В Ушачах почтили память воинов-интернационалистов

Общество

15 лютага – Дзень памяці воінаў, якія выконвалі службовы абавязак за межамі Айчыны. Савецкія хлопцы неафіцыйна прымалі ўдзел не ў адным лакальным канфлікце – у Анголе, Йемене, Лівіі, іншых краінах. Але найбольшая колькасць ваяваўшых сыноў неваяваўшых бацькоў прайшла праз Афганістан, які асколкам болю застаўся ў сэрцах іх родных, сяброў. Многія з воінаў-афганцаў, склаўшы галовы ўдалечыні ад Радзімы, навек засталіся маладымі, і памяць аб іх нясуць сябры па зброі, якім пашчасціла ўцалець. Нямала іх пакінула плынь хуткацечнага жыцця ўжо пасля вяртання да мірных будняў, але гэта толькі прымушае тых, хто застаўся, яшчэ больш цесна трымацца адзін аднаго.

Твар Аляксандра Казьяніна свяціўся радасцю ад сустрэчы з сябрамі. Мужчына, які яшчэ ў мінулым годзе абавязкова прыняў бы ўдзел у мерапрыемствах да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, сёлета не змог гэтага зрабіць, бо цяжкая хвароба часова вырвала яго з і так нешматлікіх радоў ветэранаў. Але не зламала: калі члены раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” на чале з яе старшынёй Анатолем Рудкоўскім завіталі да А.Казьяніна, на парозе кватэры ён сустракаў іх стомленым не з-за сімптомаў хваробы, а ад комплексу спецыяльных фізічных практыкаванняў, якімі ўпарта займаецца для рэабілітацыі. “Пастараюся ў наступны раз абавязкова быць з вамі!” – словы яшчэ нялёгка даюцца Аляксандру, але красамоўней за іх гаварылі моцныя мужчынскія поціскі рук і абдымкі. “Малайцы, што не забываеце, яму зараз патрэбна падтрымка!” – шчыра дзякавала таварышам мужа Таццяна Казьяніна.

Сустрэча стала завяршаючай у гэты дзень, які выдаўся сонечным і цёплым, з подыхам вясны. “Грэе сонейка!” – у задуменні паглядаў у яснае неба Мікалай Саўчанка, калі разам з іншымі накіроўваўся да месцаў пахавання воінаў-інтэрнацыяналістаў. А думкамі ў каторы раз быў там, “за рэчкай” – сцерці з памяці падзеі тых дзён не могуць ні гады, ні адлегласць:

– На Новы год было плюс трыццаць, вельмі хацелася акунуцца. А вада ў арыках халодная, з талых горных ледавікоў. Ускочыш у яе на некалькі імгненняў – і адразу назад. Такі кантраст…

Часу, каб прывыкнуць да яго, у хлопцаў не было. За кароткі тэрмін яны станавіліся мужчынамі. І хоць многія ўспаміны нярадасныя, але, напрыклад, Уладзімір Андрыковіч, нягледзячы на два раненні, лічыць баявыя афганскія гады лепшымі ў сваёй біяграфіі. “Гэта адчуванне жыцця на поўную моц, магчымасць спазнаць, хто сапраўдны чалавек, а хто – не, таварышы, якіх рэдка сустрэнеш у звычайным жыцці”. Яскрава памятае армейскія дні і ночы і Васіль Бяльковіч, які працуе на Ушаччыне амаль усё жыццё, даўно стаў сваім і нямногія ведаюць, што нарадзіўся Васіль Фаміч у суседнім Докшыцкім раёне:

– Аднойчы праводзілі аперацыю зусім недалёка ад мяжы з Савецкім Саюзам, у лічаных кіламетрах. У хвіліны цішыні з нашага боку яўна былі чуваць савецкія шлягеры “Міль­ён пунсовых руж” Алы Пугачовай і “Пад дахам дому твайго” Юрыя Антонава, – так хацелася пад гэты дах! А яшчэ – ладны кавалак беларускага сала з зялёнай цыбуляй…

