В школах Ушаччины прозвенел первый звонок!

Главное Общество

Багацце букетаў, цёплыя абдымкі, усмешкі аднакласнікаў… Свята першага званка – заўсёды асаблівае. Яно не толькі азначае пачатак восені і навучальнага года, адкрываючы новую старонку ў жыцці дзяцей, бацькоў, педагогаў, але і напоўнена чаканнямі, спадзяваннямі.

Святочная лінейка ва Ушацкай школе.

Самай масавай была ў панядзелак святочная лінейка ва Ушацкай СШ. Што цікава, праходзіла яна не на цэнтральнай плошчы, як звычайна, і нават не ў будынку навучальнай установы – усіх запрасілі на прыгожую і зручную пляцоўку суседняй школы мастацтваў. А пачалася імпрэза з традыцыйнага шэсця першакласнікаў і іх настаўнікаў.

“Сённяшняй раніцай Ягор вельмі хваляваўся: ці добра выглядае касцюм, як адчувае сябе загадзя падрыхтаваны букет, – прызналася ўшачанка Дар’я Мілая. – Але цяпер на сына прыемна глянуць: усім усміхаецца, на камеру пазіруе, ды і характар свайго класнага кіраўніка Людмілы Аляксандраўны Бабаедавай ужо ацаніў”. Дарэчы, акрамя прыгаданага педагога першакласнікаў, якіх сёлета ва Ушачах 60, па краіне ведаў павядуць Наталля Віктараўна Лісічонак і Святлана Міхайлаўна Ільюшэнка.

Поспехаў на шляху да ведаў ушацкім вучням пажадалі дырэктар установы А.У.Ворса, намеснік старшыні райвыканкама Д.П.Цімафееў і іншыя госці.

Ж.Крамін, С.Садоўскі.

Кранальнасці мерапрыемству надало выступленне самых маленькіх яго ўдзельнікаў: нясмела беручы ў рукі мікрафон, хлопчыкі і дзяўчынкі дзяліліся “грандыёзнымі” планамі на бліжэйшыя 11 гадоў. Тыя ж, для каго першы званок прагучаў у апошні раз, падтрымалі іх творча і падарункамі. Адкладваць апошнія малыя не сталі – адразу ўзяліся за вывучэнне каляровых кніжачак.

Першакласніца Маша Шарына ў гэты дзень зусім не хвалявалася: у школе настаўнікамі працуюць мама і тата, а ў дзявяты клас перайшоў старэйшы брат Жэня. А вось Дзіма Кухарэнка быў па-даросламу сур’ёзным: яго чакала вельмі адказная місія – разам з адзінаццацікласніцай Насцяй Клачок даць першы званок. “Гонар проста перапаўняе! Як прызёр абласной алімпіяды дачка сёння яшчэ і ў цырымоніі ўзняцця дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь удзельнічала!”, – прызналася маці будучай выпускніцы Наталля Леанідаўна.

Па даўняй традыцыі завяршылася лінейка ўскладаннем кветак да помніка загінуўшым воінам і партызанам у скверы гарпасёлка.

На лінейцы ў Ільюшыне.

А вось у Ільюшыне ўрачыстасць з нагоды Дня ведаў праходзіла на традыцыйным месцы – ля школьнага ганку. Але былі і адметнасці: раздзяліць з вяскоўцамі важны момант прыехаў кіраўнік раёна Сяргей Сяргеевіч Садоўскі. У сваёй цёплай прамове ён пажадаў вучням плённых і цікавых школьных будняў, бацькам – цярплівасці, а настаўнікам выказаў падзяку за шчырую адданасць нялёгкай справе. Старшыня райвыканкама выканаў таксама прыемную місію: перадаў дырэктару ўстановы Жанне Анатольеўне Крамін форму для ўдзельнікаў ваенна-патрыятычнага атрада “Сокал”. Школа з гонарам носіць імя Героя Савецкага Саюза Ф.Ф.Дуброўскага і, канечне, тут робяць асаблівы акцэнт на выхаванне дастойных грамадзян краіны. Хлопцы і дзяўчаты з атрада даглядаюць мемарыяльныя месцы, вядуць пошукавую работу, асвойваюць навыкі страявой і агнявой падрыхтоўкі. Цяпер жа юных патрыётаў будуць вылучаць не толькі берэты і гальштукі, а і адмысловая вопратка.

Дзень ведаў у Вялікадолецкай школе.

З падарункамі прыйшла на ўрачыстасць і старшыня Жарскага сельвыканкама С.Ц.Міхейка – уручыла кніжкі самым маленькім удзельнікам лінейкі.
У час імпрэзы падумалася, што для гэтай школы падыходзіць эпітэт “сямейная”. Напрыклад, вядучымі на свяце былі дзве прыгажуні Валерыя і Уладзіслава Урбан, а іх старэйшая сястра зараз набывае прафесію педагога. Адразу траіх сваіх дзетак прывялі ў школу жыхары Гарадца Юлія і Мікалай Нічыпары. “Гэта яшчэ не мяжа: у наступным годзе ў нас і чацвёрты вучань падрасце – малодшы Сярожа ў першы клас пойдзе!” – не хавалі яны добрага настрою. Канечне, сабраць на заняткі адразу столькі школьнікаў няпроста. Мнагадзетныя бацькі прыгадалі, як нядаўна ў краме лавілі на сабе здзіўленыя позіркі пакупнікоў, калі набылі адразу 11 пар абутку…

Гэткі ж статус усяго месяц таму з нараджэннем дачушкі Амеліі атрымалі Вольга і Дзмітрый Калітухі. Каб суправадзіць на лінейку школьніц Паліну і Соню, малышку давялося пакінуць з бабуляй, а мужчына, які на трактары абслугоўвае статкі мясцовай гаспадаркі, нават з работы адпрасіўся. Упершыню прысутнічала на падобнай імпрэзе былая навапалачанка Марыя Бывальцава, якая зусім нядаўна пераехала ў Вашкова і ўладкавалася масажыстам у санаторый. Яе дачушка Мілана аказалася адной з пяці сёлетніх першакласнікаў і ў час вершаванага прывітання рассмяшыла прысутных прызнаннем, што першым днём у Ільюшынскай школе яна ў цэлым задаволена. Калі ж яе аднакласніца Насця Ланцунцэвіч і будучы выпускнік Арцём Карабань далі сімвалічны званок, навічкі разам са сваёй настаўніцай Аленай Уладзіміраўнай Філіпчык ганарліва пакрочылі ў клас…

Ускладанне кветак да помніка ва Ушачах.

Прыгожа праходзіла свята першага званка і ў іншых школах. Так, у Глыбачанскую, у якой сёлета за парты селі 49 хлопчыкаў і дзяўчынак, са словамі ўдзячнасці за годную падрыхтоўку да новага навучальнага (па гэтым паказчыку ўстанова стала лепшай у раёне) завітаў намеснік старшыні райвыканкама
Г.М.Ягораў. Усе цёпла віталі маладога спецыяліста Арцёма Багаева, які будзе выкладаць гісторыю і грамадазнаўства, траіх адзінаццацікласніц, ну і, канечне, першакласнікаў, якіх у школе чацвёра.

Крыху больш – пяць – з гэтага года будуць авалодваць навукамі ў Вялікадолецкай СШ. Падарункі ім падчас урачыстасці ўручылі старэйшыя школьнікі, а таксама старшыня мясцовага сельвыканкама А.Л.Сыс.

Хоць і няма сёлета адзінаццацікласнікаў у Арэхаўне, ад традыцыі маштабна святкаваць 1 верасня тут адступаць не сталі. Гэтага чакалі не толькі першакласнікі, але і вучні 10 няпрофільнага класа – мясцовыя і з ліку былых навучэнцаў Ушацкай і Ільюшынскай школ.

Новы навучальны год на Ушаччыне, як і ва ўсіх беларускіх навучальных установах, стартаваў урокам з важнай тэмай “Эстафета пакаленняў: захоўваючы мінулае, ствараем будучае”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ. Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *