У Кублічах у чарговы раз прайшоў злёт праваслаўнай моладзі Ушацкага благачыння. “Ушацкая сябрына” традыцыйна збірае юнакоў і дзяўчат у дзень першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла – на храмавае свята аграгарадка.
І з кожным годам жадаючых усё прыбаўляецца. Не толькі таму, што больш дзяцей прыходзіць у нядзельную школу. Яны ведаюць, што на злёт можна паклікаць і сяброў, а тыя не пашкадуюць. Таму разам з Варварай Сіняковай з Ільюшына ехала яшчэ пяць школьніц. Хоць і сустракаюцца пры праходжанні этапаў задачкі на веданне гісторыі хрысціянства, тым не менш адукацыйная частка так уплецена ў гульнявую праграму, што не стамляе. Наадварот, цікава праходзіць адзін этап і атрымліваць чарговае заданне, а карысныя справы, напрыклад, святочнае ўпрыгожанне храма перад літургіяй, чаргаваць са спартыўнымі эстафетамі і кампота-паўзамі. Тым больш што сцэнарыі святаў ніколі не паўтараюцца і ў сёлетняй сябрыне было нямала разынак.
Упершыню пад кіраўніцтвам актывіста ўшацкага прыхода, майстра спорту па спартыўным арыентаванні Аляксея Алексяёнка сем каманд трэніравалі вокамер і паведамлялі каардынаты ўмоўнага ворага, карысталіся компасам і шукалі свае сакрэтныя пакеты. Былі сярод іх і вершы, якія ўвайшлі ў лейтматыў мерапрыемства ля помніка вызваленцам у цэнтры аграгарадка.
Хрэсны ход, квесты, патрыятычная акцыя “Спадчыннікі Перамогі”, вогнішча і песні пад гітару – разам з дзецьмі на сябрыне абавязкова і благачынны Ушацкага благачыння іерэй Аляксандра Таляронак. Дзень праляцеў імгненна, а вось успаміны застануцца надоўга.
Удзельнікі злёту ўдзячны старшыні Кубліцкага сельвыканкама Марыі Ярмош, супрацоўнікам мясцовага клуба і бібліятэкі Святлане Лабёнак, Таццяне Касцючэнка і Таццяне Коршун за дапамогу ў правядзенні і непасрэдны ўдзел у мерапрыемстве, а таксама свечніцы кубліцкага храма Тамары Кальчэўскай і яе памочніцам за вельмі смачную трапезу.
І практычна без перапынку дружная каманда прыхода Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры адвячоркам 12 ліпеня ўжо ехала далей – на Друю, дзе праходзіў маладзёжны злёт Полацкай епархіі. Дваццаць маладых людзей захапілі частку цікавай трохдзённай праграмы, кульмінацыяй якой стала служба ў храме пад адкрытым небам і вянчанне маладых. Хто ўжо быў хоць аднойчы ў гэтым пасёлку на мяжы з Латвіяй – пакідае яго ў сэрцы, як і сцены царквы, што пакуль што з адкрытай цэглай. Ну а Віялета Коўшаль, Дар’я Клачок, Савелій Суліменка, Аляксандра Тарасюк, Ксенія Лазарава проста шчаслівыя, што іх першы ўдзел у міжраённым праваслаўным злёце выпаў на такую рамантычную праграму. Зоркавы дах храма, служба пры свячах, малочны світанак закрануў, зразумела, і дарослых прадстаўнікоў ушацкай каманды з 35 чалавек. І хоць для многіх з іх “Таямніцы пры граніцы” аказаліся працягам насычанага дня ў Кублічах, расчараваных дакладна не засталося.
Вольга Караленка.