Благоустройство — общими стараниями. Необычный объект появился в парке агрогородка Глыбочка

Общество

У мінулую пятніцу парк аграгарадка Глыбачка ўпрыгожыла арыгінальная дэкаратыўная кампазіцыя – альпійская горка, у цэнтры якой устаноўлена садовая скульптура. Ідэю добраўпарадкаваць такім чынам грамадскае месца прыдумалі работнікі Глыбачанскага лясніцтва і мясцовага сельвыканкама, а ўвасобіць яе ў жыццё дапамагло Ушацкае раённае аддзяленне Беларускай партыі “Белая Русь”, якое вылучыла сродкі для набыцця фігуры.

“Паколькі край у нас лясны, адразу вырашылі, што гэта будзе жывёла – абіралі паміж зубрам, лосем, казуляй, але спыніліся на казачнай залатой анцілопе. Хоць і не водзіцца яна ў наваколлі, але будзе своеасаблівым сімвалам дабрабыту, якога мы шчыра зычым руплівым глыбачанцам”, – зазначыў ляснічы Іван Шугалей.

Раённае аддзяленне “Белай Русі” апошнім часам нярэдка ўзгадваецца на газетных старонках – партыйцы даюць для гэтага нагоду. “У радах нашай партыі нямала глыбачанцаў, якія працуюць у сельвыканкаме, лясніцтве, школе. Хочацца, каб аграгарадок з такімі слаўнымі традыцыямі быў яшчэ больш прыгожым, – вось і вырашылі гэтаму паспрыяць”, – патлумачыла старшыня аддзялення Таццяна Глінская.

“Як бачыце, пустыр, што ўтварыўся ў цэнтры Глыбачкі пасля знясення старых будынкаў, паступова ператвараецца ў зону адпачынку. Зелянее кляновая Алея памяці, закладзеная на раённых “Дажынках”, растуць маладыя ліпкі, а гэтая кампазіцыя стане цэнтрам парка, месцам, дзе можна сабрацца, пагутарыць – для гэтага мы зрабілі чатыры лавачкі, – з задавальненнем кажа старшыня сельвыканкама Віктар Шаршнёў. – Да слова, у савецкія часы быў складзены генеральны план развіцця і забудовы вёскі, які, між іншым, атрымаў “бронзавы” медаль на Усесаюзнай выставе дасягненняў народнай гаспадаркі. Паводле яго, якраз у гэтым месцы павінны былі разбіць парк. Потым, праўда, план перайначылі, і вось праз паўстагоддзя нашымі агульнымі намаганнямі гэты яго пункт увасабляецца ў жыццё”.

Для ўладкавання дэкаратыўнага аб’екта вяскоўцы арганізавалі суботнік. Лесаводы, сельвыканкамаўцы, культработнікі, група партыйцаў, якая спецыяльна прыехала з Ушач, школьнікі і настаўнікі пафарбавалі агароджу, вырабленую на ўроках працы, высадзілі кусты і кветкі.

Хочацца спадзявацца што месца адпачынку, якое з’явілася ў населеным пункце ў Год добраўпарадкавання, будзе радаваць вяскоўцаў і служыць сімвалам сумеснай стваральнай працы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *