В Ушачском районе обсудили развитие лечебно-оздоровительного туризма

Общество

Развіццё турыстычнай сферы – адзін з прыярытэтных напрамкаў сацыяльна-эканамічнай палітыкі нашай краіны. Пры гэтым стаіць задача па павелічэнні ўдзельнай вагі турпаслуг ва ўнутраным валавым прадукце: калі ў развітых краінах яна дасягае 30-40 працэнтаў, то ў Беларусі лічба пакуль што адназначная. У сваю чаргу, уклад сістэмы санаторна-курортнага лячэння ў агульны паказчык экспарту турыстычных паслуг складае каля 40 працэнтаў. Відавочна, што неабходна яшчэ больш актыўна выкарыстоўваць патэнцыял гэтага напрамку – і менавіта такая задача стаіць перад рабочай групай па развіцці лячэбна-аздараўленчага турызму Міжведамаснага савета па турызме пры Савеце Міністраў. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі здраўніц рознай формы ўласнасці, што працуюць у прыгаданай сферы. У аўторак члены групы прыехалі ў наш раён, каб на базе санаторыя “Лясныя азёры” правесці круглы стол – абмеркаваць перспектывы лячэбна-аздараўленчага турызму ў цэлым і яго асобныя аспекты.

У Беларусі каля 100 здраўніц. Чаму менавіта ўшацкі санаторый быў абраны для выязнога мерапрыемства? Гэтае пытанне мы не маглі не задаць дырэктару Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзю Мікалаевічу Балбатоўскаму. “Мы прыехалі сёння ва ўстанову, якая ў апошнія гады знаходзіца ў ліку лепшых па дынаміцы паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы. Толькі сёлета ў яе развіццё ўкладзена каля двух мільёнаў рублёў. Зрэшты, аб’ектыўная ацэнка санаторыю была дадзена падчас нядаўняй дзяржаўнай атэстацыі: пры адсутнасці пэўных нюансаў ён мог прэтэндаваць на прысваенне вышэйшай катэгорыі. Але я не сумняваюся, што пасля наступнай атэстацыі “Лясныя азёры” зоймуць заслужанае месца сярод самых лепшых здраўніц”.

Да слова, зараз такую катэгорыю маюць толькі 15 санаторыяў у краіне – сярод іх у асноўным славутыя і буйныя – “Прыдняпроўскі”, “Радон”, “Баравое”. Далучыцца да такой эліты нашай невялікай і не надта раскручанай здраўніцы было б вельмі ганарова. А што для гэтага ёсць усе перадумовы – удзельнікі мерапрыемства ўбачылі на свае вочы падчас экскурсіі. Зрэшты, не толькі ўбачылі, а і паспыталі: прадэгуставалі гаючую ваду, для чаго нават крыху пастаялі ў чарзе, бо ля крыніцы напаўнялі ёмістасці некалькі адпачываючых. Яны, у сваю чаргу, атрымалі экспрэс-кансультацыю ад Генадзя Мікалаевіча (кандыдата медыцынскіх навук) наконт рэжыму ўжывання вады.

Тэма працягнулася і падчас наведання лячэбнага корпусу, дзе гідам для гасцей стаў намеснік дырэктара санаторыя па медыцынскай частцы Уладзімір Уладзіміравіч Міранкоў. Члены групы пацікавіліся, ці выкарыстоўваецца ў працэдурах “мінералка” з мясцовых крыніц. Напэўна, усе памятаюць каларытнага вадавоза з кінастужкі “Волга-Волга”, які сцвярджаў, што без вады – ні туды і ні сюды, – дык вось, такая рэліктавая спецыяльнасць захавалася і ў нашай здраўніцы: каб кліенты маглі атрымліваць унікальную працэдуру, неабходныя аб’ёмы дастаўляюцца ў аддзяленне водалячэння, а між іншым, толькі на адну ванну патрэбна каля 150 літраў.

З цікаўнасцю аглядзелі госці нумары карпусоў і новыя катэджы, якія ўжо сталі візітоўкай здраўніцы. Членаў групы цікавілі ўсе нюансы – у прыватнасці, чым ацяпляюцца домікі. Як патлумачыў дырэктар санаторыя В.М.Грынкевіч, тут больш выгадна выкарыстоўваць мясцовыя віды паліва. А на пытанне, наколькі хутка акупляецца будаўніцтва катэджа – Віктар Мікалаевіч зазначыў, што чысты прыбытак можна атрымліваць ужо праз 2-2,5 гады.

Усяго ў беларускіх здраўніцах аздаравіцца за год каля 1200 тысяч чалавек, з іх 125 тысяч – іншаземных грамадзян (пазалеташні рэкорд складаў 1340 і 240 тысяч адпаведна). Пры гэтым колькасць адпачыўшых беларусаў у параўнанні з мінулым годам павялічылася на 60 працэнтаў.

