Ушацкі магазін “ПраЗапас” зноў сустракае пакупнікоў. Учора днём на адкрыццё аб’екта, які цяпер працуе пад патранатам Полацкай гарадской нарыхтоўчай канторы, сабралася нямала ўшачан.
“З такім кандытарскім аддзелам трэба дыету адмяняць, – выбіраючы на ўваходзе ў гандлёвую залу румяныя кексы, трубачкі ды пірожныя, усміхалася маладая жанчына. – Што зручна, многае можна купіць на развес”. Ва ўзгаданы ж дзень тут праходзіла яшчэ і дэгустацыя – наведвальнікаў частавалі духмянымі пернікамі, сухарыкамі з разынкамі, ліманадамі ўшацкай вытворчасці. Усё гэта, вядома, ды яшчэ ў большай колькасці, ёсць і на паліцах магазіна. Нямала ў продажы – свежай садавіны і агародніны, мясных і каўбасных вырабаў, малочкі. Асаблівым попытам у пакупнікоў карысталіся цукеркі і марожанае, парадаваў выбар замарожанай рыбы, паўфабрыкатаў. “Многія ўжо “паклалі вока” на гатовыя чабурэкі з маразільнай камеры, – падзялілася прадавец Юлія Рамашэўская. – У бліжэйшы час плануем яшчэ мікрахвалёўку паставіць – будзе магчымасць на месцы ўсё разагрэць. А яшчэ, калі будзе попыт, тавараў прамысловай групы пабольшае (пакуль што ёсць першай неабходнасці) – месца ж хапае”.
“Сёння на адкрыццё “ПраЗапаса” ўсёй сям’ёй прыйшлі, – набываючы ласункі для сына і дачушкі, падзялілася з намі Ірына Каранеўская. – Зручнае размяшчэнне, прыветныя дзяўчаты-прадаўцы ды тавару столькі! Думаю, заходзіць сюды буду пастаянна”. Працаваць жа гандлёвая кропка будзе без абеда і выхадных – з 8.00 да 19.00.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

