна асфальт з’явіўся і ў Дубраўцы. Больш двух кіламетраў населенага пункта зараз у новым палатне: 1,5 – на дарозе “Дубраўка-Палуазер’е” і 0,6 – “Пад’езд да вёскі Ягадкі”. Прычым, на першай зроблены два розныя віды работ: на большай частцы ўчастка гэта бягучы рамонт існаваўшага цвёрдага палатна, а па другой – перавод з гравіек у асфальта-бетонныя.
А вось назва апошняй дарогі зноў выклікла пытанні, маўляў, абяцалі пакласці да Ягадак, а аказалася – толькі па вуліцах Дубраўкі. Як патлумачыў начальнік філіяла ДРБУ №105 Андрэй Агіевіч, памылкі тут няма, на гэты год і меркавалася пакласці асфальт па дарозе на Ягадкі толькі ў межах Дубраўкі (па выдзеленых сродках). Работы, аднак, яшчэ не завершаны: будзе зроблена адсыпка абочын, устаноўлена штучная няроўнасць. Наконт “ляжачых паліцэйскіх” таксама часта чуюцца скаргі, але іх наяўнасць на ўездзе ў населены пункт – абавязковае патрабаванне.
А тым часам спецыялісты ДРБУ-105 пераехалі на ўчастак дарогі Павулле-Глыбачка, а іх калегі з Шаркаўшчыны прыступілі да асфальтавання вуліцы Кастрычніцкай ва Ушачах. Прыемна ўжо ехаць па роўным палатне, застаўся зусім маленькі ўчастак работы, ну і, зразумела, адсыпка зрэзаных абочын. Аб’ект будзе здадзены ў ліпені.
На жаль, сёлета па райцэнтры невялікія планы па рамонце дарожнага палатна. Мяркуецца перакласці яго на ўчастку па Савецкай, і калі гэта атрымаецца, то асфальтагранулят ляжа па вуліцы Піянерскай. Дзякуючы такому метаду летась адрамантавана дарога па Полацкай, а яшчэ раней – па А.Клопава.
Па Віцебскай вобласці сёлета абновіцца 844 кіламетры дарог: 240 – рэспубліканскага і 604 – мясцовага значэння. Карты-схемы ўчасткаў, на якіх плануецца правядзенне дарожных работ, апублікаваны на сайце Мінтранса.
Ну а на Кастрычніцкай мы сустрэлі аўтамабіліста, які не мог не заўважыць прыемнай перамены. Сяргей Міхаль (на здымку) вельмі часта прыязджае з Наваполацка дамоў – на сядзібу, што ў канцы вуліцы. Раней тут вышэй другой перадачы не ўключаў, а то і першую, калі з’яўлялася сустрэчная машына, а на шляху была выбоіна. Хоць і праводзілі камунальнікі не адзін раз за год ямкавы рамонт, дапамагала гэта на зношаным і вельмі хадавым участку дарогі “Ушачы-Вілейка” ненадоўга. Спадзяёмся, што маразы будуць літасцівымі і новае палатно праслужыць без латання не адзін год.
Вольга КАРАЛЕНКА.