А гэтай восенню ў санаторыі з’явіўся і яшчэ адзін важкі аргумент на шляху да вышэйшай катэгорыі: месяц таму распачаў сваю работу SPA-комплекс. “Мы ў “Лясных азёрах” не ў першы раз, але цяпер, калі тут з’явіўся басейн, будзем прыязджаць з яшчэ большай ахвотай!” – прама з вады далі нам першае інтэрв’ю задаволеныя адпачываючыя. Будынак водалячэбніцы пачынаў узводзіцца некалькі год таму, але не быў завершаны. Як вядома, ушацкая здраўніца ўваходзіць у сістэму СКУП “Белпрафсаюзкурорт”, дзе вядзецца планамерная работа па развіцці аб’ектаў структуры – яе плёнам і стала пераўтварэнне даўгабуда ў цудоўны комплекс. “Шчыра кажучы, разлічвалі зэканоміць, аднак у працэсе праектавання і будаўніцтва высветлілася, што абнаўляць трэба не толькі сцены, а і фундамент. Так што выдаткі атрымаліся амаль такія, як і пры ўзвядзенні з нуля”, – патлумачыў генеральны дырэктар “Белпрафсаюзкурорта” Мікалай Валер’евіч Мацюкевіч. Паколькі габарыты і кампаноўка будынка былі захаваны, чаша басейна мае памер 12х8 метраў і глыбіню 1,5. Зрэшты, для невялікага санаторыя гэтых параметраў дастаткова, а дадатковую нагрузку на мышцы можна атрымаць дзякуючы процітокам, вадаспадам і гейзерам. Таксама да паслуг адпачываючых – турэцкая лазня (хамам), фінская саўна, гідрамасажныя ванны і масажны кабінет. Падрабязней пра SPA-комплекс і магчымасці яго выкарыстання ў тым ліку ўшачанамі мы плануем расказаць асобна, таму пакуль агучым толькі першыя ўласныя ўражанні: тут вельмі прыгожа і ўтульна – на ўзроўні!

Шмат станоўчых водгукаў атрымаў дырэктар “Лясных азёр” і ў час зносін з калегамі непасрэдна за круглым сталом. Удзельнікі рабочай групы задавалі яму і пытанні. Іх, у прыватнасці, цікавіла, як вырашаецца актуальная для многіх здраўніц праблема з забяспечанасцю персаналам. Як патлумачыў Віктар Мікалаевіч, пэўныя кадравыя вакансіі маюцца, аднак у цэлым сітуацыя стабільная. Найперш таму, што няма вастрыні ў пытанні з жыллём: у санаторыя ёсць дом на пяць сем’яў, дзе чатыры гады таму зроблены добры рамонт, па ўзгадненні з райвыканкамам для спецыялістаў здраўніцы вылучана таксама кватэра ў шматпавярховым доме ў Вашкове. Пры жаданні новае жыллё магчыма пабудаваць ва Ушачах, ну а для тых, хто яго ўжо мае, арганізаваны падвоз транспартам санаторыя.

На пасяджэнні былі агучаны пэўныя вынікі дзейнасці за год. Так, у сістэме “Белпрафсаюзкурорт” сярэдняя загрузка санаторыяў складзе каля 65 працэнтаў. Гэта менш, чым у дакавідным 2019, але больш, чым летась. Лічба ў “Лясных азёрах” будзе яшчэ вышэй – 80 працэнтаў: вось і на момант правядзення круглага стала тут з 215 месцаў было занята 193. Па зразумелых прычынах іншаземцаў сярод адпачываючых стала крыху менш, затое аздаравілася больш беларусаў, членаў прафсаюза, для якіх прадугледжаны адчувальныя скідкі. Гэтая тэма, дарэчы, асабліва цікавіла старшыню раённага аб’яднання прафсаюзаў М.А.Шаўчэнку, якая таксама далучылася да мерапрыемства.

На цяперашні момант у “Лясных азёрах” прышчэплены ад каранавіруса 78 працэнтаў членаў працоўнага калектыву.

Ну і, канечне, не маглі прысутныя абысці ўвагай актуальную тэму супрацьэпідэмічных мер – яны для здраўніц асаблівыя, а ў верасні былі актуалізаваны. Іх эфектыўнасць Г.М.Балбатоўскі праілюстраваў лічбай: за 9 месяцаў бягучага года ў здраўніцах краіны зафіксавана толькі 50 выпадкаў захворвання на каранавірус (усе – завозныя), іх удалося лакалізаваць і папярэдзіць успышкі захваральнасці. Вакцынацыю прайшлі 82 працэнты медперсаналу і 71 – работнікаў. А таму ёсць усе падставы сцвярджаць, што нашы санаторыі – адны з самых бяспечных месцаў па каранавірусе.

Абмеркавалі члены групы і тое, як ідзе падрыхтоўка да зімовых святаў. Работа ж вядзецца маштабная: толькі па сістэме “Белпрафсаюзкурорт” на ўпрыгожанне здраўніц вылучана каля 78 тысяч рублёў. Што датычыцца “Лясных азёр”, дык тут ужо цалкам адчуваецца навагодняя атмасфера: радуе вока ілюмінацыя, упрыгожаны памяшканні, створаны яркія фотазоны. У святочныя дні тут будзе аншлаг ­– усе месцы ўжо забраніраваны, прадумваецца праграма навагодняга банкета. З добрым настроем сустрэнуць свята і супрацоўнікі здраўніцы – ёсць нагода парадавацца дастойным вынікам года, а потым з новымі сіламі працягнуць работу па развіцці самага старажытнага санаторыя Беларусі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.




Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *