“Усіх узнагароджаных просім заставацца на сцэне”, – такія словы падчас пятнічнай урачыстасці ў раённым цэнтры культуры гучалі не раз. І галоўныя віноўнікі дзейства – праваахоўнікі – пакорліва пазіравалі на камеру. Яны разумеюць, што здымкі – выдатная памяць не толькі для іх саміх, але і наступных пакаленняў. Дарэчы, такія, толькі 20-50-гадовай даўнасці, дэманстраваліся ў гэты дзень з экрана – у 105-гадавіну ўтварэння раённага аддзела ўнутраных спраў на Ушаччыне ўспомнілі ўсіх яго кіраўнікоў, многіх былых і цяперашніх вартавых правапарадку.

Гістарычная даведка: 18 жніўня 1920 года загадам па Віцебскай губернскай рабоча-сялянскай міліцыі Лепельскага павета ўтвораны ўшацкі райаддзел.
Як адзначыў падчас урачыстасці намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Міхайлавіч Ягораў, ушацкі райаддзел заўсёды быў на добрым рахунку. Яго асабісты састаў не раз даказваў сваю рашучасць, высокую грамадзянскую пазіцыю, адказнасць. З гонарам нясе службу і сённяшняе пакаленне праваахоўнікаў, таму з нагоды юбілею многія атрымалі ўзнагароды. Так, нагрудны знак адрознення ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама ўпрыгожыць форменнае адзенне старшага інспектара аператыўна-дзяжурнай службы Дзяніса Міхайлавіча Пчолкі, участковага Алега Алегавіча Гомана і міліцыянера-канваіра Паўла Мікалаевіча Салаўя. Ганаровыя граматы абласнога ўпраўлення ўручаны намесніку начальніка РАУС Аляксандру Іванавічу Лісоўскаму і оперупаўнаважанаму аддзялення крымінальнага вышуку Сяргею Уладзіміравічу Рамашэўскаму, Граматы УУС – начальніку штаба Святлане Іванаўне Ціханёнак і ўчастковаму Аляксею Юр’евічу Барадульку, а Падзяка УУС аб’яўлена інспектару ДПС Сяргею Міхайлавічу Калбасаву і памочніку дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы Аляксею Уладзіміравічу Мялешку. Два супрацоўнікі ўдастоены ўзнагарод раённага значэння, а чарговае спецыяльнае званне прысвоена сяржанту міліцыі Сяргею Фёдаравічу Бондалу, дзяжурнаму ізалятара для часовага знаходжання затрыманых асоб.

Начальнік аддзела Віталь Станіслававіч Карэнскі выказаў цёплыя словы ўдзячнасці ветэранам галіны, а таксама сем’ям былых і сённяшніх супрацоўнікаў, якія разам з імі пераносяць цяжар службы, чакаюць дома. Дарэчы, нямала іх было і на ўзгаданай урачыстасці. Медалі “80 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” атрымалі ў гэты дзень ветэраны ведамства Сяргей Аляксандравіч Алабін і Віктар Уладзіміравіч Гарыслаўка, а спецыяльным медалём “Жонцы афіцэра” ўзнагароджана ўшачанка Алена Архіпаўна Азевіч.
Старонкі гісторыі РАУС, шчырыя віншаванні і падарункі – урачыстасць была шчодрай на святочны настрой і яркія канцэртныя нумары.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
Міхаіл Сабін, ветэран галіны: “У 1980-м, падчас правядзення ў Маскве Алімпійскіх гульняў, я стаў адзіным прадстаўніком аддзела, які ўдзельнічаў у арганізацыі дарожнага руху. Запомніліся і ліхія 90-я, калі працаваў у аддзяленні крымінальнага вышуку. Гэта быў час, калі ў тэхнічным плане РАУС быў слаба аснашчаны: не хапала машын (затое былі матацыклы “Урал”), спецтэхнікі. Аднак спрацоўвалі на станоўчы вынік і раскрывалі цэлыя серыі злачынстваў.
- Калі сітуацыя патрабуе, гэтыя людзі гатовы на ўсё. Яркі прыклад таму – подзвіг начальніка крымінальнага вышуку А.П.Сцяржанава, які загінуў падчас выканання службовага абавязку, а таксама ўдзел сямі ўшацкіх міліцыянераў у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС.
- Калі 17 гадоў таму ўчастковы інспектар Аляксей Барадулька атрымліваў міліцэйскія пагоны, больш за ўсіх радаваўся яго дзед па бацькавай лініі Генадзь Антонавіч. Ветэран праваахоўнага руху, некалі першы намеснік начальніка Ушацкага РАУС заўсёды быў для ўнука прыкладам, а на старце службовай дзейнасці яшчэ і першым дарадцам. Сістэма “настаўніцтва” ў аддзеле існуе і зараз.