Зарегистрировать брак можно не только в загсе

Калейдоскоп

Замацаваць саюз закаханых сэрцаў можна не толькі ў будынку загса – усё большую папулярнасць набываюць выязныя рэгістрацыі шлюбу. Не абышоў гэты трэнд і маладых з Ушаччыны – нядаўна, напрыклад, Аляксандр Зайцаў і Ганна Кухарэнка (на здымку) афіцыйна сталі мужам і жонкай на аграсядзібе “Ціханяты”.
Пра механізм арганізацыі такіх рэгістрацый расказвае начальнік аддзела загса Ушацкага райвыканкама Аляксандра Яўгенаўна СТУКАЛАВА:

– Для ўзгаднення часу выязной рэгістрацыі жаніху і нявесце трэба звярнуцца ў загс і падаць заяву як мінімум за 3 дні да пажаданай даты (максімальна ж на гэта даецца 3 месяцы). На прыёме нагадваю, што ўрачыстасць павінна праходзіць у межах раёна, раю ўлічваць умовы надвор’я, асаблівасці месца цырымоніі. Дарэчы, прыгаданыя “Ціханяты” галоўнай вясельнай кропкай для ўшачан сталі неўпершыню – выязная рэгістрацыя была там і летась. Не раз выбіралі маладыя санаторый “Лясныя азёры”, пляж на возеры Вечалле.
Варта падкрэсліць, што выязная рэгістрацыя – гэта платная паслуга: яе кошт – 2,6 базавай велічыні. Дадаткова аплачваюць маладыя дзяржаўную пошліну ў памеры 1 базавай, а таксама выдаткі па дастаўцы работніка загса да месца правядзення цырымоніі і назад.

Многія пары цікавяцца магчымасцю ўнясення змен у асноўны тэкст цырымоніі, выбару музычнага суправаджэння. Тут няма строгіх абмежаванняў – індывідуальны сцэнарый заўсёды абмяркоўваем пры заключэнні грамадзянска-прававога дагавору. Канечне, ёсць моманты, якія не можам прапусціць. Напрыклад, мы павінны пераканацца ў згодзе маладых стаць мужам і жонкай, што зацвярджаецца іх подпісамі ў запісе акта аб заключэнні шлюбу, удакладніць, якія прозвішчы жадаюць пакінуць пасля рэгістрацыі.
За дадатковай інфармацыяй звяртайцеся ў аддзел загса Ушацкага райвыканкама, тэлефон 5-17-20.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *