Думаецца, што ў гардэробе кожнай ушачанкі ёсць некалькі любімых рэчаў айчыннай вытворчасці. Пры гэтым многія нашы зямлячкі набываюць такія абноўкі ў прыватнай краме “Прэстыж”, што знаходзіцца ў цэнтры гарпасёлка. Мы завіталі ў гандлёвую кропку і папрасілі яе гаспадыню Святлану Свяжынскую расказаць, чаму на працягу доўгіх год магазін захоўвае вернасць беларускім брэндам.
– Усё проста: яны стыльныя і якасныя! – канстатуе прадпрымальніца. – За гэты час супрацоўнічала з шэрагам нашых прадпрыемстваў: прывозіла самыя розныя мадэлі, вывучала запыт ушачанак. У цяперашні час, напрыклад, у асартыменце прадстаўлены сукенкі, касцюмы, блузкі гродзенскіх кампаній “Маніка-мода”, “Нэл-мода”, а пакупніцы, якія прымяраюць штаны фірмы “Топ-стыль”, нярэдка ідуць дамоў прама ў абноўцы – у іх настолькі ўдалыя фасон і тканіна, што рэч не хочацца здымаць. Дарэчы, беларускія мадэлі ахвотна набываюць расіяне, якія прыязджаюць у госці да ўшачан, адпачываюць у санаторыі.
– У апошнія гады маркетплэйсы кшталту Ozon, Wildberries прапануюць вялізны асартымент. Ці магчыма вытрымаць такую канкурэнцыю? – пытаемся ў Святланы Васільеўны.
– Так! Калі граматна выкарыстоўваць свае казыры: асабісты кантакт, індывідуальны падыход да кожнага пакупніка. Апроч таго ў невялічкіх мясцовых крамах мы ладзім стасункі з наведвальнікамі на аснове ўзаемнага даверу: мае кліенткі могуць узяць адзенне дамоў, прымерыць у зручнай абстаноўцы, параіцца з роднымі. Пакупнікі павінны мець выбар і самі вырашаць, які сэрвіс ім падыходзіць, – лічыць наша суразмоўца.
Гутарыла
Наталля БАГДАНОВІЧ.

