Торжество, посвящённое Дню медицинского работника, прошло в Ушачах

Общество

Мерапрыемства з нагоды Дня медыцынскіх работнікаў кожны год атрымліваецца масавым і цікавым, на яго збіраюцца як сённяшнія работнікі, так і ветэраны. Сёлета – не выключэнне, зала раённага цэнтра культуры ў пятніцу была практычна запоўнена, а са сцэны гучала шмат віншаванняў.

Шэраг медыкаў былі адзначаны граматамі і падзякамі. Хоць, канечне, яшчэ большая колькасць заслугоўвае падобнай пашаны, аднак прыгадаць усіх у матэрыяле немагчыма.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч адзначыла, што медыцыне ў нашай краіне і раёне ўдзяляецца вялікая ўвага. Нядаўна Прэзідэнтам пастаўлена задача па прывядзенні ў належны стан бальніц, у тым ліку ў сельскіх населеных пунктах. Між тым, на Ушаччыне многае робіцца ў гэтым плане: у 2022-м годзе на мадэрнізацыю бальніцы з раённага бюджэту накіравана 959 тысяч рублёў, завершаны рамонт паліклінікі, галоўнага корпуса, нядаўна аднавіў сваю работу Касарскі ФАП.

– Для многіх з вас медыцына – гэта больш, чым работа, гэта лад жыцця. Дзякуй сённяшнім супрацоўнікам за старанні, а ветэранам галіны за вопыт, веды, традыцыі, – падкрэсліла ў сваім віншавальным слове намеснік старшыні райвыканкама А.А.Міранкова.

Віншаванні медыкам адрасавала і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў М.А.Шаўчэнка, а таксама ўручыла прафсаюзнаму лідару ЦРБ М.Г.Харэвіч падарунак. Аб тым, што такая ўвага поўнасцю заслужана, сведчылі апладысменты ў адрас Марыны

Генадзьеўны. Пярвічка райбальніцы нязменна з’яўляецца адной з лепшых у раёне, у калектыве трывалыя прафсаюзныя традыцыі. Да прыкладу, якраз напярэдадні прафесійнага свята медыкі разам з членамі сваіх сямей здзейснілі падарожжа ў Пскоў – цікавую і насычаную паездку арганізаваў прафсаюз.

Афіцыйную частку мерапрыемства прадоўжыў канцэрт, спецыяльна для ўшацкіх медыкаў выступіў тэатр песні “Субацея” Наваполацкага гарадскога цэнтра культуры.

Святочная ж атмасфера адчувалася яшчэ з парога, дзясяткі здымкаў у гэты вечар былі зроблены ў арыгінальнай фотазоне, якую падрыхтавалі для медыкаў культработнікі: сфатаграфавацца ў адмысловай “хуткай дапамозе” можна было як індывідуальна, так і кампаніяй. Нікога не пакідала раўнадушным і роставая фігура ў выглядзе сэрца.

Сваім святам дзень медыцынскага работніка лічаць і супрацоўнікі санаторыя “Лясныя азёры”. Напярэдадні тут таксама віншавалі калектыў Н.М.Марковіч і А.А.Міранкова, шэрагу работнікаў былі ўручаны граматы раённага ўзроўню і “Белпрафсаюзкурорта”. Падзяку за ўзорную работу ўсім членам калектыву выказаў і дырэктар здраўніцы В.М.Грынкевіч. У прафесійнае свята яны максімальна загружаны работай – у летні час санаторый традыцыйна карыстаецца асаблівай папулярнасцю.

Вольга КАМАРКОВА.

На здымках: намеснік галоўнага ўрача райбальніцы Н.Дрозд уручыла В.Рубанік, Н.Стуканавай, Т.Літвін Ганаровыя граматы галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама; начальнік медыцынскай часткі санаторыя У.Міранкоў і В.Грынкевіч; Т.Пузатка; І.Мошкіна і А.Ярмош у фотазоне.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *