Душа коллектива: история Светланы Дрозд

Актуально К профессиональному празднику

Напэўна, у кожнай арганізацыі ёсць чалавек, якому калегі прысвойваюць званне “душа калектыву”. А яно, між іншым, не менш значнае, чым афіцыйныя дыпломы і граматы. Зрэшты, і апошніх у работніцы Ушацкага раёна газазабеспячэння Святланы Васільеўны Дрозд нямала – першую Падзяку яна атрымала, адпрацаваўшы ў райгазе ўсяго год (унікальны выпадак!), а гэтымі днямі скарбонку ўзнагарод уладальніцы звання “Ганаровы ветэран прадпрыемства” папоўніла грамата філіяла. Усе гэтыя знакі прызнання – цалкам заслужаныя, бо цяжка пераацаніць яе ўклад у развіццё роднай арганізацыі.

Цікава, што на работу ў гэтую службу яе прывяла… газавая пліта. У сярэдзіне 90-х Святлана выкладала матэматыку ў Селішчанскай школе, у якую, дарэчы, дабіралася з Ушач на веласіпедзе. Яны з мужам пабудавалі дом на новай вуліцы Мамкіна, і жанчына зайшла ў райгаз, каб набыць на кухню “Гефест”. А спадарожна пацікавілася ў тагачаснага дырэктара У.М.Малаткаўца, ці няма на прадпрыемстве вакансій. Іх не было, але ў хуткім часе там з’явіўся першы камп’ютар – Уладзімір Мікалаевіч прыгадаў пра маладую настаўніцу і сам прыйшоў да яе дамоў.
Такім чынам Святлана Васільеўна стала першапраходцам у камп’ютарызацыі райгаза. “Прыехаў з Лепеля праграміст, паказаў, на якія кнопачкі націскаць, я ўсё старанна запісала – а потым і сама стала дзяўчат вучыць, як пераносіць у электронную базу папяровую картатэку: у нас тады больш 8 тысяч абанентаў было, у дзень па 240 балонаў развозілі”, – прыгадвае работніца. Шмат год яна працавала прыёмшчыкам заказаў, і на гэтай пасадзе былі вельмі дарэчы яе тактоўнасць, ураўнаважанасць, добразычлівасць. Працаваць з людзьмі падабалася, хоць кліенты розныя бываюць, іншыя і абразяць ні за што. Сціплая і ўражлівая, Святлана спачатку ў такіх сітуацыях моцна, да слёз перажывала, і вельмі важнай была падтрымка калег.

З цеплынёй яна ўзгадвае Ніну Васільеўну Зарубу, Галіну Віктараўну Канаваленка, Галіну Пятроўну Лёля, іншых работнікаў, у якіх многаму навучылася.

Тым часам у “Віцебскаблгазе” пачалі асаблівую ўвагу надаваць добраўпарадкаванню вытворчых тэрыторый. Курыраваць гэту справу на ўшацкім прадпрыемстве даручылі кладаўшчыку Алене Фёдараўне Шарыпа, а 8 год таму, калі тая пайшла на заслужаны адпачынак, і пасаду, і “зялёную гаспадарку” перадалі Святлане Васільеўне: усім было вядома, што яна – апантаны кветкавод і мае выдатны дызайнерскі густ. Дастаткова сказаць, што яны з мужам Мікалаем Сяргеевічам ужо двойчы атрымлівалі званне лаўрэатаў у раённым конкурсе самых прыгожых сядзіб.

Наш райгаз у гэтым спаборніцтве ўвогуле амаль нікому не саступае першынство ў заліку лепшай тэрыторыі, неаднойчы ўваходзіў і ў лік прызёраў абласнога галіновага агляду.

Ля прадпрыемства пастаянна спыняюцца людзі і машыны, каб палюбавацца прыгажосцю, зрабіць здымкі. 8 гатункаў петуній, бягоніі, колеусы, бальзаміны, аксаміткі, пеларгоніі, цэнерарыі… Нават пералік усіх кветак можа стаміць, а колькі працы яны патрабуюць! Пастаянны паліў, штотыднёвая падкормка, іншы догляд. Працаваць трэба фактычна круглы год: 20 жніўня ў цяпліцы ўжо высадзілі віёлы, якія будуць радаваць вока наступнай вясной, а ў студзені пачнецца “эпапея” з петуніямі… “Мне і ноччу, бывае, кветкі сняцца. Перажываю, як захінуць іх ад ветру і дажджу”, – прызнаецца жанчына. І з удзячнасцю расказвае пра сваіх памагатых – а імі з’яўляецца абсалютна ўвесь калектыў: “Бывае, і пабурчаць хлопцы, калі прымушаю іх увасобіць у жыццё чарговую мудрагелістую клумбу – накшталт вось гэтай, з каменным каркасам. Але ж па-добраму, бо і самім потым прыемна кампліменты ад усіх чуць”.
Варта сказаць, што райгаз стаў родным прадпрыемствам і для яшчэ двух прадстаўнікоў сям’і Дрозд: вельмі цэняць у калектыве сына гераіні аповеду Аляксандра, які ўжо 17 год шчыруе слесарам аварыйна-аднаўленчых работ, а яе нявестка Юлія плённа працуе на прыёме заказаў. Многія ведаюць і паважаюць і другога сына жанчыны – Дзмітрыя Дразда, які зараз узначальвае цэнтр падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў райсельгасхарча. А колькі радасці прыносяць тры ўнучкі! Такім чынам, Святлана Васільеўна можа ганарыцца літаральна ўсімі справамі і дасягненнямі свайго жыцця.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *