Апошнія гектары дажыналіся гэтымі днямі на ўшацкіх палетках.
І калі нашых аграрыяў за нялёгкую працу мы будзем ушаноўваць крыху пазней, то чашніцкім механізатарам, якія на працягу больш чым паўмесяца дапамагалі ўбіраць ураджай гаспадаркам Ушаччыны, дзякавалі і ўрачыста праводзілі дадому на пачатку гэтага тыдня.
У Чашніцкім раёне ўборка сёлета ішла крыху хутчэй, а таму на фінішы жніва гэты рэгіён змог падставіць плячо ўшацкім аграрыям, накіраваўшы да нас чатыры экіпажы камбайнаў з ААТ “Вядрэнскае-Агра”, “Праземле-Агра”, “Палац працы-Агра” і КУСГП “Кашчынскае”.

– З разуменнем аднесліся да патрэбы адправіцца ў камандзіроўку на Ушаччыну. Канечне, на родных землях лепей, але жніво – справа стратэгічная. Стараліся працаваць з поўнай аддачай, ды і з надвор’ем пашанцавала – цёплыя дзянькі дазволілі хутка ўбраць зерне, – зазначылі браты Іван і Анатоль Авакумавы.
– Свой трыццаты жніўны сезон завяршаю на Ушаччыне. У роднай гаспадарцы пераключуся ўжо на іншыя справы, як кажуць, увосень – работ восем. Ну а адпачываць зімой будзем, – кажа вопытны хлебароб Міхаіл Сопелеў.
Працавалі ж чашніцкія памочнікі спачатку на палетках “Ільюшынскага”, а затым і ў “Сафійскіх дарах” і “Глыбачанах”. “Нам дапамога аказалася вельмі дарэчы: нагрузка на камбайн немалая, узмоцненай камандай хутка завяршылі жніво і ўдзялілі ўвагу не менш важнай кампаніі – сяўбе азімых”, – падкрэсліў выконваючы абавязкі кіраўніка “Ільюшынскага” Мікіта Завадскі.
Перш чым адправіцца дадому, механізатары затрымаліся на полі непадалёк ад Усвіцы.
Падзяку камбайнерам за работу выказала першы намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Юлія Ладнова, а таксама кіраўнікі гаспадарак, у якіх працавалі механізатары. Аб рабоце ў нашым раёне ім будуць нагадваць Лісты падзякі райкама прафсаюза работнікаў АПК, а таксама каштоўныя падарункі.
Вольга КАМАРКОВА.