Легко ли заниматься пчеловодством, узнали, заглянув на праздник мёда в Ушачах

Калейдоскоп

Кожнае тэматычнае мерапрыемства, што праводзяць культработнікі – асаблівае, са сваімі разынкамі. Аднак “Мядовы спас”, які ў каторы раз ладзіўся ў нязменным месцы – скверы па Ленінскай – проста ўнікальнае. Бо ні на адным свяце паралельна не дзейнічае столькі асноўных лакацый, якія не замінаюць адна адной і не перашкаджаюць сцэнарыю, хоць самі яго ўвогуле не маюць. І на кожнай вяліся размовы аб карысці пчалінага дару і аб працаёмкасці яго здабычы. Падслухаўшы іх, мы зрабілі невялікі “зрэз” ушацкага бортніцтва.

В.Жураўлёва з юнымі ўдзельнікамі свята.

“Хобі”, атрыманае ў спадчыну

Прадавалі на свяце духмяную прадукцыю пераважна жанчыны, а вось за ўзнагароджаннем выходзілі гаспадары. Анатоль і Галіна Марковічы, Мікалай і Валянціна Глінскія, Мікалай і Таіса Буракі пацвярджалі неаспрэчную выснову, што пчалярства – справа не столькі цяжкая, колькі нязручная, і аглядаць вуллі лепш удвух. І менавіта таму бортніцтва з’яўлялася сямейным “хобі”, а лавіць раі, распальваць дымар і карыстацца медагонкай умелі ўсе члены сям’і.

Вольга Жураўлёва і Соф’я Гара з Увалокаў – таму пацвярджэнне. З дзяцінства сёстры дапамагалі бацькам, а калі вярнуліся з гарадоў на малую радзіму, не закінулі і не распрадалі вуллі. У іх толькі пяць сямей, і на свяце яны ўпершыню былі не ў якасці гасцей: бойка распрадалі прывезеныя лішкі ліпавага ласунку, які разлівалі ў слоікі прама перад пакупнікамі. Менавіта для сябе, на карысць здароўю трымаюць невялікую пасеку. Як і пераважная большасць ушачан.

Рэкардсмены хатняй гаспадаркі

Сям’я Буракоў (злева).

Зусім іншая справа – пасека Васіля Конана з вялікадолецкага Стараселля, які як старажыл мерапрыемства традыцыйна дзякуе арганізатарам за магчымасць сабрацца разам і абмеркаваць асаблівасці года. Ён даглядае ажно 50 сямей, фасуе мёд у вядзерцы і імкнецца прадаць лішкі оптам і атрымаць пэўны даход. Пчаляроў, якія зрабілі бортніцтва крыніцай папаўнення сямейнай кішэні, у раёне можна пералічыць па пальцах і далучыць да прыгаданага вышэй пчаляра Івана Хамёнка і Анатоля Марковіча. Справа гэта цяжкая і рызыкоўная. І хоць апошнім часам мода на апітэрапію распаўсюдзілася і ля многіх дамоў можна ўбачыць нават новыя вуллі, статыстыка сведчыць пра змяншэнне пчоласямей. Сёлета іх у раёне 600, амаль як і дзесяць гадоў таму, а вось у 2019-м было 841. Хаця лічбы гэта вельмі адносныя. Па-першае, складаюцца на 1 студзеня, калі нельга сказаць, перазімавала сям’я або не. Па другое, тут не ўлічаны дачнікі, якія разам з надзелам абзаводзяцца і домікамі. Тым не менш, менавіта крылатых носьбітаў нектару можна лічыць рэкардсменамі асабістай падсобнай гаспадаркі: колькасць пчоласямей саступае толькі наяўнасці птушкі (11 тысяч галоў) ці адзін вулей прыходзіцца на кожную шостую падсобную гаспадарку, ну а ў ім пражывае мінімум 15 тысяч насякомых.

На навуковай аснове

В.Стукан (справа).

Віктару Стукану пасека таксама перайшла ў спадчыну. Аднак стаўшы пастаянным жыхаром Дарошкавічаў, бацькоўскую навуку ён пастаянна папаўняе ведамі: многа чытае, трымае сувязь з асацыяцыяй пчаляроў Беларусі, нядаўна вярнуўся з гродзенскага фестывалю, зазначыўшы, што ў тым рэгіёне з-за халоднай вясны сёлета сабрана ў пяць разоў менш мёду і нават была пагроза ў неабходнасці цукровай падкормкі пчол.

Усе галоўныя героі свята запэўнівалі, што на Ушаччыне абышліся без гэтага, і іх прадукт цалкам натуральны. Расказвалі пра карысць мёду ў сотах, тлумачылі пакупнікам, з чаго ён сабраны – на свяце-кірмашы ўвесь быў пераважна з разнатраўя ці ліпы і сабраны ўдалечыні ад трас. Асаблівасцю ўшацкіх пчаляроў-прыватнікаў з’яўляецца тое, што іх пасекі размешчаны ў такіх запаветных месцах, як Пяскі, Арцюшкі, дзе навокал дзікая прырода, ці вывозяцца да плантацый рапсу і грэчкі, як гэта робіць Іван Хамёнак.

З разнатраўя … і нават з дзьмухаўца

А многія ўпершыню паспыталі сёлета чорны мёд – з дзьмухаўца. Сабралі яго, праўда, не пчолы, а Юрый Лявонцьеў з жарскай Слабады. Цікавіцца гаючымі ўласцівасцямі траў даўным-даўно яго прымусілі жыццёвыя абставіны. Праверыўшы на сабе прачытаныя рэцэпты, зараз ён па-навуковаму рыхтуе шмат гаючых адвараў і настояў. Зразумела, што на свяце мёду ён стаяў побач з нашым вядомым траўнікам Аляксандрам Крацёнкам, сталы якога прываблівалі хоць засушанымі, але такімі натуральнымі рамонкамі, календулай, васількамі. Апошнія карысталіся асаблівым попытам на выставе сувенірнай прадукцыі Дома рамёстваў. “Саграваць у Маскве зімовымі вечарамі будзе не толькі чай з ушацкім мядком, але і родныя васількі”, – сказала наша ўраджэнка і пастаянная ўдзельніца мядовых святаў Ніна Верхаводка. Мерапрыемства сапраўды атрымалася, а пакідалі яго ўсе не толькі з пчалінымі дарамі, але і травамі, сырамі, хлебам – таварам такіх жа, як і пчаляры, аматараў, што сталі прафесіяналамі.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *