Покупайте качественный товар. Ушачский районный центр гигиены и эпидемиологии провел внеплановую оперативную проверку торговых объектов в период новогодних праздников

Общество

Практычна штодня мы накіроўваемся ў магазіны, на рынкі за пакупкамі, а ў час святочных навагодніх і калядных дзён “затарваемся” намнога актыўней. У спешцы часта не правяраем тэрмін годнасці тавару, верым, што ён якасны і свежы. Згодна Пастановы №74 ад 14 снежня 2015 года галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Рэспублікі Беларусь спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі якраз у перыяд навагодніх свят з 14 снежня па 11 студзеня правялі пазапланавую тэматычную аператыўную праверку па пытанні  выканання гандлёвымі аб’ектамі і аб’ектамі грамадскага харчавання патрабаванняў санітарна­эпідэміялагічнага заканадаўства пры абароце харчовай сыравіны і прадуктаў. Паколькі праверка была пазапланавай і аператыўнай, то і аб’екты праверкі не ведалі, што трапяць у поле зроку правяраючых, адпаведна і загадзя падрыхтавацца не маглі. Забягаючы наперад, скажу, што без парушэнняў не абышлося.

Што нам прапануюць у магазінах

Большасць ушачан, як вядома, купляюць прадукты ў асноўных цэнтральных магазінах гарпасёлка – гэта зручна ды і асартымент тавараў большы, чым у маленькіх. Самыя наведваемыя магазіны, якія ўваходзяць у структуру АСП “Харчгандаль”, мы і праверылі разам са спецыялістамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі якраз напярэдадні Каляд. Так, у “Цэнтральным” у продажы мелася 10 упаковак па 230 грамаў пячоначнага паштэту, тэрмін годнасці якога сышоў за два дні да праверкі. Першым чыслом новага года скончыўся і тэрмін прыдатнасці аліўкавага маянэзу, але 22 пачкі тут усё ж прапаноўвалася пакупнікам. У складскім памяшканні ў халадзільных камерах прадукты захоўваліся на падлозе без паддонаў, што з’яўляецца парушэннем санітарных норм і правілаў. Па-­ранейшаму тут не праведзены і рамонт бытавога памяшкання.

У “Мясной лаўцы”, якая так палюбілася ўшачанам, у каўбасным аддзеле, пэўна, ужо доўга чакалі свайго пакупніка і страцілі таварны выгляд больш за 2 кілаграмы курыных сардэлек. Даведацца аб іх тэрміне годнасці нават і не ўдалося, бо ніякага маркіровачнага ярлыка для іх не было. І калі ўсе астатнія тавары не выклікалі ніякіх пытанняў, то ў складскіх памяшканнях магазіна яны ўзніклі. Напрыклад, у маразільных камерах захоўвалася замарожанае мяса запакаванае і ў незапакаваным выглядзе, памяшканні не абазначаны таблічкамі з указаннем назначэння, захоўванне чыстых пасудзін ажыццяўлялася ў непадыходзячых для гэтага месцах, пачэснае месца тут займала і калода для рассякання мяса, але яе выгляд ніяк не ўваходзіў у рамкі санітарных патрабаванняў.

У магазіне “Родны кут” сярод бу­тэлек свежага ёгуртнага прадукту прадавалася і адна з ужо сышоўшым у снежні тэрмінам годнасці. Замарожанае мяса на складзе ў маразільнай камеры захоўвалася ў кардонных каробках. А ў бытавым памяшканні магазіна недастаткова шафаў, і па гэтай прычыне асабістае адзенне работнікаў захоўваецца разам са спецадзеннем. Такое ж парушэнне было выяўлена і ў магазіне “На Віцебскай”. Тут жа рэалізоўвалася тры ўпакоўкі пячэння ўшацкай вытворчасці з нечытабельнай маркіроўкай, а значыць пакупнікі не мелі магчымасці даведацца аб яго прыдатнасці і якасці. Таксама меліся ў продажы апельсіны і перац з яўнымі прыкметамі псавання, а пры захоўванні мяса для запякання не вытрымліваўся тэмпературны рэжым.

Як на раёне

Не засталіся па­за ўвагай у час аператыўнай праверкі і гандлёвыя аб’екты райспажыўтаварыства, што знаходзяцца на раёне. Самым распаўсюджаным парушэннем у іх стала рэалізацыя прадуктаў з сышоўшым тэрмінам годнасці. Напрыклад, у Ляснеўшчыне такіх прадуктаў набраўся цэлы спіс: тры кілаграмы замарожанага курынага фаршу, амаль 1,5 кілаграма клёцак “Беларускіх традыцыйных”, 1 кілаграм паўфабрыката “Набор для булёну”, столькі ж “Сельскага” фаршу, 2 сыркі і 6 вафельных батончыкаў – на ўсё гэта тэрмін годнасці сышоў у снежні, а на 6 пачак сметанковага лепельскага масла – яшчэ ў кастрычніку. Пералік парушэнняў дапоўніла і захоўванне яек разам з малочнымі прадуктамі. У Царкавішчы пакупнікам таксама прапаноўвалі ўжо непрыдатныя да ўжывання тавары – курыны фарш, дэсерт “Арыгінальны”, ліверную каўбасу, марскую капусту і вафельныя батончыкі.

А вось у магазіне ў Градзянцы сышоў тэрмін годнасці несезоннага прадукту – марожанага колькасцю больш за 40 пачак. У “Паўднёвым” вёскі Ваўчо “нягоднымі” былі амаль тры кілаграмы свініны і адзін кілаграм курынага фаршу, а на “свежасць” некаторых цытрусавых указвалі прыкметы псавання. У “Родным куце” аграгарадка Арэхаўна ў калідоры склада свайго часу ў адкрытым выглядзе і без ахалоджвання чакалі кандытарскія вырабы з крэмам. Гэты від тавару быў атрыманы для бара, які адкрываецца толькі ўвечары.

Грамадскае харчаванне

Сярод правераных аб’ектаў грамадскага харчавання непрыдатных прадуктаў не выявілася, але мелі месца некаторыя іншыя парушэнні санітарных норм і правіл. Напрыклад, у сарочынскім “Спадарожніку” казырок рампы не абараняе харчовыя прадукты ў момант разгрузкі ад атмасферных ападкаў. У “Піражковай” у гарпасёлку неабходны рамонт падлогі і сцен у гандлёвай зале і складскім памяшканні. На момант праверкі ў кафетэрыі “Усмешка” пірожныя захоўваліся пры тэмпературы + 16, у памяшканнях не праводзілася ўборка, а ў бармена не было пройдзена гігіенічнае абучэнне.

Як у прыватнікаў

Заварныя і тварожныя пірожныя, разнастайныя пячэнне і цукеркі так і вабяць пакупнікоў на рынку. Аднак іх якасць і паходжанне часцей за ўсё не пацвярджаецца ніякімі дакументамі, а значыць і гарантыі, што яны бяспечныя – няма. Напрыклад, у праверанага за два дні да Новага года (якраз у час бойкага гандлю) індывідуальнага прадпрымальніка Качан не было дакументаў, пацвярджаючых якасць і бяспеку, на два віды пірожных, вафельны сегмент, пернікі, арахіс, курагу, кедр, фундук, а таксама на 28 кілаграмаў селядца. Такая ж сітуацыя праз тыдзень назіралася ў індывідуальнага прадпрымальніка Цвяцінскай. Трэба адзначыць, што пераважная большасць тавараў у прадпрымальнікаў на рынку мае замежныя дакументы, аднак згодна пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 жніўня 2015 года №666 яны павінны прайсці санітарна-­гігіенічную экспертызу ў нашай краіне. Прадпрымальнікі ж сцвярджаюць, што гэтага не ведаюць, і ўпарта прадаўжаюць прапаноўваць нам тавары без экспертызы.

– Яшчэ адным грубым парушэннем у прыватнікаў з’яўляецца тэмпературны рэжым і таварнае суседства. На вуліцы марознае надвор’е і тыя ж пірожныя, кетчупы і алей не ахалоджаныя, а замарожаныя,  – гаворыць  памочнік урача-­гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Н.М.Мароз, паказваючы на прадукты ў ралетах на рынку. – Побач з кандытарскімі вырабамі ляжаць селядзец і фрукты. Такая карціна ў дзяржаўным магазіне, пэўна б, у пакупніка выклікала абурэнне, а вось гэты факт на рынку чамусьці ўспрымаецца нармальна. За гэтыя парушэнні прыватнікі плацяць штрафы і… працягваюць прадаваць тавары сумніўнай якасці і, як кажуць, грузіць усё ў адну кучу.

У якасці станоўчага прыкладу для параўнання нельга не адзначыць прыватнае прадпрыемства “Славянушка” (індывідуальны прадпрымальнік Л.Алабіна), дзе маюцца ўсе неабходныя дакументы, пацвярджаючыя якасць тавараў, як беларускіх, так і завезеных з­за межаў краіны. У час іншых праверак тут практычна не выяўляюцца парушэнні.

* * *

Па выніках праверкі пратэрмінаваная прадукцыя была знята з продажу, а ўсе парушальнікі будуць прыцягнуты да адказнасці. Пакупнікам жа напрыканцы хочацца нагадаць, каб заўсёды звярталі ўвагу на тэрмін годнасці і якасць тавару, які купляюць, – тым больш што зараз гандлёвыя кропкі прапануюць самы шырокі асартымент прадуктаў.

Вольга КАМАРКОВА.

на здымках: замарожаны алей на рынку; пратэрмінаваны тавар у «Цэнтральным»; пірожныя без дакументаў у «Цэнтральным».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *