Соревнования по волейболу среди женских команд прошли в Ушачах

Общество

Ініцыятыва правядзення спаборніцтваў па жаночым валейболе на гэты раз належала… аматарам гульні. Што і казаць, прывыклі мы ўжо ўвосень і вясной сустрэцца прывычнымі за дзясяткі гадоў камандамі. Прывыклі і чакаем. Таму, калі спаборніцтвы пераносіліся, да начальніка аддзела моладзі райвыканкама Н.І.Гардзіёнак і старшыні фізкультурна-спартыўнага клуба “Ураджай” С.Г.Кіслага – арганізатараў спаборніцтваў, ужо тэлефанавалі.
Што і казаць, хоць магчымасць пакідаць мячык існуе ў кожнага і без аб’яўлення спаборніцтваў, менавіта яны зараджаюць энергіяй, прымушаюць збірацца камандамі ў поўным складзе і запаўняюць спартыўную залу Ушацкай школы напярэдадні турніру пад завязку. У гэтым іх асноўная вартасць. Спаборніцтвы – наш каталізатар. Адны размінаюцца, не гуляўшы сезон ці больш, другія шукаюць мацнейшае плячо ў каманду, трэція… у чарговы раз даказваюць, што калі рабіць гэта сістэмна і па правілах, то перамога вам гарантавана.
Так, каманда ААТ “Ільюшынскі”, у якой выступаюць выхаванцы настаўніцы А.А.Крывапушчанкі з Ільюшынскай школы, адна з нямногіх, дзе ёсць і сістэмныя заняткі, і рост, і вынік. Першае месца яны займаюць ужо не адзін сезон, і ніякія зборныя пакуль не могуць прабіць адладжанай гульні. Тут кожны бярэ, рэжа, падае, дае пасы. А сёлета яшчэ і напужалі патэнцыяльных праціўнікаў, паабяцаўшы выставіць на поле адразу дзве каманды. Пакуль што была адна, аднак падмена на ўсякі выпадак ці замена ў будучым там існуе.
Навічком гэтага сезона аказалася каманда Ушацкай школы. Тут якраз усё наадварот. Камандай сабраліся за некалькі дзён да гульні і ў яе працэсе мянялі расстаноўку, закрываючы слабыя месцы. І вырвалі трэцяе месца. Бо на спаборніцтвы ішлі – каб перамагчы. Байцоўскі дух дапамог, і гэта якраз тое, чаго яўна не хапае камандзе “Ушачаначка”. Самая ўзроставая каманда (маладзейшаму іграку было 32, а самаму старэйшаму – 52) зноў не ў ліку лідараў не толькі з-за ўзроставай стомы, хоць і яна бярэ верх, а перш за ўсё з-за адсутнасці байцоўскага стрыжня.
Затое ён цэментуе яшчэ адну зборную каманду. “Пралеска” хоць і дапаўняла на хаду недастаючых ігракоў, затое меціла толькі на першае. Хто не марыць стаць генералам! І ў выніку заслужана атрымалі срэбра, абыграўшы каманду КУСГП “Кублічы”, “Ушачаначку” (дарэчы, і падчас адной, і другой сустрэчы зыход барацьбы паказвала толькі трэцяя партыя). Як заўсёды цягнула кожны мяч і імкнулася перамагчы і каманда бальніцы. Дзяўчаты — малайцы, дарэчы гэта адна з даўніх каманд, у якой ёсць каму гуляць не толькі ў асноўным складзе. Ну а на гэты раз у форме выступала ўжо пяць каманд.
Мабыць выніковы расклад быў бы і іншы, паколькі далёка не ўсе каманды змаглі памерацца сіламі. На гэты раз з-за вялікай іх колькасці гулялі па падгрупах і пэўную ролю адыграў у выніковым раскладзе жэрабя. Аднак, на тое яны і спаборніцтвы. Не за гарамі і вясновыя, каб не скардзіцца на выпадак, есць час патрэніравацца.
Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *