На працягу многіх гадоў Ушацкі раён газазабеспячэння філіяла ВУ “Полацкгаз” трымае высокую планку ва ўсіх напрамках сваёй дзейнасці. Напярэдадні прафесійнага свята мы папрасілі начальніка прадпрыемства Юрыя Андрэевіча Галкоўскага расказаць пра работу ўшацкіх газавікоў.
– Наша асноўная задача – бесперабойна забяспечваць землякоў “блакітным палівам”, і над яе выкананнем зладжана працуе ўвесь калектыў. На варце спакою карыстальнікаў газу стаіць аварыйна-дыспетчарская служба, вялікая нагрузка кладзецца на экіпажы развозкі балонаў, сістэмна арганізуюць працу майстры, праяўляюць прафесіяналізм слесары, вадзіцелі і іншыя работнікі.

На абслугоўванні прадпрыемства немалая газавая гаспадарка: апроч газаразмеркавальных і шафавых рэгулятарных пунктаў гэта 2773 кватэры, газіфікаваныя прыродным газам, і 3179 – звадкаваным. За прайшоўшы перыяд бягучага года рэалізавана каля 2,7 тысячы метраў кубічных прыроднага газа, адпушчана насельніцтву больш 5000 стандартных і 400 малалітражных балонаў звадкаванага. Забяспечваем эксплуатацыю 104 кіламетраў газавых сетак. Абслугоўваем каля 7500 адзінак бытавога газавага абсталявання, з пачатку года заменена 130 пліт і катлоў.
Усе ведаюць, што наша вытворчая тэрыторыя – узорны аб’ект па добраўпарадкаванні. Стараемся трымаць марку, штогод удасканальваем яе выгляд. І вельмі прыемна, што карпатлівая работа не застаецца незаўважанай: сведчаннем таму – ганаровае другое месца ў сёлетнім абласным аглядзе-конкурсе сярод структурных падраздзяленняў “Віцебскаблгаза”.

Усе дасягненні – плён стараннай працы нашых работнікаў, кожны з якіх заслугоўвае добрых слоў. І мы ганарымся калегамі, якія былі адзначаны з нагоды сёлетняга свята. УП “Віцебскаблгаз” прысвоіла званне “Ганаровы ветэран прадпрыемства” вадзіцелю аўтамабіля Андрэю Васільевічу Мялешку, Ганаровай граматай ВУ “Полацкгаз” адзначана кладаўшчык Святлана Васільеўна Дрозд, Падзякамі філіяла – вадзіцель Раман Вадзімавіч Салавей і прыёмшчык заказаў Аксана Уладзіміраўна Сабіна, а прозвішча слесара па абслугоўванні і рамонце вонкавых газаправодаў Сяргея Анатольевіча Шчэкачыхіна занесена на Дошку гонару ВУ “Полацкгаз”.
Лічу, што мне пашчасціла ўзначальваць дастойны калектыў, якому па плячы самыя складаныя задачы, і шчыра віншую ўсіх калег з прафесійным святам!
Наталля БАГДАНОВІЧ.