Не пунсовыя ружы, а чырвоныя гваз­дзікі клаліся ў гэты дзень на бялюткі снег у Двор Пліне і Афераўшчыне, Заазер’і і Ушачах, Ляснеўшчыне і Вялікіх Дольцах, іншых могілках, дзе пахаваны ўдзельнікі афганскай вайны. Большасць з іх пайшлі з жыцця ўжо пасля яе як па стане здароўя, так і з-за няшчасных выпадкаў. Зусім свежы помнік – на магіле Уладзіміра Клопава, і няма яго яшчэ на могілках у Мажуйках, дзе “хлопчыкаў” чакала Ганна Тарасаўна Ключонак. Тут побач з Мікалаем Ключонкам нядаўна пахавалі і “дзядзьку Мішу” – менавіта так большасць воінаў-афганцаў называла яго бацьку, Міхаіла Макаравіча. Наогул, з бацькамі, а зараз ужо толькі матулямі загінуўшых падчас баявых дзеянняў землякоў, у іх таварышаў склаліся роднасныя адносіны. Схілілі галовы і ўшанавалі хвілінай маўчання воіны-інтэрнацыяналісты і памяць Міхаіла Хрыпача, Аляксандра Клачка, якія таксама загінулі ў Афганістане.

“Добры дзень, сынок!” – у каторы раз размаўляла з помнікам маці апошняга, Валянціна Аляксандраўна Клачок у чаканні яго таварышаў, “Ну вось і мы, брат!” – казалі падчас ускладання вянка яны. Згаджаешся з У.Андрыковічам, які ў сваім выступленні на мітынгу ў райцэнтры справядліва зазначыў, што 15 лютага яднае ветэранаў, сяброў і родных салдат, якія назаўжды засталіся вернымі воінскай прысязе – пакуль жыве памяць у нашых сэрцах, жывуць і гэтыя людзі. Пры правядзенні ўрачыстасці намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Вітальевіч Галяковіч нагадаў, што баявыя дзеянні ў Афганістане сталі самымі жорсткімі пасля Вялікай Айчыннай вайны, што для нас, сучаснікаў, гэта гісторыя, якую павінен ведаць кожны. “Мы памятаем жудасны ўрок, таму ў нашай краіне робіцца ўсё дзеля захавання міру”, – адзначыў у сваёй прамове прадстаўнік моладзі, супрацоўнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Віталь Карэйша. Па заканчэнні мерапрыемства вянкі і кветкі ад раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў, раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, працоўных калектываў раёна ляглі да памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам.

У гэты дзень бацькоў загінуўшых наведалі і прадстаўнікі ўлады. Г.Т.Ключонак і В.А.Клачок разам са словамі спачування і ўдзячнасці за сыноў атрымалі матэрыяльную дапамогу райвыканкама. Не стрымала слёз у Рыбаках і Марыя Станіславаўна Сідаровіч, калі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Святлана Пятроўна Васілеўская ўручыла ёй падарунак ад “Белай Русі” – раённая арганізацыя гэтага грамадскага аб’яднання такім чынам выказала павагу і да іншых бацькоў, чые дзеці загінулі падчас праходжання тэрміновай воінскай службы ў мірны час.

Прозвішчы воінаў-інтэрнацыяналістаў носяць вуліцы гарадоў і пасёлкаў, вайсковых часцей, у памяць аб іх устаноўлены абеліскі і мемарыялы. 28 гадоў мінула з таго моманту, як савецкія салдаты пакінулі Афганістан. Для гісторыі – імгненне, для ветэранаў той вайны – большая частка жыцця, сівізна на галаве і боль у душы аб маладых хлопцах, якія па-сапраўднаму так і не паспелі зведаць жыцця, кахання, стваральнай працы. Таму тыя, хто выжыў, заўсёды будуць помніць пра тых, каго не стала.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *