У краіне зафіксаваны першыя выпадкі атручванняў грыбамі. Памятайце, што на ўсе дары лесу – бяспечныя!
Збірайце толькі вядомыя грыбы, адмоўцеся ад умоўна ядомых – у нашых шыротах гэта некаторыя віды сыраежак, чарнушкі, ваўнянкі. Ніколі не спрабуйце сырыя грыбы на смак. Перарослыя, старыя не бярыце: іх назапашваюцца атрутныя рэчывы.
Сабраныя грыбы не рэкамендуецца захоўваць больш за 2-3 гадзіны. Калі ж не атрымліваецца адразу іх апрацаваць, нямытымі раскладзіце ў адзін рад на плоскую паверхню і пастаўце ў халаднаватае месца, якое добра праветрываецца. Можна змясціць у посудзе невялікімі кучкамі і паставіць у халадзільнік. Так яны застаюцца бяспечнымі не больш за суткі, затым пачынаецца працэс інтэнсіўнага псавання.
Салёныя грыбы спажывайце не раней чым праз 40-50 дзён пасля засолу. За гэты час яны страчваюць горыч. Небяспечна захоўваць такую страву ў алюмініевым і ацынкаваным посудзе.
З асцярожнасцю трэба есці грыбы тым, хто мае захворванні печані, кішэчніка, а таксама цяжарным. Дзецям да 14 гадоў увогуле трэба адмовіцца ад грыбоў: у маладым арганізме адсутнічае фермент, які расшчапляе бялок гэтых дароў лесу.
Не забывайцеся, што яны могуць быць крыніцай батулізму. Гэта цяжкае бактэрыяльнае атручванне, пры якім таксіны пранікаюць у органы, паражаюць клеткі мышцаў, нервовай сістэмы, крывяносных сасудаў, галаўнога мозгу. Адзіны спосаб знішчэння спораў – стэрылізацыя кансерваў пры 120 градусах не менш 30-40 хвілін. Старанна прамывайце грыбы, уважліва іх сартуйце, разлічвайце дазіроўку солі (10 працэнтаў) і воцату (2 працэнты). Аптымальная тэмпература для захоўвання кансерваў дамашняга прыгатавання – 8 градусаў.
Прыкметы недамагання з’яўляюцца праз некалькі гадзін пасля ўжывання ўсіх відаў атрутных ці няправільна апрацаваных грыбоў. Сярод іх – рэзкая слабасць, дыярэя, галаўны боль, галавакружэнне. Калі вы на дачы, у вёсцы, а ўрач далёка, прыміце вялікую колькасць актываванага вугалю, выпіце як мага больш вады, што дазволіць прадухіліць абязводжванне, і тэрмінова выклікайце “хуткую”.
Ала НІКІЦЕНКА, інструктар-валеолаг Ушацкага РЦГЭ.

