Зжатая палоска збажыны, а побач – залатое поле. У лінейку стаяць упрыгожаныя шарамі камбайны, а перад імі не менш прыбраныя механізатары ў фірменных майках і кепках. Жанчыны з сярпамі, дзяўчаты з караваямі, хлеб-соль, вяночкі і букеты. Вы здагадаліся? Канечне, гэта раённыя “Зажынкі”, якія на гэты раз праходзілі на хлебных нівах “Ільюшынскага”.
На Беларусі існуе цудоўны звычай – прынесці наўскрай поля каравай, спечаны з былога ўраджаю, – як падзяку Богу, даніну зямлі і ўшанаванне гаспадарам. Імі на свяце лічыліся кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў і, канечне, старшыня райвыканкама С.С.Шамовіч. Менавіта Сяргею Сцяпанавічу было дадзена першае слова: “Усё залежыць ад вас – ад каманды, трэба згуртавацца і сабраць ураджай без страт і ў агратэхнічныя тэрміны, а для гэтага трэба працаваць, не шкадуючы сіл і часу. Моцнага вам здароўя, спагады, міру і, канечне, добрага надвор’я”.
лебароба залежыць харчовая бяспека краіны і аб той падтрымцы, якая штогод аказваецца аграрыям. Сёлета гаспадаркі атрымалі з бюджэту 12 адзінак тэхнікі, яшчэ чатыры прыбудуць. Сярод іх і новы камбайн “Палессе” КЗС-1218, ключы ад якога С.Шамовіч уручыў намесніку дырэктара ДП “Сафійскія дары” Аляксандру Гарбаценку. А Юрый Юркевіч, які першым стаяў у яркай майцы з лагатыпам прадпрыемства, ужо паспеў абкатаць падарунак.
Праўда, сваім у сельгаспрадпрыемстве работнік камунгаса становіцца толькі ў цёплы час. Ён, як і Валерый Башун і Артур Ігнатовіч – шэфы. Чаму новую тэхніку даверылі сезоннаму работніку, а не, напрыклад, свайму штатнаму Артуру Карабаню. Найперш таму, што за маладым супрацоўнікам “замацаваны” імпартны “Нью-Холанд”, які, дарэчы, у чацвер адрамантавалі і ўчора ён таксама выйшаў у поле. Па-другое, Юрый Віктаравіч – хлебароб па зямным прыцягненні і ўнутраным прызванні. Бездакорны прафесіянал ужо больш двух дзясяткаў сезонаў застаецца верным жніву, незалежна ад асноўнага месца работы. Ды і КЗС-1218 ведае выдатна – працаваў на ім у родным Селішчы яшчэ ў 2014 годзе.
Тым часам культработнікі пад абрадавыя песні жнуць першы сімвалічны сноп. Колькі разоў рабіла гэта Галіна Рудзёнак ці Ірыны Клачок. Сярпы ў іх руках – не бутафорскія, хоць прыгожы ладны сноп, скажам па сакрэце, прыгатаваны загадзя для эканоміі часу. “Зажынкі” праводзяцца аператыўна – атрыбуты жніва ўручаюцца старшыні райвыканкама і кіраўнікам гаспадарак, мінулагодні перадавік Васіль Алексяёнак павязвае ручнік прадстаўніку “Ільюшынскага” Аляксандру Хараку, айцец Вячаслаў акрапляе хлопцаў і камбайны святой вадой, гучыць лаканічнае пажаданне “У добры шлях”, і не паспелі раз’ехацца госці, а хлопцы ўжо працуюць, пераапрануўшы святочную форму на паўсядзённую.
Дарэчы, да “За-жынак” праверылі палеткі азімага ячменю хоць і не поўным саставам, аднак прадстаўнікі літаральна ўсіх гаспадарак. Дваццаць тон намалаціў Валерый Башун, ну а Васіль Алексяёнак пажартаваў: “Ды мы ўжо практычна ўсё ўбралі”. Яго ў чарговы раз угаварылі прыняць камбайн, хоць колькі гадоў таму гэты механізатар-аксакал казаў, што пяройдзе на больш лёгкую работу. У механізатараў гаспадарак такой, канечне, не бывае ўвогуле, тым не менш кожны схіляе галаву перад тымі, каму зноў выпала ўбіраць збажыну.
Добры настрой быў у гэты дзень і ў камбайнераў, якія загадзя ведалі, што акажуцца за штурваламі, як у Юрыя Стрыжонка таксама з “Вялікадолецкага”, так і ў Станіслава Малахава, які на баль “Зажынак” трапіў з карабля ДЭУ-37. “Замяніў бацьку, якому вельмі далёка было б дабірацца з Глыбачкі ў “Ільюшынскі”, а ён перасеў на маю машыну”, – тлумачыў малады чалавек, які першым у раёне працаваў на імпартным “Нью-Холандзе”. Вельмі ўмоўным аказваецца дзяленне механізатараў на сваіх і сезонных. Вось і прадстаўнік Дэпартамента аховы Дзмітрый Хадасевіч хоць толькі мінулае лета правёў у “Вялікадолецкім”, на роўных абмяркоўваў хвалюючыя тэмы з аксакаламі. Практычна ўсе добра ведаюць адзін аднаго, хоць “перасякаюцца” хіба што на такіх мерапрыемствах. Шчыра абдымаліся, сустрэўшыся, а калі на першым крузе неабкатанае “Палессе” перастала выкідваць салому, кінуліся аказваць дапамогу. Гэта каманда – пра якую і гаварыў кіраўнік раёна.
Ну а права першым адкрыць уборачную кампанію выпала, канечне, Аляксандру Хараку – яшчэ аднаму прадстаўніку сілавых структур. Вадзіцель аддзела па надзвычайных сітуацыях таксама па ўласным жаданні трэці год прыходзіць на дапамогу аграрыям. Да позняга вечара серады ён і ўсе ўдзельнікі “Зажынак” заставаліся на палетках. Вялікадальчане ўбралі весніцкае поле, “сафійцы” – ячмень ля Строктаў і пераехалі ў Двор Пліна, чыстым аказалася і зажыначнае ля Жар.
Вольга Караленка.



