Алла Никитенко: «Благодарна судьбе, которая привела меня на Ушаччину»

Калейдоскоп

Каб зарыентаваць вадзіцеля ў адрасе, калі ехалі да Алы Васільеўны Нікіценкі з Ліпаўца, ні вуліцу, ні нумар дома не называлі – выкарысталі больш зразумелыя арыенціры: адна з “чарнобыльскіх” сядзіб, дзе рамонт вядзецца… Сапраўды, многія ведаюць, што напачатку 90-х на Азёрнай – літаральна двор у двор – пабудаваліся некалькі сямей перасяленцаў. Тое ж, што гаспадыня самай першай пастаянна штосьці ўдасканальвае, яскрава даказвае: Ушаччыну яна ні на што не прамяняе!

З забруджанага – у чысты край

Калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, маладая сям’я Нікіценкаў жыла ў Слаўгарадзе. Толькі пабудаваліся, а тут пра пераезд задумацца давялося – медык па адукацыі, Ала Васільеўна выдатна разумела небяспеку знаходжання ў забруджанай зоне, тым больш што ў іх з мужам падрасталі сын і дачушка. Дарэчы, у пэўным сэнсе дзякуючы ім – Дзянісу і Насці, якім было ўсяго 6 і 5 гадоў, сям’я выбрала менавіта Ушаччыну. Дзяцей дашкольнага ўзросту ў той час актыўна вазілі па санаторыях, далёкіх ад Магілёўшчыны, а тут якраз з’явілася пуцёўка ў “Лясныя азёры”. Малых адправілі з бабуляй – ды так ім у нашым краі спадабалася, што ўсе вушы Але Васільеўне і Мікалаю Пятровічу прагудзелі. Тыя прыехалі, паглядзелі – і адназначна рашылі: лепшага месца шукаць не трэба! Тым больш што час прыспешваў: малодшую дачку хацелі адправіць у школу ўжо на Ушаччыне.

– Гэта зараз Ліпавец – вялізная вёска з некалькімі вуліцамі і каля 250 жыхарамі, а ў 1988-м тут не было практычна нічога, – расказвае Ала Васільеўна. – Будаваліся ў прамым сэнсе гэтага слова на пустэчы. Прычым, ніякіх спецыялістаў не наймалі – муж удала з усім спраўляўся.

Жыццёвыя абставіны, сапраўды, прымусілі яго – чалавека творчага – некаторы час займацца не любімай музыкай, а будаўніцтвам. Пакуль Ала Васільеўна зарабляла грошы на пасадзе медсястры ў стаматалагічных кабінетах паліклінікі Слаўгарада, ён браў дзяцей і ехаў у Ліпавец. Жылі, як зараз цяжка нават уявіць, у палатцы з абагравальнікам, ежу варылі на кастры.

– Часы былі няпростыя, – прыгадвае жанчына. – Нават цэглу без чаргі не набыць – везлі з Мінска. Дарэчы, у кладцы ўдзельнічаў і маленькі Дзяніс – пакуль бацька замешваў пясок з цэментам для “праслойкі”, старанна падносіў цагліначкі.

Наваселле Нікіценкі справілі ў 1991-м. Ну а ў хуткім часе парадаваліся і за радню: побач пасяліліся браты і сястра Мікалая Пятровіча.

Мясціны, што людзей яднаюць

Не ўзнікла праблем на Ушаччыне і з пошукам працы. Ала Васільеўна прыгадвае, як пад’ехалі з мужам да паліклінікі, каб пра наяўныя вакансіі спытаць, а тут такая сустрэча! У наш раён незадоўга да іх гэтак жа са Слаўгарада на пастаяннае месца жыхарства прыехалі Талалуевы – Леакадзія Альгердаўна, якая ўладкавалася ўрачом-тэрапеўтам у цэнтральную райбальніцу, дагэтуль была калегай жанчыны.

– Такіх шчырых зносінаў, як былі ў нашых сямей, яшчэ пашукаць трэба! – упэўнена А.В.Нікіценка. – Жылі, сапраўды, як родныя – у горы і ў радасці ішлі адзін да аднаго падзяліцца. Яўген Уладзіміравіч і месца мне ў радыялагічнай лабараторыі прапанаваў. Потым яшчэ шмат гадоў у санстанцыі поплеч працавалі, ён – галоўным санітарным урачом, а мы з мужам – інструктарам-валеолагам і вадзіцелем.

Бесперапыннае абнаўленне

Не стала ўжо сябра і другой палавіны, выраслі і раз’ехаліся дзеці, аднак у адчай Ала Васільеўна не ўпадае – на пенсіі працягвае працаваць, ды і ў вольны час без справы не сядзіць. Зараз, напрыклад, з вырашчанага на агародзе нарыхтоўкі на зіму гатуе, пасля праведзенага ў доме рамонту тое-сёе дэкаруе, камфортнымі рэчамі аздабляе…

– Вось гэта мы з дачушкай у яблыневым садзе. А тут сын весяліцца, хаця сур’ёзнай справай – заліўкай бетонных слупоў – займаецца, – дэманструючы фотаздымкі на сцяне, з цеплынёй расказвае гаспадыня.

Нашчадкамі яна ганарыцца і заўсёды радуецца, калі прыязджаюць да яе цэлымі сем’ямі. Разам любяць і пра жыццё пагутарыць, і ў садзе на гамаках ды арэлях час правесці, і сур’ёзныя будаўніча-рамонтныя планы намеціць.

Нядаўна на месцы старой драўлянай агароджы з’явілася новая металапрофільная – са стыльнымі слупамі, нібыта з каменьчыкаў, прадуманай брамкай, з навесам, запорамі і схаваным ад непагадзі званком. Акуратны полікарбанатны дах з’явіўся перад уваходам у веранду. Новы тут і парог – праўда, яшчэ трэба яго і дваровыя дарожкі пліткай-чарапашкай выкласці.

– Гэта заслуга Дзяніса, які бярэ на сябе ўсе мужчынскія клопаты, – тлумачыць Ала Васільеўна. – Гэтым ён у бацьку: хоць і зусім іншую спецыяльнасць мае (зараз дырэктар медыцынскага цэнтра, урач агульнай практыкі), з будаўніцтвам на “ты”. Рэдка калі памочнікаў да сябе падпускае – сам усё прадумвае і рэалізуе.

Квецень у двары… і на душы

Даўняя любоў нашай гераіні – кветкі. Крокусы і цюльпаны, флоксы і бягоніі, пятуніі і астры – такая прыгажосць не толькі ля дома, у падвясных кашпо, на падаконніках, але і на… градках. Прыемна, усміхаецца А.В.Нікіценка, выйсці з цяпліцы ці з бульбяных плантацый галаву падняць і шыкоўнай квеценю палюбавацца.

Прыемны водар у двары стаіць з ранняй вясны і да позняй восені. Ужо зімой, калі пачынае займацца расадай, жанчына дасканала прадумвае размяшчэнне кветак – каб на кожнай кропцы ўвесь час штосьці радавала. Любімых руж у яе – 13 кустоў, вяргінь і півоняў – па 4 гатункі, лілій – яшчэ больш, а гладыёлусаў некалькі гадоў таму ўвогуле пад 100 штук налічыла. Нядаўна набыла ружовую гартэнзію – расліну не танную, аднак яна парадавала: багата цвіце ўжо два месяцы.

– Удзячна лёсу, які прывёў мяне на Ушаччыну, – кажа Ала Васільеўна. – І людзі, і мясціны тут – сапраўды ўнікальныя. Сярод такіх хочацца жыць, марыць і ўпэўнена ісці наперад.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *